Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка назваў беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Антызахадам»


Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, сёньня няма гарантый вяртаньня расейскіх войскаў на сваю тэрыторыю пасьля беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017». Пра гэта ён заявіў падчас традыцыйнага штогадовага пасланьня ў парлямэнце.

Парашэнка заявіў пра пагрозу стварэньня Расеяй новых вайсковых груповак для ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.

«Галоўная пагроза з боку Расеі ўсё ж ваенная. Пакуль няма прыкмет, што Масква гатова адступіць з Данбасу або пайсьці з Крыму. А вось доказаў яе падрыхтоўкі да наступальнай вайны кантынэнтальнага маштабу, на жаль, усё больш. Напрыклад, расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017». Хоць, на маю думку, больш слушна было б назваць іх «Антызахад», — заявіў Пятро Парашэнка.

Паводле яго, менавіта празь існую ваенную пагрозу Расеі і правядзеньне маштабных вайсковых вучэньняў побач з Украінаю на ўсіх участках дзяржаўнай мяжы краіны ўзмоцнены кантроль.

«Пад выглядам стратэгічных камандна-штабных вучэньняў не выключаецца стварэньне новых ўдарных груповак расейскіх войскаў для ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны. Сем тысяч плятформаў з жаўнерамі і тэхнікай наблізіліся або набліжаюцца да нашых межаў. І на жаль, ніякіх гарантый, што пасьля завяршэньня манэўраў гэта ўсё вернецца зь Беларусі дадому, у Расею, у нас няма», — падкрэсьліў украінскі прэзыдэнт.

Пятро Парашэнка нагадаў, што ў 2014 годзе пад прыкрыцьцём нібыта гарантаваньня бясьпекі Алімпіяды ў Сочы Расея разгарнула групоўку для правядзеньня спэцапэрацыі захопу тэрыторыі. «У другой палове ліпеня 2008 году праводзіліся вучэньні „Каўказ-2008“, і тады залучаныя да манэўраў расейскія войскі замест таго, каб зь межаў вярнуцца да месцаў дыслякацыі, напалі на Грузію», — аргумэнтаваў ён.

Прэзыдэнт Украіны асаблівую ўвагу зьвярнуў на тое, што кантроль за чыгуначным рухам і ягонае кіраваньне на напрамках перакіданьня войскаў ад акцыянэрнага таварыства «Российские железные дороги» перадаецца дэпартамэнту транспартнага забесьпячэньня Міністэрства абароны Расеі. «Відаць, правяраюць, наколькі гатовыя да вялікай вайны з Захадам ня толькі расейскія ўзброеныя сілы, але і цалкам расейская дзяржава», — мяркуе Пятро Парашэнка.

На тэрыторыі Беларусі 14–20 верасьня пройдуць расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017». У іх плянуецца задзейнічаць каля 13 тысяч вайскоўцаў. Расейскія войскі пачалі прыбываць у Беларусь 15 жніўня. Вучэньні пройдуць на шасьці палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Лосьвідзе, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА — Ружанскім і Даманаўскім, а таксама паблізу вёскі Дрэтунь.

Беларусь запрасіла для назіраньня за вучэньнямі на сваёй тэрыторыі па двое назіральнікаў зь сямі краінаў, у тым ліку і Ўкраіны.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG