Міністар энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас распавёў, што на сустрэчы з прадстаўнікамі Кангрэсу ЗША 1 жніўня агучыў просьбу ўраду Літвы правесьці ў Кангрэсе адмысловыя слуханьні аб пытаньнях бясьпекі ў сувязі з будаўніцтвам Беларусьсю Астравецкай АЭС.
Вайчунас выказаў спадзеў, што па слуханьнях Кангрэс ЗША таксама дасьць ацэнку ўплыву Расеі на рэгіянальную і сусьветную атамную энэргетыку, бо кампанія «Росатом», кажа ён, актыўна пашырае свой бізнэс у Эўропе і сьвеце.
Да слуханьняў літоўскі міністар прапанаваў прыцягнуць беларускую грамадзянскую супольнасьць, бо такі падыход быў «асабліва прадуктыўным» адносна дзейнасьці расейскага «Газпраму» і залежнасьці ад Расеі ў газавай галіне.
Чальцы Кангрэсу, як сьцьвярджае літоўскае міністэрства, абяцалі «больш актыўны ўдзел сваёй краіны ва ўзмацненьні ўплыву міжнародных арганізацыяў у справе кантролю ядзернай бясьпекі і выкананьня прыродаахоўных патрабаваньняў». Ці далі яны прамую згоду на слуханьні, не паведамляецца.
Беларусь, Літва і ўсе астатнія: бітва за АЭС
Літва пратэстуе супраць будаўніцтва БелАЭС у 50 км ад Вільні. Яна называла 10 прычынаў не будаваць беларускую станцыю ў цяперашніх умовах, абвясьціла БелАЭС энэргетычны байкот і крытыкавала суседнюю Латвію за адсутнасьць салідарнасьці ў ім.