Літоўскія навукоўцы маюць «дастаткова доказаў», каб сьцьвярджаць, што сярод фрагмэнтаў целаў, выяўленых на гары Гедыміна ў Вільні, ёсьць і парэшткі лідэра антырасейскага паўстаньня на Беларусі і Літве 1863-64 гадоў Кастуся Каліноўскага.
Пра гэта ў камэнтары агенцтву BNS сказаў прафэсар катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас, перадае Delfi.
Янкаўскас адзначыў, што для канчатковага пацьверджаньня здагадкі трэба завяршыць дасьледаваньне ўсіх парэшткаў, знойдзеных на гары Гедыміна, аднак наяўныя сёньня археалягічныя і антрапалягічныя дадзеныя гэтай здагадцы не супярэчаць.
«Іншымі словамі, калі мы ня выявім іншага, больш пэўнага кандыдата, зь якім бы супала больш доказаў, то тады будзем сьцьвярджаць, што гэта парэшткі Кастуся Каліноўскага», — сказаў прафэсар.
Раней знайшлі Серакоўскага
На пачатку 2017 году літоўскія археолягі пачалі раскопкі на гары Гедыміна ў Вільні. У ліпені Міністэрства культуры Літвы паведаміла са спасылкай на папярэднія дадзеныя, што на пляцоўцы гары археолягі Літоўскага нацыянальнага музэю знайшлі парэшткі паплечніка Каліноўскага Зыгмунта Серакоўскага.
«Паводле папярэдніх зьвестак, адно з выяўленых целаў, магчыма, належыць кіраўніку паўстаньня 1863 году Серакоўскаму», — гаварылася ў прэс-рэлізе міністэрства.
Паведамлялася пра сканчэньне другога этапу археалягічных дасьледаваньняў на гары Гедыміна. Дасьледавалі ўчастак плошчай 36 кв. м., зафіксавалі гарызонты культурнага пласта да 1,1–2,7 мэтраў, бальшыня зь іх зьвязваецца зь Віленскай вайсковай крэпасьцю, якая існавала там у ХІХ стагодзьдзі. Знайшлі чатыры магілы зь сямю пахаванымі целамі, у трох магілах было па два целы.
Бальшыня целаў пахаваныя без належнай павагі, са зьвязанымі за сьпінай рукамі, аблітыя вапнай.
У адной падвойнай магіле знайшлі кулю, у іншых магілах куляў ня выяўлена. Пры целах знайшлі дэталі адзеньня (спражкі рамянёў, гузікі, некалькі дробных фрагмэнтаў тканіны), асабістыя рэчы нябожчыкаў — мэдальёны рэлігійнага зьместу, крыжыкі.
Адзін зь мёртвых быў закапаны ў асобнай яме. Пры ім знайшлі мэдалік, а на правай руцэ — залаты пярсьцёнак з надпісам з унутранага боку: «Zygmunt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.». Зыгмунт Серакоўскі быў жанаты з Апалёніяй Далеўскай (1841 — пасьля 1915), сястрою Тытуса Далеўскага, якую пасьля паўстаньня 1863–1864 гадоў выслалі ў Ноўгарад. З 1867 году жыла ў Варшаве. Напісала ўспаміны пра паўстаньне.
Як паведамляе Міністэрства культуры Літвы, папярэднія дадзеныя сьведчаць пра тое, што ўсе выяўленыя парэшткі належаць удзельнікам паўстаньня, усе сямёра былі пакараныя сьмерцю.
Папярэдняе дасьледаваньне парэштак правяла антраполяг Віленскага ўнівэрсытэту Юстына Казакайце. Увесь антрапалягічны матэрыял перадалі для далейшага дасьледаваньня на катэдру антрапалёгіі мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту. З увагі на абставіны пахаваньня целаў можна абгрунтавана меркаваць, што ва ўсіх магілах пахаваныя мужчыны, якія загінулі гвалтоўнай сьмерцю.
Таямніца стагодзьдзя
Кастуся Каліноўскага і яшчэ 20 паўстанцаў павесілі на Лукіскай плошчы ў Вільні 22 сакавіка 1864 году. Каб іхнія магілы ня сталі месцам пакланеньня, царскія ўлады пахавалі паўстанцаў таемна. Пра верагоднасьць таго, што іхнія рэшткі знаходзяцца на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні, яшчэ ў 2001 годзе Свабодзе апавядаў гісторык зь Літвы Ўладзіслаў Бікуліч, дасьледчык паўстаньня Каліноўскага.
«Пасьля страты на шыбеніцы іх звозілі на Замкавую гару, дзе тады стаяў расейскі гарнізон, — казаў Бікуліч. — Тут іх і закопвалі пад старадаўнімі мурамі, у брацкай магіле. Увесь час магілу вартавалі маскалі, і ніводзін цывільны вілянчук цягам паўстагодзьдзя ня меў права туды зайсьці. Больш за тое, расейцы зрабілі на магіле паўстанцаў пляцоўку для гульні ў крыкет».
У 1915 годзе расейцы пакінулі Вільню, і археолягі вызначылі дакладнае месца пахаваньня. Падчас раскопак знайшлі людзкія парэшткі, фрагмэнты паўстанцкіх чама́рак, спражкі, абутак. У міжваенны час тут быў мэмарыял — крыжы і мармуровая табліца з высечанымі імёнамі паўстанцаў: Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага, Браніслава Калышкі — усяго каля пятнаццаці чалавек.
Калі ў 1940 годзе Вільня стала часткай савецкай Літвы, крыжы на магіле паўстанцаў спалілі, а табліца зьнікла бязь сьледу. Да нядаўняга часу на гары Гедыміна не было ніякіх згадак пра пахаваных паўстанцаў.