«Абставіны затрыманьня і іншая інфармацыя па справе Паўла Грыба засакрэчаныя, — цытуе адваката Андрэя Сабініна агенцтва «Интерфакс». — Я даў падпіску пра неразгалошваньне. Магу толькі сказаць, што яго выкралі невядомыя людзі ў Гомелі і вывезьлі ў Смаленскую вобласць, дзе быў аформлены пратакол затрыманьня. Праўда гэта ці не, я не ведаю».
Паводле адваката, цяпер з затрыманым вядуцца актыўныя сьледчыя дзеяньні.
«Раней у яго былі прызначаныя адвакаты, але я пакуль не знаёмы з якімі-небудзь дакумэнтамі», — дадаў Сабінін.
28 жніўня сябра грамадзкай рады Дзяржпагранслужбы Ўкраіны Ігар Грыб заявіў пра зьнікненьне свайго 19-гадовага сына Паўла Грыба, які 24 жніўня паехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой пазнаёміўся і меў кантакты толькі ў сацыяльных сетках. Дзяўчына, паводле Паўла, павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі.
Ігар Грыб дазнаўся, што ягоны сын у вышуку на падставе артыкула 205 Крымінальнага кодэксу Расеі (тэрарыстычны акт), а ініцыятар вышуку — ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).
7 верасьня МЗС Украіны даведалася, што Паўло Грыб знаходзіцца ў СІЗА № 5 расейскага гораду Краснадара. Якім чынам Павал Грыб зь Беларусі трапіў у Расею, невядома.
Міністэрства замежных спраў Украіны выказала пратэст расейскаму боку ў сувязі зь беспадстаўным затрыманьнем Паўла Грыба 25 жніўня і ўтрыманьнем у СІЗА ў Краснадары. Украіна абвінаваціла Расею ў парушэньні міжнароднага права і назвала справу «палітычна матываванай».