Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе шукаць магілы Ўсяслава Чарадзея, Вітаўта, Скарыны і іншых легендарных беларусаў


Дзе пахаваныя вядомыя беларусы XIX і XX стагодзьдзя, часьцей за ўсё вядома. А дзе шукаць магілы дзеячоў 500- і 1000-гадовай даўніны? Дзе можа быць пахаваны Ўсяслаў Чарадзей і князь Міндоўг, а дзе родавая пахавальня Сапегаў і Радзівілаў — Свабода расшукала магілы легендарных дзеячоў краіны.​

Усяслаў Чарадзей

У Полацку мусіць быць цэлы пантэон. Тут жылі такія знакавыя для гісторыі Беларусі асобы як Рагвалод, Рагнеда, Торавальд Вандроўнік, Усяслаў Чарадзей, Эўфрасіньня Полацкая, Сімяон Полацкі, Францішак Скарына.

Аднак дакладна вядома толькі месца, дзе знаходзяцца рэшткі Эўфрасіньні. Яна памерла ў 1167 годзе ў Ерусаліме. Доўгі час мошчы захоўваліся ў Кіеве. У 1910 годзе іх перавезьлі ў Полацак. Цяпер мошчы — у Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры.

А дзе пахаваныя іншыя выбітныя палачане, невядома. На думку пісьменьніка Ўладзімер Арлова, было б лягічна, каб Усяслаў Брачыславіч быў пахаваны ў Сафійскім саборы, бо велічны храм быў збудаваны на ягоны загад. Аднак за амаль тысячагадовую гісторыю Сафійскі сабор цярпеў ад войнаў, пажараў і перабудоваў. Археолягі праводзілі раскопкі на тэрыторыі сабора і Чарадзеева пахаваньня тут не знайшлі.

Як мяркуе гісторык Дзяніс Дук, аўтар кнігі «Полацак і палачане (IX–XVIII стст.)», храм-пахавальня Ўсяслава Чарадзея можа быць знойдзены на стрэлцы Ніжняга Замку ў Полацку. Яшчэ ў 1970-я гады падчас археалягічных раскопак расейскі навуковец Павел Рапапорт знайшоў тут рэшткі сьценаў з фрэскамі, крыпты і фрагмэнт шыфэрнага саркафагу. Дук лічыць, што там мусіў быць пахаваны вельмі знакаміты чалавек. Найхутчэй — Усяслаў Чарадзей.

Міндоўг

Гара Міндоўга на фотаздымку Яна Булгака
Гара Міндоўга на фотаздымку Яна Булгака

Ад сярэдзіны 1240-х да 1323 году сталіцай Вялікага Княства Літоўскага быў Наваградак. Да таго, як Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню, Наваградак быў сьведкам прынамсі дзевяці князёў Вялікага Княства. Але дакладных месцаў пахаваньня вялікіх князёў XIII і XIV стагодзьдзя невядома. Існуе толькі вэрсія, што Міндоўг мог быць пахаваны каля кургана. Сёньня гэты пагорак у Наваградку вядомы як Гара Міндоўга.

У 1250 годзе Міндоўг перайшоў у каталіцтва, каб атрымаць дапамогу ад Рыму. Але незадоўга перад сьмерцю, паводле легенды, ён адмовіўся ад хрысьціянства, а таму быў пахаваны па паганскім абрадзе пад курганом. Пра гэта паданьне згадваецца ў манаграфіі пра Наваградак, выдадзенай у 1795 годзе ў Львове.

З канца XVII стагодзьдзя на Гары Міндоўга месьціліся хрысьціянскія могілкі. Апошні раз тут хавалі на пачатку 1920-х гадоў. Зараз на гары можна знайсьці рэшткі старых надмагільляў. У 1993 годзе да 740-й гадавіны каранацыі Міндоўга каля гары ўстанавілі памятны знак.

Альгерд

Помнік Альгерду ў Віцебску
Помнік Альгерду ў Віцебску

Падчас кіраваньня Альгерда Вялікае Княства Літоўскае павялічылася больш як удвая. Сын Гедзіміна, ён нарадзіўся паганцам. Па самай распаўсюджанай вэрсіі, перайшоў у праваслаўе пасьля таго, як ажаніўся зь віцебскай князёўнай.

Альгерд памёр на 80-м годзе. Дзе ягоная магіла, дакладна не вядома. У гістарычных крыніцах сустракаюцца розныя вэрсіі на гэты конт. «Лівонская хроніка» была напісана Германам Вартбэргерам яшчэ пры жыцьці Альгерда. У ёй сьцьвярджаецца, што Альгерд памёр паганцам, а таму быў пахаваны па старажытным абрадзе: князя спалілі разам зь 18 коньмі і каштоўнымі рэчамі.

Ян Длугаш, польскі храніст, што жыў у XV стагодзьдзі, адзначае што Альгерда спалілі ў багатым строі з адным канём. Паводле Длугаша, Альгерда пахавалі ў Кукавейцкім гаі паблізу мястэчка Мейшаголы, што ў 30 км на паўночны захад ад Вільні.

З дакладнай пэўнасьцю вызначыць месца пахаваньня Альгерда і сёньня нельга. Гісторыкі спрачаюцца нават у факце, ці мог быць спалены Альгерд. Бо ў XIV стагодзьдзі пра спаленьне сярод літоўскіх паганцаў пісалі толькі храністы Лівонскага ордэну, у той час як мясцовыя хрысьціяне сьведчаць, што паганцы перанялі абрад трупапалажэньня.

Вітаўт Вялікі

Катэдральная плошчы ў Вільні
Катэдральная плошчы ў Вільні

Адзін з найвядомейшых вялікіх князёў літоўскіх. Пры ім княства дасягнула найбольшых у гісторыі памераў: ад Балтыйскага да Чорнага мора. Сярод іншага Вітаўт стаў першым князем, месца пахаваньня якога было зафіксавана. Разам з жонкай Ганнай Сьвятаславаўнай ён пахаваны ў Катэдральным саборы Сьвятых Станіслава Ўладзіслава ў Вільні.

На месцы сучаснага касьцёла да канца XIV стагодзьдзя быў язычніцкі храм. У 1387 годзе, калі Літву пачалі хрысьціць у каталіцтва, Ягайла прыбыў са сьвітай з Кракава і разбурыў паганскую бажніцу ў Вільні. На яе месцы ўжо каранаваны кароль Ягайла заклаў касьцёл.

У 1392 годзе князем літоўскім стаў Вітаўт. Ён перабудаваў храм пасьля пажару 1419 году. Князь меў намер каранавацца тут каралеўскай каронай. Пры Вітаўту касьцёл Сьвятога Станіслава набыў статус галоўнага каталіцкага храма краіны.

У гэтым касьцёле каранаваліся ўсе вялікія князі літоўскія ад Вітаўта да Жыгімонта ІІ Аўгуста. Акрамя Вітаўта, у катэдральным касьцёле пахаваныя яшчэ тры князі: два апошнія з роду Гедзімінавічаў Сьвідрыгайла і Жыгімонт, а таксама Аляксандар Ягелончык.

За шэсьць стагодзьдзяў з часу сьмерці Вітаўта дакладнага месца ягонага пахаваньня ў касьцёле Сьвятога Станіслава не захавалася. Сёньня ў храме стаяць надмагільлі князя Аляксандра Ягелончыка і княгіні Барбары Радзівіл, княгіні Елізаветы Аўстрыйскай, а таксама сэрца Уладзіслава IV Вазы.

Францішак Скарына

Помнік Францішку Скарыну ў Менску
Помнік Францішку Скарыну ў Менску

Сын полацкага гандляра, адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI стагодзьдзі, Францішак Скарына пакінуў у спадчыну ня толькі свае кнігі, але і шмат загадак. Адна з найгалоўнейшых тычыцца месца сьмерці і пахаваньня.

Не пазьней за 1538 год Скарына пераехаў у Прагу. Там ён працаваў садоўнікам у новым батанічным садзе пры каралеўскім двары. Адныя дасьледчыкі лічаць, што Скарына памёр падчас пажару ў Празе каля 1540—1541 года. Аднак найбольшая частка гісторыкаў схіляецца да думкі, што Скарына памёр у Празе ці ў 1551, ці ў 1552 годзе.

Да апошняга часу месца пахаваньня Францішка Скарыны не было вядомым. Толькі ў 2017 годзе на старонках газэты «Звязда» дасьледчык Адам Мальдзіс выказаў здагадку, дзе можа быць пахаваны першадрукар. На думку Мальдзіса, найхутчэй магілу Скарыны варта шукаць у Чэскім-Крумлаве — горадзе на поўдні Чэхіі. Мальдзіс нават называе дакладнае месца, дзе можа быць магіла Скарыны — касьцёл Сьвятога Віта. Ні пацьвердзіць, ні абвергнуць гэтую тэорыю пакуль не ўдалося.

Мікалай Радзівіл Сіротка

Касьцёл Божага цела ў Нясьвіжы
Касьцёл Божага цела ў Нясьвіжы

Уплывовы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка заснаваў ардынацыю на Нясьвіжы ў 1586 годзе. Ён фундаваў будаўніцтва палацу, які стаў рэзыдэнцыяй Радзівілаў, а таксама касьцёла Божага цела — першага барочнага храму ў Рэчы Паспалітай.

Крыпта ў касьцёле Божага цела стала родавай пахавальняй Радзівілаў. Першым тут пахавалі самога фундатара касьцёла — Мікалая Радзівіла Сіротку, які памёр у 1616 годзе. Сёньня ў касьцёльнай крыпце захоўваюцца 72 саркафагі большасьці прадстаўнікоў роду Радзівілаў ад XVI да XXI стагодзьдзя. Гэта трэцяя па колькасьці дынастычных пахаваньняў крыпта Эўропы пасьля Габсбургаў і Бурбонаў.

Асаблівасьць нясьвіскай крыпты ў тым, што пахаваныя тут людзі забальзамаваныя. Такую ідэю прывёз Сіротка пасьля наведваньня Блізкага Ўсходу. Найбольш верагодна, з Эгіпту ён прывёз рэцэпт для бальзамаваньня трупаў.

У касьцёльнай крыпце зьмяшчалі саркафагі Радзівілаў да 1936 году. За савецкім часам крыпта ня дзейнічала. Але ў 2000 годзе тут зьявілася новае пахаваньне — прах Антонія Радзівіла. Прадстаўнік княскага роду памёр у Англіі, але даў запавет пахаваць свой прах у родавай пахавальні ў Нясьвіжы.

Леў Сапега

Драўляная скульптура Льва Сапегі ў Ружанах
Драўляная скульптура Льва Сапегі ў Ружанах

Аўтар «першай Канстытуцыі» Вялікага Княства Літоўскага — Трэцяга Статуту — за сваё жыцьцё пасьпеў зьмяніць тры рэлігіі. Народжаны ў праваслаўным родзе, ён у маладосьці перайшоў у кальвінізм, а потым — у каталіцтва.

Леў Сапега быў вядомы як мэцэнат. У 1594 годзе ён перадаў свой палац у Вільні пад кляштар манахіням-бэрнардынкам. Таксама ён фундаваў будаўніцтва касьцёла пры новым кляштары. Будаўніцтва касьцёла скончылася ў 1625 годзе. Калі ў 1633 годзе памёр Леў Сапега, яго пахавалі пры гэтым касьцёле. Пазьней тут хавалі ягоных сваякоў і нашчадкаў. Касьцёл лічыцца родавай пахавальняй Сапегаў.

Справа ад галоўнага алтара ў касьцёле знаходзіцца помнік Льву Сапегу і двум ягоным жонкам. Прах Сапегаў зьмешчаны ў крыпце пад алтаром.

З 1948 году касьцёл Сьвятога Міхала функцыянуе як музэй. За савецкім часам тут разьмяшчаўся Архітэктурны музэй. У 2009 годзе літоўскія ўлады пасьля рамонту ў касьцёле адкрылі тут Музэй царкоўнай спадчыны.

Тадэвуш Касьцюшка

Касьцёл у Косаве, дзе быў ахрышчаны Касьцюшка
Касьцёл у Косаве, дзе быў ахрышчаны Касьцюшка

Як пры жыцьці Тадэвуш Касьцюшка змагаўся за волю прыгнечаных народаў ды разрываўся паміж Новым і Старым сьветам, так і пасьля сьмерці ягонае цела доўга не магло знайсьці месца канчатковага спачыну.

Пасьля разгрому паўстаньня 1794 году Тадэвуш Касьцюшка правёў два гады ў вязьніцы — у Петрапаўлаўскай крэпасьці ў Санкт-Пецярбургу. Пасьля вызваленьня ў 1806 годзе ён пераехаў у ЗША, а потым — у Эўропу. Да самай сьмерці ў 1817 годзе ён жыў у горадзе Золатурн у Швайцарыі.

Першапачаткова там ён і быў пахаваны — у езуіцкай царкве. Ягонае цела забальзамавалі і з паўгода трымалі ў склепе царквы. У 1818 годзе забальзамаванае цела Касьцюшкі даставілі ў Кракаў і зьмясьцілі ў катэдры Сьвятых Станіслава і Вацлава на Вавэлі. Там яно знаходзіцца і сёньня — у крыпце Леанарда.

Перад бальзамаваньнем ягоныя ўнутраныя органы вынялі і пахавалі асобна на могілках гораду Цухвіль каля Золатурна. Там яны застаюцца па сёньня.

Сэрца Касьцюшкі захоўвалі ў асобнай скрыні ў польскім музэі гораду Рапэрсьвіль у Швэйцарыі. У 1927 годзе яго разам зь іншымі экспанатамі музэю перавезьлі ў Варшаву — у капліцу Каралеўскага палацу.

Адам Міцкевіч

Дом-музэй Адама Міцкевіча ў Наваградку
Дом-музэй Адама Міцкевіча ў Наваградку

У кракаўскім катэдральным касьцёле Сьвятога Станіслава і Сьвятога Вацлава ў каралеўскім замку хавалі польскіх каралёў ад пачатку XIV стагодзьдзя. Тут пахаваная большасьць каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх.

Пазьней у Вавэлі сталі хаваць ня толькі каралёў і князёў, але і ўсіх заслужаных людзей. І нават пераносілі зь іншых месцаў целы пахаваных раней людзей.

Напрыклад, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторы памёр і быў пахаваны ў 1586 годзе ў Горадні. У гарадзенскім Старым замку месьцілася рэзыдэнцыя Баторыя. Але неўзабаве ягонае цела перавезьлі ў Кракаў і перапахавалі на Вавэлі.

Падобная гісторыя была і зь целам Адама Міцкевіча. Пасьля справы філяматаў ён быў выгнаны з абшараў былога Вялікага Княства. З 1832 года ён жыў і працаваў у Парыжы. Ён памёр падчас эпідэміі халеры ў Стамбуле ў 1855 годзе. Быў першапачаткова пахаваны на могілках Монмарсі ў Парыжы. Але ў 1889 годзе перапахаваны на Вавэлі.

Таксама на Вавэлі знаходзяцца магілы Ягайлы, Соф’і Гальшанскай, Казіміра Ягелончыка, Жыгімонта Аўгуста, Жыгімонта Старога, Жыгімонта Вазы, Уладыслава Вазы.

Кастусь Каліноўскі

Малюнак пахаваньня паўстанцаў аўтарства Ўладзіслава Загорскага, які захоўваецца ў архівах Літоўскага нацыянальнага музэю
Малюнак пахаваньня паўстанцаў аўтарства Ўладзіслава Загорскага, які захоўваецца ў архівах Літоўскага нацыянальнага музэю

Кастуся Каліноўскага і яшчэ 20 паўстанцаў павесілі на Лукіскай плошчы ў Вільні 22 сакавіка 1864 году. Каб не зрабіць зь месца пахаваньня паўстанцаў культу, царскія ўлады пахавалі паўстанцаў таемна. Найбольш верагодна, іхнія рэшткі і сёньня знаходзяцца на гары Гедзіміна ў цэнтры Вільні. Пра гэта ў 2001 годзе Свабодзе апавядаў гісторык зь Літвы Уладзіслаў Бікуліч, дасьледчык паўстаньня Каліноўскага.

«Пасьля страты на шыбеніцы іх звозілі на Замкавую гару, дзе тады стаяў расейскі гарнізон, — распавядаў Бікуліч. — Тут іх і закопвалі пад старадаўнімі мурамі, у братняй магіле. Увесь час магілу вартавалі маскалі, і ніводзін цывільны вілянчук цягам паўстагодзьдзя ня меў права туды зайсьці. Больш за тое, расейцы зрабілі на магіле паўстанцаў пляцоўку для гульні ў крыкет».

У 1915 годзе расейцы пакінулі Вільню, і археолягі знайшлі дакладнае месца пахаваньня. Падчас раскопак былі знойдзеныя людзкія парэшткі, фрагмэнты паўстанцкіх чама́рак, спражкі, абутак. У міжваенны час тут быў мэмарыял: крыжы і мармуровая табліца з высечанымі імёнамі паўстанцаў: Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага, Браніслава Калышкі — усяго каля пятнаццаці чалавек.

Калі ў 1940 годзе Вільня стала часткай савецкай Літвы, крыжы на магіле паўстанцаў спалілі, а табліца зьнікла бязь сьледу. Да нядаўняга часу на гары Гедзіміна не было ніякіх згадак пра пахаваных паўстанцаў.

У пачатку 2017 года літоўскія археолягі пачалі тут раскопкі. Гісторыкі Літоўскага нацыянальнага музэю знайшлі парэшткі чатырох чалавек. Побач з парэшткамі аднаго з памерлых знойдзены срэбны мэдальён, выраблены ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя. Гэтая знаходка дазваляе археолягам высунуць гіпотэзу, што памерлыя былі пахаваныя не раней за другую палову XIX стагодзьдзя. Яны высунулі гіпотэзу, што гэта могуць быць пахаваньні паўстанцаў 1863—1864 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG