Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія дэпутаты, якім Менск адмовіў у візах, усё роўна прымаюць удзел у брыфінгу пра «Захад-2017»


Ілюстрацыйнае фота. Падрыхтоўка да вайсковых вучэньняў «Захад-2017». 174-ы Даманаўскі палігон ВПС і СПА Беларусі, які знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне
Ілюстрацыйнае фота. Падрыхтоўка да вайсковых вучэньняў «Захад-2017». 174-ы Даманаўскі палігон ВПС і СПА Беларусі, які знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне

У Менску адбываецца міжнародная дыскусія на тэму «Рэгіянальная бясьпека і вучэньні „Захад-2017“. Погляд зь Менску, Вільні, Варшавы і Кіева».

Экспэрты з суседніх краінаў абмяркуюць выклікі і рызыкі, якія нясуць эўрапейскай супольнасьці сумесныя расейска-беларускія манэўры.

Форуму папярэднічаў міжнародны скандал: шэсьць дэпутатаў парлямэнту Літвы, якія прадстаўляюць розныя фракцыі, не атрымалі ў амбасадзе Беларусі ў Вільні візы на ўезд у Беларусь.

Нягледзячы на гэта, літоўскія экспэрты будуць працаваць у рэжыме відэамоста. Па відэасувязі зь Менскам сваю пазыцыю выкладуць экс-міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, сябра камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароне Сэйму Літвы Лаўрынас Кашчунас, былая міністарка абароны Літвы Раса Юкнявічэне.

У вітальным слове старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які ўзяў на сябе функцыі мадэратара, задаўся пытаньнем: чаму столькі ажыятажу вакол падзеі, якая ня першы раз адбываецца? Адказваць на гэтае пытаньне давялося незалежным экспэртам, паколькі дзяржаўныя чыноўнікі зь Мінабароны і МЗС запрашэньне праігнаравалі.

Так, вайсковы аналітык Андрэй Паротнікаў перакананы, што падставай да занепакоенасьці стала перадусім агрэсіўная палітыка Расеі ва Ўкраіне. Адпаведна, няма ніякай гарантыі, што пад тлумачэньнем «абароны суайчыньнікаў» Масква не захоча паўтарыць аналягічны сцэнар у іншых краінах.

Незалежны экспэрт Андрэй Фёдараў лічыць, што заклапочанасьць выклікана «марыянэтачным статусам» беларускага войска, якое падчас вучэньняў ня будзе мець права голасу, а мусіць выконваць загады расейскага камандаваньня. У такім выпадку беларускі бок ня здолее нічога супрацьпаставіць захопніцкім плянам «саюзьніка».

Сябра камітэту па міжнародных справах Сэйму Польшчы Міхал Камінскі заявіў, што сутнасьцю супярэчнасьцяў Расеі і Ўкраіны, якія прывялі да вайны, стала рознае разуменьне сутнасьці дэмакратыі:

«На прыкладзе былой савецкай рэспублікі расейцы могуць пабачыць, што існуе славянскі народ, які нармальна выбірае дэпутатаў, прэзыдэнта, дзе існуе свабодная прэса. Такі прыклад прэзыдэнту Пуціну не патрэбны. Таму ён зробіць усё, каб не дапусьціць дэмакратычных працэсаў яшчэ і ў Беларусі».

Прысутнічаюць прадстаўнікі амбасадаў Літвы, Польшчы, Эстоніі, Украіны.

Адначасова ў МЗС Беларусі праходзіць брыфінг для замежных дыпляматаў, прысьвечаны сумесным вучэньням.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG