Вось чаму так мямлілі свае словы пракуроры і судзьдзя, дэманстратыўна адставіўшы мікрафоны ўбок. Суду, які доўжыўся 9 месяцаў (паўсотні паседжаньняў) па сутнасьці не было. Справу, ад пачатку створаную сьледчымі КДБ, проста прапусьцілі праз прцэдуру суду, каб прызначыць ад пачатку вызначаныя тэрміны пакараньня.
Юркойцю, якому былы калега Чэпін «дапускае», што перадаваў грошы, уляпілі 7 гадоў турмы (як і Швінту з Высоцкім, якія таксама не прызналі свае віны), Курневічу, які ў якасьці намесьніка начальніка аддзела Карповіча, нібыта, замяняў яго і ў якасьці аднаго з кіраўнікоў злачыннай групы (Карповіч прызнаў за сабой такую ролю) далі 11 з паловай (Карповічу, між іншым, шэсьць). На Курневіча паказаў Страпко, які нібыта атрымліваў ад яго грошы ў сваёй машыне, але колькі разоў і па колькі – Страпко «ня помніць».
За працэсам насамрэч пастаянна назіралі кадэбісты. На чытаньне прысуду (актавая заля не зьмясьціла ўсіх ахвочых) іх прыйшло ажно чацьвёра. З выгляду малапрыемныя гопнікі бязь ценю, як кажуць, на тварах… Толькі чаму гэта ў іх, а не ў судзьдзі пытаецца сакратарка суду, ці запускаць людзей у залю?
Словам, пад пільным наглядам ведамства справа мытнікаў, створаная сьледчымі КДБ, была даведзеная да канца. Быў бы ў клетцы сьвяты, ня выскачыў бы і ён.
Бэргены чарговы раз зьелі троляў. Панурыя злыя бэргены ўсё яшчэ вераць, што шчасьце ім можа прынесьці толькі паяданьне вясёлых і добрых троляў. Зьеў троля – і зоркі пасыпаліся табе на пагоны. Небаракі, не разумеюць, што шчасьце нельга зьесьці і што ня ў зорках шчасьце. Яно ў душы кожнага, трэба толькі адшукаць яго, адчуць сябе вясёлым і добрым для іншых, а не панурым і злым.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.