Спантанныя выступы пачаліся яшчэ вясной, аднак забудоўнікі пратэсты праігнаравалі. Генэральны дырэктар ЖКГ Менскай вобласьці Валеры Садкоў, які адказвае за выкананьне работ, аргумэнтаваў, што праект будаўніцтва сьцёкавага калектару прайшоў дзяржаўную экспэртызу і атрымаў усе належныя ўзгадненьні адпаведных установаў.
Аналягічныя заявы гучалі і пра будаўніцтва дарогі, асобныя ўчасткі якой будуць пракладзеныя праз двары і дамы прыватных уласьнікаў.
Напярэдадні ў бараўлянскім лесе паўстала намётавае мястэчка. Аднак доўга прастаяць не ўдалося: як расказала адна з актыўных удзельніц супраціву спадарыня Марына, сёньня міліцыя разабрала лягер, забрала расьцяжкі:
«Цяпер усё чыста, нічога няма, ніякіх сьлядоў. Паколькі працоўны дзень, практычна нікога з жыхароў там не было. Міліцыянты спакойна прыйшлі, акуратненька ўсё скруцілі, нават з дрэваў плякаты паздымалі. Дарэчы, ніякіх дрэнных надпісаў там не было, усе з добрым пасылам — кшталту „Беражыце лес“. Дык вось, усё забралі і зьехалі ў невядомым кірунку».
Ці адновіцца стыхійны лягер наноў, суразмоўца прагназаваць не бярэцца. Але тое, што маўчаць не выпадае, упэўненая.
«Калі паслухаць прадстаўнікоў улады, то закон нібыта ніхто і не парушае, — гаворыць спадарыня Марына. — Але калі зірнуць на тое, што адбываецца, —нешта там робіцца няправільна».
Многія мясцовыя жыхары, а таксама менчукі, у свой час набылі зямлю ў Бараўлянах і збудавалі там дамы. Аднак цяпер на месцы лесу заплянаваная дарога і разгалінаваная інфраструктура. Людзі падазраюць мясцовыя ўлады ў карупцыйных сувязях з прыватнымі будаўнічымі кампаніямі.