Хоць я памятаю Літоўскія мэтрыкі, дзе судовыя працэсы праходзілі зусім ня ў духу расейскіх, а па-свойму, мала што па-беларуску, дык зь вялікай павагай да судзьдзі. Суды шанавалі за справядлівасьць. Але русіфікацыя робіць сваё ва ўсіх сфэрах. І цяпер Google на запыт «Дом правасудзьдзя ў Менску» першымі паказвае загалоўкі, якія ня сьведчаць ні пра справядлівасьць, ні пра пашану:
У Менску спрабавалі падпаліць Дом правасудзьдзя
Невядомы «замініраваў» Дом правасудзьдзя ў Менску
Актывісты пікетавалі Дом правасудзьдзя ў Менску
Большасьць, вядома, ні падпальваць, ні мініраваць, ні пікетаваць ня будзе, але і пра пашану да прысудаў Google нічога ня піша. Гэта значыць, што суды дазваляюць сабе прымаць бяздоказныя рашэньні, як мы гэта назіралі ў працэсе ашмянскіх мытнікаў. Калі б суд даваў сабе працу апэраваць аб’ектыўнымі фактамі, а не дапушчэньнямі і «альгарытмамі», думаю, не пагадзіцца з прысудамі, незалежна ад тваіх сымпатыяў, было б немагчыма.
Што да мытнікаў, дык гэтым летам Беларусь проста накрыла цунамі групавых мытных працэсаў. У Гомелі асудзілі групу мазырскіх мытнікаў, у Магілёве пачалі судзіць сваю групу. Суды адбываюцца на фоне буйнога працэсу ашмянскіх мытнікаў, ажно 58 чалавек раскіданыя па пяці менскіх судах. Вынесеныя прысуды ў абласным (16 чалавек) і Фрунзенскім (11) судах. Рыхтуецца прысуд у менскіх Партызанскім, Заводзкім і Кастрычніцкім.
Усе прысуды абвінаваўчыя, усе мытнікі асуджаныя на значныя тэрміны. Мяркуючы з працэсу ў Партызанскім судзе, паўсюль даігрываецца да канца сцэнар, першапачаткова складзены сьледчымі КДБ. Аргумэнты і факты, якія сьведчаць пра невінаватасьць падсудных (а такіх шмат), не бяруцца судамі да разгляду. У той час як віна тых, хто не прызнаў за сабой злачынства, трымаецца на адзінкавых паказаньнях іхных калег, якія сваю віну прызналі, падпісалі складзеную сьледчым яўку з павіннай. Суды прынялі магчымыя агаворы за даставерныя факты. Сама сабой складаецца выснова пра аглабельны характар гэтых працэсаў, якія ахапілі сабою ў тым ліку і невінаватых людзей, а таксама пра тое, што шматмесяцовыя суды (па паўсотні паседжаньняў) адпрацавалі ўхаластую, бяз сэнсу і выніку, бо вынік быў прапісаны ад пачатку.
З высокага начальства ніхто не пацярпеў. Застаўся на пасадзе старшыня Мытнага камітэту, а начальніка Ашмянскай мытні асудзілі асобна на невялікі тэрмін, не ўпісаўшы ў арганізаваную злачынную групу, якую, нібыта, стварылі ягоныя падначаленыя, якія, нібыта, насілі яму карупцыйныя даляры.
Без адказу засталося мноства пытаньняў. Адно зь іх: ці беларускі мытнік па вызначэньні карупцыянэр? Бо калі так і калі мытня працягвае працаваць у тым самым рэжыме (а яна працягвае), значыць, «банда», як назваў яе прэзыдэнт, як дзейнічала на мяжы ў сіняй службовай форме, так і дзейнічае, і будзе дзейнічаць надалей. Важны орган у сыстэме дзяржаўнае ўлады – мытня – сур’ёзна хворы, і лекаваць яго ніхто не зьбіраецца. Ці так задумана? І тады кожны грамадзянін можа назваць кожнага мытніка хабарнікам, напісаць на яго «куды трэба» ці сунуць яму грошы за нейкую паслугу ў поўнай упэўненасьці, што «так і трэба»? А калі можна мытніку, дык чаму нельга і якой заўгодна іншай службовай асобе?
Фрэнд напісаў мне ў фэйсбуку: «Ня хочаш патрапіць у турму – навошта працуеш і супрацоўнічаеш з жулікамі і злачынцамі?» Маецца на ўвазе – калі працуеш на мытні… Большасьць водгукаў на мытныя прысуды ў сеціве ўхвальныя, а калі адмоўныя, дык таму, што «мала далі».
Стэрэатыпнае ўяўленьне пра мытню як клааку, дзе сабраліся адны маральныя вырадкі, таксама ідзе з Расеі, з расейскай крытыкі і сатыры, магчыма і з практыкі. Кожны ведае, што ўзровень законапаслушэнства ў беларусаў даволі высокі, ну і выхаваньне, і чалавечая годнасьць, і прысяга для многіх – не пусты гук. Выходзіць, карозія беларускай мытні – гэта вынік стварэньня адзінай з Расеяй мытнай прасторы і яшчэ адзін вынік русіфікацыі.
І трэцяе. Увапхнуўшы Юркойця ў працэс мытнікаў за нічым не даказаны хабар, а насамрэч за ягоную беларускую асьветніцкую дзейнасьць на Астравеччыне, дзе Алесь быў найбольш заўважным дзеячом нацыянальнага адраджэньня, стваральнікам таварыства «Вільняр», КДБ пакончыў зь беларускім асьветніцтвам у рэгіёне (у той самай, калі хочаце, «Вяйшнорыі»). Нішто не павінна стрымліваць патокі русіфікацыі, якія ператвараюць Беларусь з асобнай краіны і незалежнай дзяржавы ў «мытную прастору» – голае поле, дзе здабываюцца голыя грошы. Ня важна, законныя ці незаконныя.
Трэба разумець, што русіфікацыя – гэта ня толькі падрыў даверу да органаў дзяржаўнае ўлады – мытні і судоў, ня толькі ліквідацыя беларускага асьветніцтва. За ўвесь час назіраньня за працэсам у мяне склалася трывалае ўяўленьне, што насамрэч маштабныя карупцыйныя схемы на мытні – інсьпіраваныя і ўзгадаваныя супрацоўнікамі КДБ за шмат гадоў для імітацыі кіпучай работы ведамства – ёсьць нічым іншым, як падрывам нацыянальнае бясьпекі краіны.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.