Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбалёва пра будаўнічы канфлікт у Бараўлянах: «Да нас прыслухоўваюцца, хоць у асноўным не саступаюць»


Архітэктурная рада НДІ горадабудаўніцтва аднагалосна ўхваліла генплян новай забудовы Бараўлянаў, зьменаў якога дамагалася ініцыятыўная група, нядаўна сфармаваная жыхарамі пасёлку.

Адзін з кіраўнікоў ініцыятыўнай групы Вадзім Трэфілоўскі і сьпявачка, дэпутатка мясцовага сельсавету Ларыса Грыбалёва, якіх запрасілі на сход, пракамэнтавалі Свабодзе вынікі галасаваньня.

Паводле Вадзіма Трэфілоўскага, улады амаль не прыслухаліся да патрабаваньняў ініцыятыўнай групы.

Што да Ларысы Грыбалёвай, яна лічыць, што ў адным з трох канфліктных пунктаў дасягнуты кампраміс і ёсьць магчымасьць змагацца за зьмены ў іншых спрэчных пытаньнях.

«Да нас прыслухоўваюцца, хоць у асноўным не саступаюць», — мяркуе вядомая жыхарка Бараўлянаў.

Спрэчныя моманты

Нагадаем, актывісты дамагаліся, каб дзіцячы садок і школу будавалі ня ў лесе побач з пасёлкам, а ў іншым месцы. Іначай, кажуць яны, будзе зьнішчана амаль 5 гектараў бараўлянскага лесу.

Таксама подпісы зьбіраліся супраць ператварэньня мясцовай дарогі, якая праходзіць побач з катэджамі, у транзытную трасу — на думку актывістаў, яна стане небясьпекай для жыцьця дзяцей і ўвогуле здароўя жыхароў Бараўлянаў.

Трэцім спрэчным пунктам стаў плян уладаў распачаць у пасёлку масавую будоўлю шматпавярховікаў. Як мяркуюць сябры ініцыятыўнай групы, гэта пагоршыць экалягічны стан і абвострыць у пасёлку бытавыя і сацыяльныя праблемы.

«Невялікі кампраміс дасягнуты, але будзем далей змагацца»

30 жніўня на паседжаньне архітэктурнай рады, якая разглядала плян забудовы Бараўлянаў, былі запрошаныя супрацоўнікі розных зацікаўленых дзяржаўных устаноў, праектанты, мясцовыя дэпутаты, прадстаўнікі грамадзкасьці. Журналістаў недзяржаўных мэдый на сустрэчу не пусьцілі, хоць для здымачнай групы БТ зрабілі выключэньне. Ці ўдалося дасягнуць кампрамісу паміж ранейшым праектам забудовы Бараўлянаў і прапановамі ініцыятыўнай групы жыхароў пасёлку?

Вадзім Трэфілоўскі, адзін з кіраўнікоў ініцыятыўнай групы
Вадзім Трэфілоўскі, адзін з кіраўнікоў ініцыятыўнай групы

Вадзім Трэфілоўскі: «Невялікі кампраміс дасягнуты адносна праектаванай дарогі № 3. Нам паведамілі, што пакуль яе будаваць ня будуць, але пакінуць у рэзэрве да 2030 году. Праектаваць будуць толькі тыя кавалкі, якія патрэбныя для будаўніцтва іншых аб’ектаў. То бок калі будуць будаваць школу і садок, тады пракладуць туды дарогу, калі шматкватэрныя дамы — тады таксама. Але мы лічым, што гэта такая магчымасьць для заканадаўцаў і праектантаў дваіста тлумачыць плян забудовы.

Да таго ж, як мы ні былі супраць, яны ўсё роўна захавалі для гэтай вуліцы катэгорыю «В». А катэгорыя «В» — гэта вуліца з праходнасьцю больш за тысячу аўтамабіляў у гадзіну, рэальна гэта як праспэкт. І пакінуць гэты праект у нас, хоць не на сёньня, а на заўтра — мы гэтага ўсё роўна не разумеем. Аднак, як мы ні даказвалі, нас ня чуюць. Нават патлумачыць дакладна не змаглі, чаму пакінулі.

Другі спрэчны пункт: пабудова ў лесе школы і садка. Магчыма, гэта самае балючае пытаньне, і цяжка будзе патлумачыць жыхарам Бараўлянаў, чаму нам не ўдалося дамагчыся адмены гэтай забудовы. Побач ёсьць поле, куды можна было перанесьці будаўніцтва гэтых аб’ектаў. Але чаму не зьмянілі, чаму ўсё ж у лесе — нам зноў не патлумачылі. Адзінае, што дэпутаты, якія прысутнічалі на сустрэчы, паабяцалі нам, што будуць імкнуцца захаваць усе дрэвы. Паводле сёньняшніх плянаў, з 5,5 гектара лесу высякаюць 4,8. То бок застаецца толькі 10%. Дык вось нам сказалі, што будуць пераглядаць праект і паведамяць нам, што атрымалася.

Цяпер што да будаўніцтва шматпавярховікаў. Адназначна сказалі, што будаваць такія дамы будуць — тут нас зноў амаль не пачулі. Што будуць будаваць такія дамы на ўсіх пунктах, якія там засталіся, на гэтым полі. І яшчэ будзе дзіцячы садок. Мяркую, таму і ня хочуць пераносіць сюды будаўніцтва школы, бо ўсе месцы аддадзеныя пад дамы.»

Карэспандэнт: Ці пагодзіцца з такімі рашэньнямі ваша ініцыятыўная група?

Вадзім Трэфілоўскі: «Вядома, не. Мы будзем далей змагацца, але найперш на заканадаўчым узроўні. Мы ня хочам ніякіх выступаў, ніякіх пікетаў, дзеяньняў супроць улады. Хаця гэтым рашэньнем нас падштурхоўваюць супроць улады, мы ўсё ж паспрабуем утрымацца. Будзем спрабаваць дзейнічаць у межах закону.

Што да генпляну, будзем працаваць з экспэртамі, бо яшчэ будуць дзяржаўная экспэртыза, экалягічная экспэртыза. Што да садка і школы — будзем працаваць з праектантамі, якія будуць складаць ПДП — праект дэталёвага плянаваньня аб’екта. Што да шматпавярховага жытла, дык скажу, што і тут мы будзем на ўсіх магчымых узроўнях змагацца далей. Пакуль ня будзе пабудаваная інфраструктура Бараўлянаў, шматпавярховікі тут будаваць нельга.»

«У нас ёсьць альтэрнатыўныя прапановы»

Ларыса Грыбалёва: «Тое, што сёньня ўхвалілі генплян — гэта чаканая рэч, бо шмат гадоў працавалі менавіта над гэтым праектам. І ўсё ж адзначу, што некаторыя нашы праблемы былі пачутыя. Нават скажу, што былі пачутыя ўсе, а па некаторых дасягнуты і кампраміс.

Ларыса Грыбалёва, сьпявачка, дэпутатка Бараўлянскага сельсавету
Ларыса Грыбалёва, сьпявачка, дэпутатка Бараўлянскага сельсавету

Мы за тое, каб у Бараўлянах будавалі найперш жыльлё для тых, хто там жыве і стаіць у чарзе, каб атрымалі жыльлё мэдыкі, якія стаяць у чарзе гадамі, а кватэр не атрымліваюць, калі будуецца толькі камэрцыйнае жыльлё. Пра гэта ішла размова, нас пачулі.

Але мы не знайшлі кампрамісу па двух важных пытаньнях. Гэта наконт вуліцы, якую хочуць зрабіць транзытнай, а яна ўжо зусім не адпавядае патрабаваньням бясьпекі. Дзякуй хаця б за тое, што яе пакуль вырашылі не будаваць, пакінуць у рэзэрве да 2030 году. Але мы будзем далей працаваць, каб гэты праект ня быў выкананы. У нас ёсьць альтэрнатыўныя прапановы.

І другое нявырашанае пытаньне — дзіцячы садок. У нас у пасёлку 147 шматдзетных сем’яў, я таксама сярод шматдзетных мам, і мы ўсе за тое, каб нашы садкі былі ў крокавай даступнасьці, а ня там, дзе ім знайшлі месца — у лесе. Тым больш што гэта адзіны ў нас лес, адзіныя нашы лёгкія, якіх нас хочуць пазбавіць.

Мы і тут знайшлі альтэрнатыўнае рашэньне, пры якім дзіцячы садок і школу можна проста разьмясьціць за 500 мэтраў адтуль на полі і пры гэтым не высякаць лес. Але я так і не зразумела, чаму мы тут не прыходзім да рашэньня, якое ўсіх задаволіць. Грошы патрачаныя на тыпавы садок, які лёгка „садзіцца“ і ў полі, і тады ня трэба высякаць 5 гектараў лесу».

Ініцыятыўная група жыхароў Бараўлянаў сабрала каля 500 подпісаў жыхароў пасёлку за тое, каб не будаваць у лесе садок і школу, а перанесьці іх у іншае месца. Між тым на сходзе ў НДІ Белгорадабудаўніцтва сказалі, што ўлады сабралі 5 тысяч подпісаў жыхароў за пабудову садка і школы.

«Мы будзем працягваць наш збор подпісаў, тым больш што тыя 5 тысяч, якія сабралі ўлады, можна далучаць да нашых 500 подпісаў, бо яны таксама за будаўніцтва садка і школы — іх не пыталіся, дзе менавіта будаваць. Мы ўсе за сацыяльныя аб’екты, як той жа садок. І там, дзе мы прапануем, на полі, будаваць лягчэй, бо там ужо падведзеныя камунікацыі. І ня прыйдзецца высякаць лес», — мяркуе Ларыса Грыбалёва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG