Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: Бяз моўнага ўчынку нам ня быць народам


Ці здольныя на моўны ўчынак — валявы акт дзеля мовы — першы прэзыдэнт Беларусі, першы нобэлеўскі ляўрэат і ўласна беларускі народ? Госьцем перадачы — аўтар кнігі «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам».

— Вінцук, віншую вас з выхадам кнігі, якая нагадвае мне своеасаблівы чысьцец для мовы, дзе беларускія словы пазбаўляюцца неўласьцівых ім формаў. Як бы вы вызначылі ступень засьмечанасьці беларускага моўнага поля чужацкім пустазельлем? Ці льга тут абысьціся адной праполкай?

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

— Дзякуй за віншаваньне і за такое нечаканае параўнаньне маёй кнігі з чыстцом. Папраўдзе, я абсалютна не прэтэндую на гэта і імкнуўся наогул унікаць катэгарычнасьці. Ніхто ня даў мне права нечага катэгарычна вымагаць ад носьбітаў беларускага слова. Я імкнуўся дзе толькі магчыма аргумэнтаваць сваю пазыцыю, падмацоўваць яе нашай традыцыяй, прыкладамі з клясыкаў, меркаваньнямі незаслужана забытых, а вельмі часта расстраляных мовазнаўцаў. Вось у гэтым факце, што цэлая галерэя расстраляных мовазнаўцаў павінна сёньня ўпрыгожваць кабінэты філялёгіі нашых унівэрсытэтаў, і караніцца праблема чысьціні нашай мовы.

Увогуле, азначэньне мова чыстая ці нячыстая, у нашай лінгвістыцы дыскутабэльнае. Прыкладам, ангельская мова мае два карані: яна германскага паходжаньня, але страшэнна насычаная раманскімі каранямі, яшчэ нейкімі, і ў гэтым сэнсе яна ніякая ня чыстая.

Мы павінны з засьцярогай ставіцца да слоўнікаў, якія выпускалі ў савецкі час нашыя афіцыйныя ўстановы, той жа Інстытут мовазнаўства.

Беларуская мова якраз магла пахваліцца тым, што разбудоўвала сваё багацьце на аснове народных гаворак людзей, якія жылі тут вякамі. Да таго ж, яна належала да заходнеэўрапейскага цывілізацыйнага кола, г. зн. да лацінскай цывілізацыі, таму ў нас вельмі шмат лацінізмаў, нямала таксама германізмаў, уласьцівых усяму арэалу цэнтральна-ўсходняй Эўропы, пры гэтым наша мова не цуралася таксама і грэччыны. Гэта значыць, што першакрыніцы нашага лексічнага багацьця відавочныя. Бяда ў тым, што мы павінны з засьцярогай ставіцца да слоўнікаў, якія выпускалі ў савецкі час нашыя афіцыйныя ўстановы, той жа Інстытут мовазнаўства.

Міхась Скобла
Міхась Скобла

— Я з сумам прыгадваю, напрыклад, пяцітамовы (у шасьці кнігах) Тлумачальны слоўнік, дзе можна было знайсьці і «карандаш», і «сахар», і «ажарэльле», і што заўгодна. Ды што казаць пра савецкія слоўнікі... Нават у самыя незалежныя часы наш самы дэмакратычны парлямэнт называўся Вярхоўным Саветам. Вось жа ва Ўкраіне — Рада, і без пытаньняў. Чаму так — мы ж у адным Рáдавым Зьвязе былі?

— Трошкі не пасьпелі нашы айцы-заснавальнікі новай літаратурнай мовы (якраз з расстралянага лінгвістычнана пакаленьня) дарабіць гэтую справу ў 20-я гады. Бальшавікі спачатку дазвалялі нейкім чынам ліпець нацыянальнай культуры — з банальнай мэтай скарыстаць імпэт, кадравы патэнцыял нацыянальнай інтэлігенцыі. А потым усіх пусьцілі пад нож і кулямёт. Былі тады памкненьні называць Беларусь раднай ці радавай. Захаваўся нават сяброўскі білет Усевалада Ігнатоўскага (я даю яго копію ў кніжцы), дзе напісана: «Беларуская радавая рэспубліка». Барацьбіты з «буржуазным нацыяналізмам» у Беларусі хутка далі нацыянальнай інтэлігенцыі па руках, і нам не ўдалося зрабіць таго, што пасьпелі зрабіць украінцы. Парадаксальна, але, зь іншага боку, магчыма, у гэтым ёсьць сярмяжная праўда. Савецкі саюз, савецкая мадэль, савецкі мэнталітэт, урэшце «савок» — можа, хай сабе гэты царкоўнаславянізм і застанецца ў гэтай нішы. А вось калі ў нас зноў будзе нармальная дзяржава, дзе Вярхоўную і ўсе астатнія рады будзе выбіраць народ, і яны будуць раіцца з народам, тады мы вернемся да гэтай назвы.

— Вашая аргумэнтацыя заўжды падмацаваная спасылкамі на аўтарытэтных мовазнаўцаў. І мне тут хочацца прывесьці адзін прыклад. Захацелася неяк мне даведацца этымалёгію назвы майго роднага мястэчка Дзярэчын. Чытаю ў «Тапанімічным слоўніку» Жучкевіча: Дзярэчын — ад слоў «драчун», «драться». І гэта пра назву з XV стагодзьдзя! Давялося палазіць па старых слоўніках, дзе і вычытаў, што дзярэча — гэта даставаньне мёду з борцяў... А ці не даводзілася вам сустракацца з падобнымі этымалягічнымі «адкрыцьцямі»?

— Вы прывялі вельмі красамоўны прыклад зь Дзярэчынам. Добра было б, каб усе людзі, якім рупіць ведаць пра паходжаньне назваў сваіх родных мясьцінаў, таксама рабілі такую пошукавую працу. У нас часта пануе так званая народная этымалёгія, а часам і павярхоўныя навукоўцы выносяць свае вэрдыкты. Нават паважаны навуковец Макс Фасмэр выдаў вэрдыкт пра тое, што наша Берасьце (дарэчы, мой родны горад, назва якога вельмі-вельмі старажытная, больш старажытная за Дзярэчын) быццам бы набыло сваю форму Брэст, дзякуючы імкненьню да афранцужваньня ўсіх назваў у Расейскай імпэрыі ў часы Кацярыны ІІ. Фасмэр меў на ўвазе брэтонскі Брэст на поўначы цяперашняй Францыі. Нічога падобнага! Берасьце паходзіць ад бераста — гэта дрэва, белы вяз. А ў форме «Брэст» спляліся некалькі банальных памылак у прачытаньні cлова «бераст», якое па-польску пісалася то як brzost, то як brześć. Толькі і ўсяго. Ніякага францускага ўплыву тут не было.

— З тапанімікай у нас папросту бяда, таму і ўзьнікаюць часам народныя ініцыятывы накшталт перайменаваньня Кастрычніцкай плошчы ў Пляц Кастуся Каліноўскага. З Вашай кнігі я даведаўся, што вы супраць такой ідэі. Чаму?

Я з глыбокай павагай стаўлюся да народжанай на барыкадах ідэі вярнуць імя Каліноўскага ў цэнтар беларускай сталіцы, але мы ня маем права глядзець на гістарычныя цэнтры нашых гарадоў як на tabula rasa.

— Не хачу нарывацца на крытыку. Я з глыбокай павагай стаўлюся да народжанай на барыкадах ідэі вярнуць імя Каліноўскага ў цэнтар беларускай сталіцы, але мы ня маем права глядзець на гістарычныя цэнтры нашых гарадоў як на tabula rasa, дзе можна пісаць наноў нейкія выдатныя імёны. І да нас там жылі людзі, і яны давалі найменьні вуліцам, гарадам, урочышчам, прадмесьцям. Як сьцьвярджае вельмі глыбокі дасьледнік гістарычнай тапаніміі Менску Іван Сацукевіч, менавіта празь цяперашнюю Кастрычніцкую плошчу пралягала Сьвята-Юраўская вуліца, таму што там стаяў храм Сьвятога Юр’я, а сьвяты Юры — гэта Пагоня. Такім чынам, калі мы робім такі тапанімічны акт узнаўленьня праўды, то і здымаецца пытаньне, які помнік павінен стаяць на Сьвята-Юраўскім пляцы. Там павінна стаяць Пагоня.

— У вашай кнізе безьліч спасылак на беларускія хронікі, статуты і Біблію Скарыны. Ці шмат мы там можам знайсьці дзеля ўзбагачэньня мовы сучаснай?

— Мы там можам знайсьці ледзь ня ўсё. Возьмем, напрыклад, юрыдычную тэрміналёгію. Літаральна апошнім часам я разьбіраўся з адпаведнікамі цяперашнім русізмам «іск» і «ісьцец» — «пазоў», «старана пазваная», «пазоўнік». Гэта ўсё было ў нашых статутах! Альбо сёньня часам пішуць «Ваша вялікасьць» — у дачыненьні да манарха. У нас так не было. У нас было «Ваша каралеўская міласьць». Вось гэта вякамі асьвячоная наша нацыянальная традыцыя. На жаль, калісьці дастаткова неабачліва навукоўцы-дасьледнікі сказалі, што была прорва паміж старабеларускай мовай часоў ВКЛ і новай беларускай мовай, што ўзрасла на аснове народных гаворак — гэта канец ХІХ стагодзьдзя і «Наша Ніва». Прорва, можа, і была, але не бяздонная. Паводле слоўніка Насовіча (а гэта сярэдзіна ХІХ стагодзьдзя), шмат якія словы статутныя ведалі і ўжывалі нашыя сяляне і шляхта. Так што мы павінны вывучаць старабеларускія тэксты, вучыць іх на памяць, вярнуць іх у школу, як сучасныя грэкі ў школе вучаць на памяць і «Энэіду», і «Адысею», і Эсхіла, і Сафокла, і Эўрыпіда.

— Колькі гадоў таму ў Бібліятэцы Свабоды выйшла «Жывая мова» Юрася Бушлякова, цяпер вось ваша кніга. А каго яшчэ з мовазнаўцаў вы параілі б чытаць нашым слухачам? П’ем жа мы ваду ачышчаную, дык і гаварыць хацелася б не засьмечанай мовай.

— Хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што праца Юрася Бушлякова з часам толькі расьце ў каштоўнасьці. А што да мовазнаўцаў, на якіх я паклікаюся, то сярод іх назаву Фёдара Янкоўскага, які сваімі нагамі стаптаў нямала сьцежак, вывучаючы жывую дыялектную мову. Сярод іншага ён катэгарычна вяртаў у літаратурную мову словы «тудою», «сюдою», «кудою». Не магу не згадаць Алеся Каўруса, выдатнага знаўцу нашага словаўтварэньня, Паўла Сьцяцко, які проста па-рыцарску змагаецца за чысьціню нашай мовы, Пётру Садоўскага, які народную традыцыю спалучае з глыбокім навуковым пазнаньнем лёсу і патрэбаў беларускай літаратурнай мовы. Немалую працу прарабіў Зьміцер Саўка, які нядаўна ад нас адышоў. Дарэчы, мы зь Юрасём Бушляковым, Зьмітром Саўкам і Зьмітром Санько падрыхтавалі і выпусьцілі ў сьвет кнігу «Беларускі клясычны правапіс» — якраз з мэтай вярнуць у правапіснай сфэры нашу аўтэнтычную традыцыю, зрабіўшы масток да клясыкаў 20-х гадоў.

— У прадмове да сваёй кнігі вы гаворыце пра моўны ўчынак — валявы акт дзеля мовы, здольнасьць не паддацца на псыхалягічны ціск іншамоўнага навакольля. Як вы лічыце, ці здольныя на такі ўчынак дзеля мовы беларускай тры суб’екты найноўшай гісторыі Беларусі — першы прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, першы нобэлеўскі ляўрэат Сьвятлана Алексіевіч і ўласна беларускі народ?

Моўны ўчынак уласьцівы людзям, якія адчуваюць гістарычную адказнасьць: калі ня мы, то хто?

— Моўны ўчынак уласьцівы людзям, якія адчуваюць гістарычную адказнасьць: калі ня мы, то хто? Калі мы ня зробім гэтага кроку, то невядома, які лёс напаткае нашых нашчадкаў, наступныя пакаленьні і наш народ у цэлым. Вельмі складана чалавеку, які беларускія цытаты ўжываў, як правіла, у зьдзеклівым фармаце, у прыніжальным сэнсе, раптам узяць і натуральна загаварыць па-беларуску. Гэткія людзі альбо баяцца такога ўчынку, альбо проста не адчуваюць у ім ніякай патрэбы, для іх мова — гэта не каштоўнасьць... Летась перад урачыстасьцю ў Стакгольме мне давялося напісаць адзін тэкст, дзе я выказаў спадзеў, што беларуская мова прагучыць з вуснаў нобэлеўскай ляўрэаткі. І яна прагучала ўвечары таго ж дня, што вельмі добра і важна. Крытычна ўспрымаючы homo soveticus, мы павінны разумець, што беларуская мова і ёсьць адным з найбольш рашучых і радыкальных спосабаў пазбаўленьня савецкай спадчыны і стварэньня для сябе і для духоўнай прасторы вакол сябе новай пэрспэктывы. І вось з гэтых маіх апошніх словаў якраз і вынікае, што беларускі народ абавязкова спародзіць і ўжо спараджае людзей, якія разумеюць, што бяз моўнага ўчынку ня быць нам народам. Значыць — будзем! Усё ў нас атрымаецца.

19 траўня ў менскай галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя ўнікальнае кнігі — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». Яе склалі выбраныя праграмы з аднайменнага цыклю, якія аўтар цягам апошніх двух гадоў рыхтаваў для Радыё Свабода.

Пачатак а 18.30.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG