Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Чарнавік апошняга слова


У клетцы зьлева направа: Юркойць, Швінта, Курневіч, Тадэвуш Высоцкі, Казьмярчук
У клетцы зьлева направа: Юркойць, Швінта, Курневіч, Тадэвуш Высоцкі, Казьмярчук

Калісьці даўно, калі толькі пачынаўся гэты працэс, я ўзяўся пісаць пра яго ня толькі таму, што Алесь Юркойць — вядомы ў Беларусі асьветнік, чалавек адраджэньня і мой сябра, зь якім разам мы зрабілі не адну важную справу, хадзілі ў вандроўкі, марылі пра нармальную беларускую Беларусь.

Пачатак ТУТ

Я ўзяўся пісаць, каб зразумець, якім чынам дзяржава пасадзіла Алеся ў турму і ці ёсьць на тое падставы.

Я ня верыў і ня веру, што Юркойць мог браць хабар. Але я ня быў катэгарычны ў сваёй няверы, бо, зь іншага боку, я веру ў закон, які ня мусіць дапусьціць несправядлівага прысуду, і калі закон скажа, што Алесь вінаваты, я гатовы паважаць абгрунтаванае законам рашэньне суду.

Я прымушаў сябе верыць у сьледзтва і ў суд, хоць сходу было відаць, што сьледзтва скляпала справу тэндэнцыйна і цяп-ляп, дзеля чаго працэс мусіў перапыняцца «за недастатковасьцю доказаў», а суд ня браў пад увагу аніводнага факту, доказу ці аргумэнту, якія даказвалі невінаватасьць Юркойця і, наадварот, пакідаў у справе домыслы, на якіх уласна і збудаванае абвінавачаньне супраць Алеся. Гэта нават не сукупнасьць фактараў, што, на думку пракурора, рабіла б доказ віны даставерным, а домысел аднаго чалавека — Чэпіна, які цэлы год адмаўляў, што перадаваў Юркойцю грошы, а пасьля раптам прызнаў гэта і выйшаў пад хатні арышт зь СІЗА.

Дзяржаўны абвінаваўца разглядае сукупнасьць фактараў як нешта накшталт рэнтгену на працэсе, маўляў, што б тут ні казалася, як бы ні мяшаліся праўда і зло, прамень сукупнасьці ўсё высьветліць на сваіх месцах і пакажа, якія зьвесткі даставерныя, а якія не.

За 9 месяцаў, колькі цягнуўся суд, я ўбачыў і пазнаў трох калег Юркойця — Тадэвуша Высоцкага, Курневіча і Швінту, — якія апынуліся ў такой самай, што і Алесь, сытуацыі. Яны не прызналі свае віны, і пракурор запрасіў для іх траіх па 8 гадоў турмы, а для Курневіча — 11 з паловай. У доказах іхнае віны няма сукупнасьці — гэта адзінкавыя паказаньні асобных людзей. Сукупнасьць ёсьць у тым, што як на Юркойця не паказваў і раптам паказаў Чэпін, так на Высоцкага і Швінту не паказваў і раптам паказаў Лапейка, а на Курневіча не паказваў і раптам паказаў Страпко. Паказалі і сукупна атрымалі хатні арышт замест СІЗА. Гэтая сукупнасьць даказвае даставернасьць таго факту, што сьледчы КДБ, які вызначаў меру стрыманьня, па сутнасьці купіў паказаньні Лапейкі, Чэпіна і Страпко.

Да «выкрывальных» паказаньняў гэтых асобаў сьледчы, пракурор і суд прымацавалі «альгарытм» атрыманьня мытнікамі грошай за пэўныя машыны пэўных фірмаў, што дазволіла «вырасьціць» сумы хабараў да асабліва буйных памераў. Прымацавалі такім чынам, што ўсіх абвінавачаных запісалі ў адну арганізаваную злачынную групу. Але хто, як і калі ўцягнуў Высоцкага, Курневіча, Швінту і Юркойця ў гэтую групу — ні сьледзтва, ні суд ня высьветлілі. Чым яны займаліся ў групе — таксама. Як паказаў Курневіч, у аддзеле фуры з кветкамі афармлялі яшчэ 15 мытнікаў, якіх сьледзтва прызнала «ня ўцягненымі» і якія працягваюць працаваць да сёньня, а ў судзе выступалі як сьведкі. Усе працавалі аднолькава, але чаму і, галоўнае, якім чынам нашыя чацьвёра аказаліся «ўцягненымі» ані сьледзтва, ані пракурор, ані суд патлумачыць або высьветліць не палічылі патрэбным.

Курневіча ўвогуле зрабілі адным з кіраўнікоў злачыннай групы на падставе таго толькі, што ён быў намесьнікам начальніка аддзела Карповіча, які, нібыта, быў адным з кіраўнікоў групы, а значыць, мяркуе пракурор, Курневіч, замяняючы Карповіча ў аддзеле, замяняў яго і ў групе. Адсюль вялікі тэрмін, запрошаны для Курневіча. 11 з паловай.

Дакумэнтальна зафіксаваных нявыкрутак у абвінаваўчым заключэньні, якія сьведчаць пра невінаватасьць Юркойця і таварышаў хапіла б на новае судовае разьбіральніцтва. А з мноства пытаньняў, якія суд пакінуў без адказу, я згадаю толькі адно: чаму калі ў большасьці выпадкаў (а гэта тысячы выпадкаў) незаконныя даляры перадаваліся на працоўным месцы (дзе іх і трымаць пры сабе забаронена, што пастаянна правяралася) або пад відэакамэрамі, дык вось, чаму сьледзтвам і судом ня выяўлена ніводнага факту праверкі, ніводнага запісу відэакамэры, дзе быў бы зафіксаваны момант перадачы грошай ці нават проста захаваньня амэрыканскіх грошай у кішэні? Не глядзелі пратаколаў праверак? Не пераглядалі відэазапісаў? Ці глядзелі і пераглядалі, але нічога падобнага там не знайшлі? А хіба адсутнасьць відэафіксацыі таго, як Курневіч пад камэрамі некалькі разоў сядае ў машыну Страпко, ня сьведчыць пра тое, што Страпко хлусіць?

Назіраючы за паводзінамі і словамі Дзьмітрыя Курневіча, я спрабаваў уявіць яго хабарнікам, вартым такога прысуду, маўляў, проста не прызнаецца. Але не прызнаецца — чаму? Які матыў ягонага запіральніцтва? Гэта таксама пытаньне, на якое мусіў адказаць суд.

Якая першая характарыстыка хабарніка? Гэта чалавек карысьлівы.

Калі Курневіч хлусіць і насамрэч браў грошы, калі ён здольны ўзяць незаконныя грошы, значыць, ён можа матэрыяльную выгаду ставіць вышэй за маральныя прынцыпы, пра якія казаў у прысязе. Тое, што ён не прызнаў віну, пракурор разглядае як хітрасьць. Але ў чым хітрасьць? Для карысьлівага і хітрага чалавека не прызнаць сваю віну і атрымаць 11 з паловай гадоў турмы — ніякая ня хітрасьць, а зусім наадварот — дурасьць. Дурасьць, уласьцівая рамантыкам і ідэалістам або людзям, для якіх уласная годнасьць вышэй за выгаду. Курневічу-хабарніку, наадварот, выгадна прызнаць сваю віну і атрымаць мінімальны тэрмін, сядзець на хатнім арышце і, можа быць, наогул пазьбегнуць турмы. Навошта карысьліваму Курневічу запірацца ажно з такой дзікай нявыгадай для сябе? Спадзяецца на апраўдальны прысуд? Але ж ён не наіўны і ведае, што якраз тыя, хто запіраецца, атрымаюць па максімуму. Нават ня браўшы хабару, такому Курневічу выгадна сказаць, што браў.

Будзе сорамна перад бацькамі, жонкай, дзецьмі? Але «сорам», ацэнены ў 11 з паловай гадоў турмы для хабарніка, прабачце, не аргумэнт. Чалавек карысьлівы ўмее такія рэчы лічыць, як той казаў, да капейкі. І калі Курневіч хабар браў, а значыць, калі ён насамрэч карысьлівы, ніякі сорам для яго не пераважыць гэтага турэмнага тэрміну, лічы, усёй жыцьцёвай пэрспэктывы. Сорам праходзіць, забудзь, жыць трэба тут і цяпер.

Можа быць, Курневіч іграе? Ігрок з уласным лёсам. Ігра для ігры, і прападзі ўсё пропадам. Бэнэфіс для сваякоў — глядзіце, які я фантастычна прыгожы ў сваім выверце — браў, а не прызнаў. Сапраўды прыгожы. І варты шкадаваньня. Альбо — як баран упарты. Сказаў адразу, што ня браў, і буду стаяць на сваім, хоць ты рухні сьвет.

Але ігрок ці ўпарты можа быць у сваім родзе адзін – каб выдзеліцца. А тут у такой самай сытуацыі, як Курневіч, яшчэ трое, зусім не падобных ні на ігракоў, ні на бараноў. Адзін Высоцкі са сваім інфарктам чаго варты. Таму паводзіны чатырох, паводле рэнтгену сукупнасьці, даставерна сьведчаць, што яны людзі некарысьлівыя, а значыць, кажуць праўду: грошай ня бралі.

Гэта асабліва выразна відаць і чуваць, калі параўноўваеш іх зь іншым чалавечым тыпажом — людзьмі карысьлівымі, якія прызналі, што хабар бралі і цяпер актыўна вытаргоўваюць сабе пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Іхны торг — таксама сукупнасьць.

Простая лёгіка, задачка на чалавеказнаўства. Калі я браў хабар і прызнаю гэта, маю шанец пазьбегнуць турмы. Калі я браў хабар і не прызнаю гэтага, атрымаю 8 гадоў турмы. Калі я ня браў хабар і не прызнаю гэтага, атрымаю 8 гадоў турмы. Калі я браў хабар, што я выберу? Калі я ня браў, выбару няма.

Зрэшты, выбар ёсьць. Калі я ня браў, але прызнаў, што браў, – тады першы варыянт, шанец пазьбегнуць турмы.

Калі сукупнасьць фактараў даказвае даставернасьць, дык Юркойцеў суд выявіў гэтыя дзьве сукупнасьці ў поўным аб’ёме. Дарма што прысуд Юркойцю і таварышам ні на якой сукупнасьці грунтавацца ўжо ня будзе.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG