Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўзмацніла кантроль на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з вучэньнямі «Захад-2017»


Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны заяўляе, што ўзмацненьне кантролю над дзяржаўнай мяжой выклікана правядзеньнем расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017», якія пройдуць з 14 па 20 верасьня.

«З пачатку верасьня ў памежным ведамстве стартавалі двухступенныя камандна-штабныя вучэньні органаў кіраваньня і падразьдзяленьняў органаў аховы дзяржаўнай мяжы. Яны праводзяцца ў рамках апэратыўнай падрыхтоўкі Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны. Да вучэньняў таксама прыцягваюцца рэзэрвы памежнага ведамства», — паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Кантроль узмацняецца па ўсіх без выключэньня участках мяжы.

«Кантроль за сытуацыяй ажыцьцяўляецца ня толькі на поўначы, але і ў раёне правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі, на захадзе, поўдні, усходзе і на мяжы з акупаваным Крымам. Памежнікі будуць прыкрываць напрамкі магчымых правакацыйных дзеяньняў і ўзброеных ўварваньняў у цесным узаемадзеяньні з Узброенымі сіламі, Нацгвардыяй і Нацпаліцыяй. Такія захады будуць трываць як мінімум да заканчэньня вучэньняў «Захад-2017», — падкрэсьлілі ў памежнай службе.

На тэрыторыі Беларусі 14–20 верасьня пройдуць расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017». У іх плянуецца задзейнічаць каля 13 тысяч вайскоўцаў. Расейскія войскі пачалі прыбываць у Беларусь 15 жніўня. Вучэньні пройдуць на шасьці палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Лосьвідзе, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА — Ружанскім і Даманаўскім, а таксама паблізу вёскі Дрэтунь.

Беларусь запрасіла для назіраньня за вучэньнямі на сваёй тэрыторыі па двое назіральнікаў зь сямі краінаў, у тым ліку і Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG