У савецкі час зь беларускае мовы былі выціснутыя традыцыйныя жаночыя найменьні прафэсіяў, пасадаў, заняткаў. Так, стужку «выпускник» насілі і выпускніцы. Зусім нядаўна адзінаццаціклясьнікі беларускамоўных гімназіяў і ліцэяў пачалі замаўляць стужкі з надпісамі і «выпускнік», і «выпускніца». А таксама «клясны кіраўнік». І шкада, бо клясная кіраўніца таксама заслугоўвала на такую павагу (не кіраўнічка! гэта памяншальная або гутарковая форма).
Раней жа панаваў безаблічны і бясполы расейскі канцылярскі стандарт:
Дырэктар падпісала загад. На вечарыну прыйшла карэспандэнт «Звязды». Учора дзяжурыла ўрач Іваноўская.
Але ўжо ў старабеларускай мове, якая абслугоўвала ўсе сфэры жыцьця вялікай дзяржавы — адміністрацыйную, культурную, адукацыйную — была паўнавартасная сыстэма жаночых назваў. Паўтараю ўсьлед за лінгвістам, дасьледнікам беларускіх жаночых намінацыяў Мікалаем Паўленкам:
...Словы, якія называюць жанчыну паводле роду яе дзейнасьці, заняткаў, пасады і да т.п.: акторка, арандарка, ігуменьня, кухарка, пекарка, дворнічка, варажбітка і варожка, пастушка, швачка, прачка, карчмарка і шынкарка...
Ты, шынкарка маладая, пачом у цябе пляшка гарэлкі?
Ніякіх прыніжальных адценьняў у жаночых найменьнях на -ка няма. Таксама былі служэбніца, ключніца, чалядніца, чараўніца, танкапрадніца (гэта не жанчына на танку, а тая, што тонка прадзе).
Некаторыя імёны ад дзейнасьці мужа ўтвараліся падобна — кашталянка, султанка, а некаторыя адметна: караліца і каралёвая, княгіня, харужыная, ваяводзіная, гетманавая, маляровая, залатаровая, кавалёвая.
У пазьнейшай народнай традыцыі словы з падобным значэньнем — найменьне паводле мужа — утвараліся з суфіксам -іх-а. Каваліха, старшыніха. У Максіма Багдановіча Лявоніха. Сьпявае хор студэнтаў Лювэнскага ўнівэрсытэту пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага:
Ты пяяла галасьней ад салаўя, Ты была заўсёды першай у танку — I ў «Мяцеліцы», i ў «Юрцы», i ў «Бычку»; A калі ты жаці станеш свой загон, Аж дзівуецца нядбайліца Лявон.
Наагул суфікс -к-а быў пашыраны, ён панаваў у такой вечнай сфэры, як абазначэньне роднасьці й сваяцтва: матка і мамка, бабка, швагерка, цётка — ня цёця!
У расейскай мове словаўтваральныя мадэлі гістарычна былі афарбаваныя інакш. І вось, адчуўшы пустку ў канцылярызаванай расейскай мове савецкае пары, фантаст-рамантык Іван Яфрэмаў у сваім рамане «Юрта ворона» паспрабаваў зрабіць словаўтваральную рэформу:
Мы привыкли издавна к этому самому «ка», а в нем, точно жало скрытое, отмечается неполноценность женщины. ...Разве вам так не покажется — прислушайтесь внимательно, как звучит уважительное — гражданин и уменьшительное — гражданка. А если правильно и с уважением, надо гражданиня или гражданица!
У гэтым рамане Яфрэмаў паспрабаваў (марна) укараніць у расейскую мову словы геологиня, агрономиня, докториня, шофериня. З геолягамі і філёлягамі застаецца словаўтваральная праблема і ў беларускай мове. У маю бытнасьць вучобы на філялягічным факультэце дзяўчат калі-нікалі ўсьлед за Яфрэмавым называлі філялягінямі, але добрым жартам.
А што да іншых прафэсіяў — праблемы жаночых найменьняў для іх амаль няма. Кантралёрка — ні ў якім разе не «кантралёрша». Беларуская мова такой мадэлі ня ведала, а ў расейскай гэта яскравае прастамоўе, Іван Яфрэмаў пацьвердзіў бы.
Лекарка і міністарка, арганізатарка, аўтарка, журналістка і рэдактарка, грамадзкая дзяячка. Хаця афіцыйныя слоўнікі даволі доўгі час такія словы, калі наагул іх фіксавалі, залічвалі ў гутарковыя. Скажам, вялікі Тлумачальны слоўнік прызнае словы дакторка і доктарка, але адпраўляе іх у «размоўны» пласт. Але прыклады там — з саліднай Коласавай прозы:
[Яна] працавала дакторкаю ў адной зь земскіх бальніц.
І паэтка — слова размоўнае, калі верыць таму ж слоўніку. Азначэньне — ‘тое ж, што і паэтэса’. Аднак жа відавочна, як годна і зусім не гутаркова гучыць: Паэтка Ларыса Геніюш. Нічым ня горай за паэтэсу з францускім суфіксам, уся перавага якой у тым, што яна ёсьць у расейскай.
Застаецца праблема з словам сакратарка — яно абазначае справаводчую прафэсію. Калі ж ідзецца пра іншую, часьцей выбарную, пасаду, то мова пакуль ня звыкла да выразаў накшталт «сакратарка выбарчай камісіі» або «генэральная сакратарка партыі», хоць я нічога процінатуральнага ў такім найменьні не ўглядаю.
Расейскіх «маникюршу» і «педикюршу» знаўца словаўтварэньня Павел Сьцяцко прапаноўвае зваць па-беларуску манікюрка і пэдыкюрка. Я б, аднак, пярэчыў, бо іншыя ўсе назвы прафэсіяў на -ка парныя. Аптэкар, правізар — аптэкарка, правізарка. А паколькі такой прафэсіі — «манікюр» — няма, больш лягічна манікюрніца.
Ёсьць некалькі назваў прафэсіяў агульнага роду. Судзьдзя. Старшыня — і ня трэба рабіць зь яе старшыньку, як некаторыя беларускамоўныя газэты. Нават Лідзія Ярмошына не «старшынька», а старшыня.