Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь — саюзьніца агрэсара». 10 заяваў на форуме пра вучэньні «Захад-2017», на які не пусьцілі літоўскіх дэпутатаў


Ілюстрацыйнае фота. Падрыхтоўка да вайсковых вучэньняў «Захад-2017». 174-ы Даманаўскі палігон ВПС і СПА Беларусі, які знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне
Ілюстрацыйнае фота. Падрыхтоўка да вайсковых вучэньняў «Захад-2017». 174-ы Даманаўскі палігон ВПС і СПА Беларусі, які знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне

У Менску прайшла міжнародная дыскусія на тэму «Рэгіянальная бясьпека і вучэньні „Захад-2017“. Погляд зь Менску, Вільні, Варшавы і Кіева».

У ёй бралі ўдзел экспэрты, дэпутаты нацыянальных парлямэнтаў і прадстаўнікі дыпляматычных місій зь Літвы, Украіны, Польшчы, Эстоніі, Японіі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Чэхіі.

Шэсьць дэпутатаў Сойму Літвы не змаглі трапіць на круглы стол, бо беларускія ўлады ім не далі візаў. Свае думкі яны выказвалі праз скайп-сувязь.

Эўропа «загулялася» з Лукашэнкам

Аўдронюс Ажубаліс, экс-міністар замежных спраў Літвы:

«Эўрапейская супольнасьць занадта „загулялася“ з Лукашэнкам і ня мае эфэктыўных рычагоў, каб на яго ўзьдзейнічаць. Цяпер апошні эўрапейскі дыктатар пасьпяхова выкарыстоўвае Эўропу ў карысьлівых мэтах».

Пуцін кансалідаваў краіны NATO

Лаўрынас Кашчунас, кіраўнік парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у Сойме Літвы:

«Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зрабіў усё, каб кансалідаваць краіны NATO перад пагрозай вучэньняў „Захад-2017“. Гэта вялізная „заслуга“ Крамля».

Расея пачынае войны зьнянацку

​Эгідзіюс Варэйкіс, дэпутат парлямэнту Літвы:

«Мы не панікуем, але выдатна ўсьведамляем, што знаходзімся ў самым вузкім месцы абароны NATO. Такія недэмакратычныя краіны, як Расея, пачынаюць войны зьнянацку і без папярэджаньня. Мы ня хочам, каб Пуцін мяняў сытуацыю пад сябе».

Нельга давяраць Лукашэнку

Эмануэліс Зінгерыс, дэпутат парлямэнту Літвы:

«Нельга давяраць Лукашэнку, які, з аднаго боку, спрабуе выкарыстоўваць фармат мірнай пляцоўкі, а з другога, застаецца марыянэткай у руках Масквы. Размаўляць з такім „унівэрсалам“ немагчыма — ніколі ня ведаеш, што будзе заўтра».

Расея можа справакаваць новую фазу ваенных дзеяньняў

Дзьмітрый Грамакоў, Цэнтар сацыяльнага інжынірынгу (Украіна):

«Нас непакоіць актывізацыя Расеі каля нашых межаў, што можа справакаваць новую фазу ваенных дзеяньняў. Натуральна, хацелася б зьнізіць узровень пагрозы з поўначы, бо Менск уключыўся ў поўнамаштабную кампанію».

Польскія ўлады не дапамагаюць Украіне, а кантактуюць з Лукашэнкам

Міхал Каміньскі, сябра камітэту міжнародных спраў Сэйму Польшчы:

«Польскія ўлады амаль не дапамагаюць Украіне, якая перажывае вельмі складаны момант у сваёй гісторыі. І ў той жа час нельга назваць нармальнымі шырокія кантакты, якія робяць цяперашнія ўлады Польшчы з Лукашэнкам».

Расея ўспрымаецца як краіна-агрэсар. А Беларусь — яе саюзьніца

Аляксандар Алесін, вайсковы экспэрт зь Менску:

«Што б ні рабілі ў Менску і Маскве, каб нівэляваць страх перад вучэньнямі, узровень даверу да „абарончага характару“ манэўраў ужо не павысіцца. Пасьля 2014 году Расея ўспрымаецца выключна як краіна-агрэсар. А Беларусь — яе саюзьніца».

Лукашэнку гэтыя вучэньні не патрэбны

Валер Карбалевіч, аналітычны цэнтар «Стратэгія»:

«Пляма на „міратворчай рэпутацыі“ Беларусі, якую так упарта фармавала беларускае кіраўніцтва, застанецца. „Донару бясьпекі“ Лукашэнку гэтыя вучэньні не патрэбны, але ён нічога ня можа зрабіць, каб ад іх адмовіцца».

Лукашэнка вядзе тонкую гульню

Аляксандар Класкоўскі, незалежны аналітык, Менск:

«Ня трэба „акарыкатурваць Лукашэнку“. Ён вядзе досыць тонкую і прадуманую гульню. Што тычыцца вучэньняў, ва ўмовах звышпільнай увагі ўсяго сьвету да манэўраў акупацыя Беларусі папросту немагчымая».

Беларусь ня можа абараніць свае інтарэсы

Андрэй Паротнікаў, Belarus Security Blog:

«Беларуская ўлада ня ў стане прымаць адэкватныя рашэньні нават для абароны ўласных інтарэсаў. Хто ў такім разе будзе сур’ёзна яе ўспрымаць?»

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG