Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: кожны дадатковы дзень знаходжаньня расейскіх войскаў будзе разглядацца як акупацыя Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Сэсія Рады БНР у Нью-Ёрку. Нью-Ёрк, 19 сакавіка 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Сэсія Рады БНР у Нью-Ёрку. Нью-Ёрк, 19 сакавіка 2016 году

У Беларусі пачынаюцца вайсковыя вучэньні «Захад-2017», якія праводзяцца сумесна з фармаваньнямі Расейскай Фэдэрацыі. У адмысловай заяве, зьмешчанай на сайце рады Беларускай Народнай Рэспублікі, нагадваецца, што манэўры адбываюцца на фоне анэксіі Масквой Крыму, вайны ва Ўкраіне і Сырыі, кібэратак на дэмакратычныя інстытуцыі Захаду.

Рада БНР далучаецца да перасьцярогаў, якія выказваюць дэмакратычная супольнасьць Беларусі і некаторыя міжнародныя назіральнікі наконт таго, што, нягледзячы на заявы прадстаўнікоў Міністэрства абароны Беларусі, асобныя фармаваньні расейскіх войскаў могуць застацца на тэрыторыі краіны пасьля заканчэньня вучэньняў.

Падкрэсьліваецца, што гэта сталася б новым фактарам небясьпекі ня толькі для Беларусі, але і для іншых краінаў Эўропы — Латвіі, Літвы, Польшчы. Асаблівую пагрозу гэта будзе несьці для Ўкраіны, паколькі расейскія сухапутныя часткі ў гэтым выпадку маглі б нанесьці ўдар па яе паўночных і заходніх рэгіёнах.

Рада БНР адзначае, што выхад расейскіх частак з тэрыторыі Беларусі павінен адбыцца не пазьней за 30 верасьня, як пра гэта заяўлена афіцыйным Менскам. У супрацьлеглым выпадку кожны дадатковы дзень знаходжаньня расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў і тэхнікі павінен разглядацца як акупацыя Беларусі.

Нават пры ўмове выхаду ўсіх расейскіх вайскоўцаў з тэрыторыі Беларусі сам факт сумесных вучэньняў з Расеяй, краінай-агрэсарам, наносіць вялікую палітычную шкоду Беларусі, а таксама шкоду яе рэпутацыі перад міжнароднай супольнасьцю.

Галоўнае пра вучэньні «Захад-2017»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:09 0:00

Рада БНР заяўляе, што беларускі народ ня мае дачыненьня да сумнеўнага вайсковага альянсу паміж аўтарытарнымі рэжымамі Беларусі і Расеі. У Беларусі ніколі не было дэмакратычнага рэфэрэндуму, падчас якога народ выказаўся б за вайсковы саюз з Расеяй. Само далучэньне Беларусі да сыстэмы Дамовы аб калектыўнай бясьпецы СНД, якая кантралюецца маскоўскім Генштабам, адбылося ў 1993 годзе пад ціскам пракамуністычнай прарасейскай большасьці ў Вярхоўным Савеце Беларусі і насуперак Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, якая абвяшчала курс на будаўніцтва нэўтральнай дзяржавы.

Прынятая ў 1994 годзе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь таксама замацоўвала курс на вайсковы нэўтралітэт Беларусі. Такім чынам, фактычнае далучэньне Беларусі да вайсковага блёку з Расеяй было і застаецца парушэньнем нават дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Рада БНР, як і дэмакратычная супольнасьць Беларусі, неаднаразова зьвяртала ўвагу на небясьпечныя крокі Крамля ў дачыненьні Беларусі, на спробы разьмяшчэньня дадатковых вайсковых базаў, на ўсё больш шчыльнае ўцягваньне Беларусі ў арбіту расейскіх ваенных інтарэсаў. Цяперашнія манэўры яшчэ больш абвастрылі гэтую праблему.

У заяве адзначаецца, што з улікам поўнай залежнасьці Лукашэнкі ад Масквы, адсутнасьці ў Беларусі ўжо больш як два дзесяцігодзьдзі дэмакратычных выбараў, легітымнага парлямэнту, свабоды сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ва ўмовах татальнага панаваньня расейскай прапаганды ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, усялякія агрэсіўныя дзеяньні Крамля да Беларусі могуць мець самыя непажаданыя наступствы для беларускай незалежнасьці.

Рада БНР зьвяртаецца да ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі ў выпадку неабходнасьці выканаць свае абавязкі ў справе гарантыі беларускага сувэрэнітэту, дадзеныя ў адпаведнасьці з Будапэшцкім мэмарандумам узамен на вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. А таксама заклікае беларускае грамадзтва і беларускіх патрыётаў у шэрагах збройных сілаў Рэспублікі Беларусь быць гатовымі да абароны незалежнасьці краіны ад любой вонкавай пагрозы.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG