У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што забіты ў выніку падрыву аўтамабіля ў пятніцу ў Кіеве ўраджэнец Чачні Тымур Махауры (сапраўднае імя і прозьвішча Алі Тымаеў) быў аб’ектам «паляваньня» з боку расейскіх спэцслужбаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні СБУ на старонцы ў Facebook.
«На яго даўно „палявалі“ расейскія спэцслужбы. За ўвесь час на яго было ўчынена 3 замахі на забойства, у тым ліку 8 сакавіка 2009 году ў Тбілісі шляхам падрыву з дапамогаю самаробнай выбуховай прылады у пад’езьдзе жылога дому. Тады Алі ўдалося выжыць», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле дадзеных СБУ, Тымур Махауры ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях супраць расейскіх войскаў у Дагестане, у грузіна-расейскай вайне на баку Грузіі, а таксама «падтрымліваў сяброўскія адносіны» з байцамі АТА.
«Усімі магчымымі сродкамі змагаўся з „пуцінскім“ рэжымам, быў асабістым ворагам Рамзана Кадырава. Яго стала перасьледавалі спэцслужбы Расеі і Чачэнскай рэспублікі», — пазначана ў паведамленьні СБУ.
Ня Youtube было апублікаванае відэа моманту падрыву аўтамабіля.
Момант выбуху відаць на 53-й сэкундзе:
Рэакцыі расейскіх сілавікоў на гэтыя заявы няма.
У пятніцу ўвечары ў раёне Бесарабскага рынку ў цэнтры Кіева быў падарваны аўтамабіль, у выніку чаго загінуў загінуў Тымур Махауры, цяжкія раненьні атрымала жанчына, а таксама было параненае дзіця, — яны былі ў машыне разам з Махауры.
У паліцыі не выключылі, што справа аб падрыве аўтамабіля ў цэнтры Кіева могуць перакваліфікаваць з наўмыснага забойства на тэракт.
Ва Ўкраіне за больш як год былі ажыцьцёўленыя прынамсі тры мэтанакіраваныя падрывы аўтамабіляў, у выніку чаго загінулі двое афіцэраў ўкраінскіх спэцслужбаў Максім Шапавал і Юры Возны, а таксама беларускі журналіст Павал Шарамет. У выпадку з гібельлю сілавікоў была ўзбуджаная справа аб тэракце, у дачыненьні да журналіста — наўмыснае забойства.