На паўднёва-ўсходнім схіле гары Гедыміна фармуюцца асяродкі напружаньня, у якіх пры неспрыяльным надворʼі могуць узьнікнуць апоўзкі глебы, можа трэснуць ці нават абрынуцца фрагмэнт Верхняга замку, дзе ўтварыліся расколіны шырынёй у сантымэтар, паведамляе партал Delfi. Гэта спрабуюць прадухіліць, працы плянуюць пачаць сёлета.
Прэмʼер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс 20 чэрвеня пасьля наведаньня гары Гедыміна запэўніў, што ўрад неўзабаве прыме рашэньне наконт працаў, неабходных, каб прывесьці гару ў парадак. На паўночна-заходнім схіле таксама абсталююць сыстэму назіраньня, каб сачыць за кожным рухам гары. Яшчэ больш праблемаў з паўднёвым схілам, дзе, паводле міністра, ёсьць «некалькі апоўзкаў глебы, некалькі асяродкаў, яны абʼядналіся, пры непагадзі або падчас адлігі ўзімку там гарантаваны вялікі апоўзак і нават адкол часткі замку і яе спаўзаньне». Мяркуецца, што ўсе працы расьцягнуцца гадоў на 10.
У пачатку 2017 году літоўскія археолягі пры раскопках на гары Гедыміна знайшлі парэшткі чатырох чалавек. Побач з парэшткамі аднаго з памерлых знойдзены срэбны мэдальён, выраблены ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя. Знаходка дазволіла археолягам выставіць гіпотэзу, што памерлыя пахаваныя не раней за другую палову XIX стагодзьдзя і што гэта могуць быць пахаваньні паўстанцаў 1863–1864 гадоў.
Кастуся Каліноўскага і яшчэ 20 паўстанцаў павесілі на Лукіскай плошчы ў Вільні 22 сакавіка 1864 году. Каб не зрабіць зь месца пахаваньня паўстанцаў культу, царскія ўлады пахавалі паўстанцаў таемна. Найбольш верагодна, што іхныя парэшткі і да сёньня знаходзяцца на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні. Пра гэта ў 2001 годзе Свабодзе апавядаў гісторык зь Літвы Ўладзіслаў Бікуліч, дасьледнік паўстаньня Каліноўскага.
«Пасьля страты на шыбеніцы іх звозілі на Замкавую гару, дзе тады стаяў расейскі гарнізон, — распавядаў Бікуліч. — Тут іх і закопвалі пад старадаўнімі мурамі, у братняй магіле».
У 1915 годзе расейцы пакінулі Вільню, і археолягі знайшлі дакладнае месца пахаваньня. Падчас раскопак былі знойдзеныя людзкія парэшткі, фрагмэнты паўстанцкіх чамарак, спражкі, абутак. У міжваенны час тут быў мэмарыял: крыжы і мармуровая табліца з высечанымі імёнамі паўстанцаў: Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага, Баляслава Колышкі — усяго каля пятнаццаці чалавек.
Калі ў 1940 годзе Вільня стала часткаю савецкай Літвы, крыжы на магіле паўстанцаў спалілі, а табліца зьнікла бязь сьледу.