Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Безь «Вяйшнорыі», але з узброенымі бандамі. Чым ранейшыя вучэньні адрозьніваюцца ад манэўраў «Захад-2017» (інфаграфіка)


У 2009 годзе беларусы разам з расейцамі трэнаваліся супрацьстаяць варожай авіяцыі. У 2013-м — узброеным бандам дывэрсантаў.

Беларуска-расейскія сумесныя вайсковыя вучэньні пад агульнай назвай «Захад» пачалі праводзіць з 2009 году. Прэзыдэнтам Расеі тады быў Дзьмітрый Мядзьведзеў. Менавіта ён падпісаў дамову з кіраўніком Беларусі, згодна зь якой «Захад» павінен быў праходзіць раз на два гады папераменна на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Да «Захаду» беларускія і расейскія вайскоўцы настолькі маштабна трэнаваліся двойчы — у 2003 і ў 2006 гадах, калі прайшлі сумесныя вучэньні пад назвай «Шчыт саюзу».

У 2009 годзе вучэньні прайшлі ўпершыню непадалёк ад беларуска-польскай мяжы. Наступныя ў 2011 годзе адбываліся на расейскай тэрыторыі. У 2013 «Захад» разам з тысячамі расейскіх вайскоўцаў зноў вярнуўся ў Беларусь. Сёлета вучэньні на тэрыторыі Беларусі праходзяць трэці раз.

Свабода параўнала сцэнары вучэньняў, колькасьць удзельнікаў і задзейнічанай тэхнікі. Як аказалася, вайскоўцы кожны раз стараюцца прыдумаць нешта новае.

«Захад-2009» — супрацьстаяньне паветранаму ўдару і наступленьню войскаў праціўніка

Ад самага пачатку асноўная мэта манэўраў «Захад» — абарона межаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. У 2009 годзе ў вучэньнях удзельнічала больш за 13000 вайскоўцаў — 7000 беларусаў і 6000 расейцаў. У дадатак расейцы далучылі да манэўраў 2000 чалавек, выкліканых з запасу. Тэхнікі таксама было дастаткова — 63 самалёты, 40 верталётаў, каля 470 браневікоў, 228 танкаў, 234 самаходныя і буксаваныя артылерыйскія ўстаноўкі, мінамёты і сыстэмы залпавага агню. Працягваліся вучэньні 10 дзён, з 18 па 29 верасьня.

Асноўным месцам правядзеньня вучэньняў у 2009 годзе быў Абуз-Лясноўскі палігон. Акрамя яго, вайскоўцы трэнаваліся пад Барысавам, на палігоне Даманава і ля Ружанаў.

Cцэнар вучэньняў «Захад-2009» не раскрываўся. Гучалі толькі агульныя фразы пра трэнаваньне супрацьстаяньня паветранаму ўдару. Пра тое, што асноўным элемэнтам першых вучэньняў «Захад» была адпрацоўка сумесных дзеяньняў сыстэмаў супрацьпаветранай абароны, сьведчыць і тое, што расіяне прывезьлі ў Беларусь самыя сучасныя зэнітна-ракетныя комплексы С-400.

Важнасьць вучэньняў «Захад 2009» у палітычным жыцьці абедзьвюх краінаў падкрэсьлівае прыезд на Абуз-Лясноўскі палігон прэзыдэнтаў — Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева. Яны ходам манэўраў засталіся задаволеныя, а Мядзьведзеў падарыў яшчэ зусім юнаму Мікалаю Лукашэнку цацачны пісталет.

«Контарудар войскаў Беларусі і Расіі на 230-м агульнавайсковым Абуз-Лясноўскім палігоне (Брэсцкая вобласьць) завершаны пасьпяховым разгромам умоўнага праціўніка», — паведамляла пра вынікі вучэньняў «Захад 2009» агенцтва БелТА.

«Захад-2013» — ліквідацыя дывэрсійна-тэрарыстычных групаў

У вучэньнях на тэрыторыі Беларусі ўдзельнічала больш за 10 тысяч вайскоўцаў, зь іх, паводле Мінабароны РФ, 2520 расейскіх. Асноўнымі месцамі правядзеньня манэўраў у Беларусі былі шэсьць палігонаў: Абуз-Лясноўскі, Госкі, Асіповіцкі, Барысаўскі, Даманаўскі і Брэсцкі. Колькасьць удзельнікаў — 12900 чалавек. Расейскіх вайскоўцаў зь іх — каля 2500. Тэхнікі на вучэньнях «Захад-2013» было значна менш, чым чатыры гады таму: 350 адзінак, зь якіх 70 танкаў, 50 артылерыйскіх установак, 50 самалётаў і верталётаў. Упершыню выкарыстоўвалі беларускія бесьпілётныя лятальныя апараты. Акрамя расейскіх і беларускіх, у вучэньнях «Захад-2013» таксама прымалі ўдзел каля 300 вайскоўцаў з Армэніі, Казахстану, Кіргізстану і Таджыкістану. Працягваліся вучэньні «Захад-2013» тыдзень, з 20 па 26 верасьня.

«Паводле сцэнару вучэньняў, на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь праніклі экстрэмісцкія групы і бандфармаваньні, якія ставяць сваёй мэтай правядзеньне тэрарыстычных актаў і дэстабілізацыю становішча ў краіне. Ім аказваецца замежная падтрымка ў выглядзе матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі, паставак узбраеньня і вайсковай маёмасьці... Для стабілізацыі становішча на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы ў Рэспубліку Беларусь былі апэратыўна перакінутыя падразьдзяленьні Узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі, якія ў цесным узаемадзеяньні з падразьдзяленьнямі Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь павінны заблякаваць і зьнішчыць умоўныя незаконныя ўзброеныя фармаваньні», — паведамляла пра сцэнар вучэньняў «Захад-2013» расейскае абароннае ведамства.

Ход вучэньняў «Захад-2013» ізноў праінспэктавалі асабіста кіраўнікі краінаў. Замест Мядзьведзева ў Беларусь на гэты раз прыехаў Уладзімір Пуцін. Упершыню ў якасьці кіраўніка расейскага Мінабароны ў вучэньнях «Захад» прымаў удзел Сяргей Шайгу. Сустрэліся Пуцін і Лукашэнка за 20 кілямэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы на Госкім палігоне.

«Захад-2017»

Сёлета ў беларуска-расійскіх манэўрах возьме ўдзел больш расейскіх вайскоўцаў, чым звычайна — каля 3000 чалавек. Пры гэтым кіраўніцтва NATO паведамляе, што афіцыйныя лічбы часта разыходзяцца з рэальнымі і ў Беларусь прыяжджае больш замежных вайскоўцаў, чым анансуецца. Значна больш сёлета будзе і тэхнікі — 680 адзінак (у 2013 годзе было 350).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG