Беларусь і Расея з 2009 году вырашылі аднавіць гэтыя вучэньні, хоць патэнцыйнага ворага не называлі. Іх праводзяць раз на два гады па чарзе на тэрыторыі Беларусі і Расеі — толькі ў 2015 годзе не было такіх вучэньняў.
Асаблівасьць вучэньняў у 2017 годзе — зьмена геапалітычнай абстаноўкі: агрэсіўныя дзеяньні Расеі супраць Украіны і яе супрацьстаяньне з NATO, і Беларусь, якая была перамоўнай пляцоўкай для Ўкраіны і Расеі ў абмеркаваньні праблемы Данбасу, па словах ваенных аналітыкаў, выступае як саюзьнік краіны-агрэсара.
Паводле дадзеных беларускага Міністэрства абароны, на тэрыторыі Беларусі вучэньні пройдуць на 7 палігонах і ў 2 асобных мясцовасьцях, у іх прымуць удзел вучыцца 10 200 вайскоўцаў, зь іх 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх.
Такімі сіламі чыніць агрэсію супраць суседзяў або анэксію немагчыма, настойваюць беларускія вайскоўцы. Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што Ўладзімір Пуцін можа выкарыстоўваць гэтыя вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі, бо ягоная палітыка зьяўляецца непрадказальнай. У прыватнасьці вядучы беларускі апазыцыйны лідэр Мікола Статкевіч ацэньвае такую верагоднасьць у 10 адсоткаў.
Міністэрства абароны Беларусi 13 верасьня зноў адзначыла абаронны характар вучэньняў «Захад-2017» і абяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія прымаюць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.
Як заявіў 13 верасьня кіраўнік дэпартамэнту міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва абароннага ведамства Беларусі генэрал-маёр Алег Воінаў, вучэньні наўмысна аддаленыя ад сумежных з Украінай, Літвой, Латвіяй і Польшчай тэрыторыяў.
Як будуць праходзіць вучэньні «Захад», Мінабароны Беларусі абяцае даваць справаздачу кожны дзень на брыфінгах і прэс-рэлізах, акрэдытавана 280 журналістаў, пераважна замежных СМІ, запрошаныя 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны-суседзі Беларусі, сярод іх дзяржавы Балтыі і Ўкраіна, непакояцца, што Расея можа выкарыстаць вучэньні «Захад-2017» для агрэсіўнага разьвіцьця сваёй ваеннай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO і ператварыць Беларусь у пляцдарм для магчымага наступу на Ўкраіну. Саюз NATO разьмясьціў чатыры батальённыя баявыя групы, у цэлым амаль 4500 вайскоўцаў, у Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы, каб запэўніць гэтыя краіны ў падтрымцы перад усё больш агрэсіўнымі дзеяньнямі Расеі пасьля акупацыі ёю ўкраінскага Крыму і агрэсіі на ўсходзе Ўкраіны.