Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Літвы зацьвердзіў плян байкоту імпарту электраэнэргіі зь БелАЭС


Беларуская АЭС.
Беларуская АЭС.

Дамова з латышамі, эстонцамі і палякамі, увядзеньне дадатковай платы за перадачу, пракладка дадатковых ліній, дэмантаж пэўнага абсталяваньня.

Гэтыя і іншыя крокі прадугледжаныя ў зацьверджанай 13 верасьня ўрадам Літвы пастанове «Аб неабходных захадах, прызначаных для абароны ад небясьпечнай атамнай электраэнэргіі, якую будуюць у Беларусі і якая ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бясьпекі, атачэньня і грамадзтва Літвы», паведамляе DELFI.

Гэтыя захады павінны абараніць Літву ад пагрозаў, якія паходзяць зь БелАЭС. Літва дамагаецца, каб будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы вялося з выкананьнем патрабаваньняў бясьпекі і міжнародных стандартаў. У зьвязку з гэтым літоўскія ўлады маюць намер абмяжоўваць каналы праходжаньня электраэнэргіі зь Беларусі і браць зь Беларусі плату за электраэнэргію.

Плянам прапануецца:

— забараніць Круоніскай гідраакумуляцыйнай электрастанцыі надаваць паслугі Беларусі;

— дамовіцца з Латвіяй і Эстоніяй пра спагнаньне платы за электраэнэргію зь Беларусі і Расеі, калі гэта ўхваліць Эўракамісія.

— да першага кварталу 2019 году дамовіцца з сумежнымі дзяржавамі пра абмежаваньні імпарту электраэнэргіі зь БелАЭС;

— зьмяніць правілы выкарыстаньня электраэнэргіі, каб Круоніская гідраакумуляцыйная электрастанцыя не магла прадстаўляць паслугі БелАЭС.

Беларусь яшчэ ў 2015 годзе зьвярнулася да Літвы з просьбай дазволіць карыстацца паслугамі ГАЭС. Аднак Літва адказала, што такой магчымасьці няма. Частка прапанаваных у пляне захадаў зьвязаная з сынхранізацыяй электрасыстэмаў балтыйскіх краін і Заходняй Эўропы. Літва мяркуе дамовіцца пра сынхранізацыю праз Польшчу ў першым квартале 2018 году.

У чэрвені літоўскі парлямэнт прыняў закон, у якім гаворыцца, што БелАЭС небясьпечная і пагражае нацыянальнай бясьпецы і экалёгіі Літвы, здароўю людзей. Гэтым праўным актам літоўскі бок абгрунтоўвае абмежаваньні на імпарт беларускай электраэнэргіі. Згодна з гэтым законам, літоўскі ўрад павінен падрыхтаваць плян абароны ад электраэнэргіі зь БелАЭС. Літва заклікала і іншыя краіны рэгіёну падтрымаць байкот электраэнэргіі зь БелАЭС.

Расейская карпарацыя «Росатом» будуе БелАЭС за 50 кілямэтраў ад Вільні. Літоўскі ўрад сьцьвярджае, што працы вядуцца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі і экалягічных стандартаў. Менск гэтыя прэтэнзіі адкідае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG