Пачатак ТУТ
Апытаць яго папрасіў падсудны Курневіч, які сваёй віны не прызнаў і сядзіць у клетцы. Сутнасьць справы такая. Падсудны Страпко, які віну прызнаў і ходзіць сваімі нагамі, паказаў, што Курневіч да ці пасьля зьмены сядаў да яго ў машыну на пляцоўцы каля Ашмянскай мытні і там перадаваў яму грошы. Курневіч кажа, што гэта агавор, бо на працу і з працы яго і ягонага суседа Чакунова заўсёды вазіла ягоная жонка. Яна нават не заяжджала на пляцоўку, высаджвала іх ці забірала і ехала далей. А Страпко ставіў машыну на пляцоўцы, бо на час працы пакідаў сваё аўто тут. Чакуноў і цяпер працуе на мытні ў тэхнічным аддзеле (праграмнае забесьпячэньне, кампутары і г.д.). Ягоны аддзел прыпісаны да зьмены мытнікаў. Таму калі выходзіў на працу Курневіч, выходзіў і Чакуноў. Словам, калі б Курневіч сядаў у машыну да Страпко да ці пасьля працы, Чакуноў ня мог гэтага ня бачыць і цяпер кажа, што не было такога.
Пасьля таго, як сьведка пакінуў залю, пракурор запытаўся ў Страпко: Ці Чакуноў прысутнічаў пры перадачы вам Курневічам грошай? Страпко: Я ня помню.
Гэтае «ня помню» ўсю ранейшую інфармацыю (пра атрыманьне грошай) як бы пераводзіць у неістотнае, а таму безэмацыйнае поле і парадаксальным чынам робіць яе для пракурора… даставернай. Як факт, які заўсёды сам па сабе безэмацыйны. Тады як «усё помню» Чакунова, наадварот, застаецца эмацыйным і таму мала падобным на пратакольны факт. У гэтым парадоксе хаваецца схільнасьць пракурора і суду больш верыць у агавор, чым у праўдзівыя паказаньні, у тое, што «было», чым у тое, чаго не было, у віну, чым у невінаватасьць.
Гэты парадокс насамрэч кіруе ўсім працэсам. Да прыкладу, на запыт пракуратуры Мытны камітэт прыслаў зьвесткі пра ўсе чатыры з паловай тысячы машын, за якія нібыта плаціліся грошы, з указаньнем тых відаў мытнага кантролю, якія ўжываліся да кожнай. Ці далучаць гэта ўсё да справы? – пытаецца судзьдзя ў адвакатаў. Адзін адказвае за ўсіх: «На усмотрение суда». А што думаюць абвінавачаныя? Юркойць за ўсіх: Вядома, далучаць, гэта важны дакумэнт, дайце нам азнаёміцца.
Адвакатам, нібыта, ужо ўсё ясна і можна нічога не далучаць. Гэта пры тым, што новы дакумэнт (а гэта цэлы тоўсты том) можа радыкальна зьмяніць «віну» іхных кліентаў, а то й засьведчыць пра іх невінаватасьць. Але запрацоўвае парадокс безэмацыйнасьці, бо адвакаты прынялі для сябе ранейшыя зьвесткі пра машыны як факт. Тым больш, што і кліенты большасьці адвакатаў прызналі, што атрымлівалі за афармленьне гэтых машын хабар. А тут раптам усплыве… Дарэчы, адкуль у абвінавачаньні тыя ранейшыя зьвесткі пра машыны? З паказаньняў бізнэсоўца Тураева, былога мытніка Ігара Высоцкага і іншых «прызнантаў» – такіх самых Страпко, якія «тут помню, а тут ня помню».
З гэтых паказаньняў узяты і быццам сам сабою для ўсіх зразумелы канцэпт гэтага працэсу, маўляў, калі фуру ўскрывалі і даглядалі, значыць, хабару за яе афармленьне быць не магло, а калі не ўскрывалі і не даглядалі, значыць, плаціліся грошы. Але мытня ня мусіць ускрываць і даглядаць усе фуры, а толькі тыя, у якіх спрацаваў профіль рызыкі ці індыкатар рызыкі. Абсалютная большасьць фураў афармляецца без ускрыцьця і дагляду. Так было, ёсьць і будзе, гэтага патрабуе заканадаўства. Дык што, за абсалютную большасьць машын бізнэс плаціць хабар пасярэднікам, тыя – мытным начальнікам, а тыя – шараговым інспэктарам? З фабулы працэсу над ашмянскімі мытнікамі вынікае менавіта такая выснова.
Прынамсі пракурор у гэтым сьвята перакананы, а таму знаходзіць «усе падставы» заявіць суду зыск на спагнаньне з абвінавачаных розных сумаў грошай, ад 5 да 24 тысяч даляраў. Тыя падсудныя, што прызналі сваю віну, ізноў пачынаюць торг. Сумы прызнаюць часткова і ў такім аб’ёме абавязуюцца іх заплаціць.
Гэты торг далярамі пасьля паўплывае на тэрміны, якія запросіць для абвінавачаных пракурор. Так было ў працэсе мытных начальнікаў у абласным судзе. Калі хто сплаціў – атрымае на год ці два меней турмы. Не хачу маралізаваць, але выглядае ўсё гэтае торжышча даволі ўбога на фоне адсутнасьці аб’ектыўных фактаў, што даказвалі б уласна само злачынства – дачу і атрыманьне хабару. Зноў суд сплывае ў безэмацыйнае поле, і хабар – гэта ўжо як бы і не злачынства, а нешта неістотнае, што ня трэба даказваць, важна падзяліць грошы і тэрміны. І тыя, хто ў гэтым удзельнічае, тыя, што прызналі сябе хабарнікамі, атрымаюць па выніку меней.
– Я прызнаю сваю віну ў поўным аб’ёме і пастараюся заплаціць усё, – кажа Часнойць.
– Раней вы прызнавалі віну часткова, – кажа судзьдзя. – У сувязі з чым зьмянілі свае адносіны?
– У сувязі з тым, што ў гэтым працэсе ня здолеў даказаць сваю невінаватасьць.
– А вы й не павінны нічога даказваць, – кажа судзьдзя, намякаючы на прэзумпцыю невінаватасьці.
Але кажа гэта судзьдзя з насьмешкай. Быццам ведае, што ўсё ўжо даказана – яшчэ на папярэднім сьледзтве ў КДБ, дзе Часнойць падпісаў прызнальныя паказаньні на сябе і іншых, а іншыя – на сябе і на яго.
Ад Юркойця пракурор запатрабаваў 12 тысяч даляраў. Але ні Юркойць, ні астатнія тры «непрызнанты» ня ведаюць, што гэта за грошы, маўляў, яны іх не атрымлівалі.
– Хоць бы раскажыце, якім чынам, з чаго фармаваліся такія сумы, – заўважае Курневіч.
– У мяне ў параўнаньні з ранейшым абвінавачаньнем сума павялічылася на паўтары тысячы, – горка пасьміхаецца Тадэвуш Высоцкі. – За два гады сядзеньня ў СІЗА працэнты нарасьлі ці што?
У пятніцу ў 11.20 у працэсе пачнуцца спрэчкі.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.