Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Лоеве спыніў адміністрацыйную справу Жукоўскага. Яшчэ пяць працэсаў супраць журналістаў наперадзе


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Cудзьдзя Лоеўскага раённага суду Іван Цалкоў 23 жніўня спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненьні гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага — скончыўся двухмесячны тэрмін, калі можна прыцягваць да адказнасьці за адміністрацыйныя ўчынкі.

Мясцовая міліцыя вінаваціла Жукоўскага ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага тэлеканалу «Белсат» — паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП.

Падставай стаў відэасюжэт «Улады зьнішчылі гаспадарку вяскоўца. Паабяцалі заплаціць і падманулі», зьмешчаны на YouTube і паказаны 14 чэрвеня на «Белсаце». У ім апавядалася пра ліквідацыю ўладамі прыватнай гаспадаркі Івана Хвоіна зь вёскі Страдубка Лоеўскага раёну.

Гэты малады вясковец, маючы вэтэрынарную адукацыю, пакінуў саўгас і заняўся гадаваньнем сьвіней. Калі летась у жніўні нечакана дзьве сьвіньні здохлі, Хвоін, як і належыць у такіх выпадках, зьвярнуўся да мясцовага вэтэрынара, каб афіцыйна высьветліць прычыну здарэньня.

Вынікаў экспэртызы гаспадару не паказалі. Улады сьцьвярджалі, што жывёлы захварэлі на сьвіную чуму, іх закапалі тут жа, у двары. А каб хвароба не перакінулася на іншыя гаспадаркі, забілі яшчэ 53 сьвіньні. Збудаваньні, дзе ўтрымлівалася пагалоўе, разабралі і спалілі. Але грашовую кампэнсацыю ад уладаў у памеры 5 300 рублёў Іван Хвоін і праз год пасьля здарэньня не атрымаў.

«Суд разглядаў справу завочна, без майго удзелу, бо цяпер я ў адпачынку, — паведаміў фрылансэр Жукоўскі. — Гэта рэдкі выпадак, калі заведзеная міліцыяй адміністрацыйная справа пра нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ скончылася нічым. Пакараць журналіста лягчэй, чым аднавіць справядлівасьць — у гэтым выпадку ў дачыненьні да пацярпелага прыватніка Івана Хвоіна».

Суразмоўца кажа, што лоеўская міліцыя даўно за ім «палюе». Сам начальнік міліцыі Ўладзімер Бухаўцоў падаваў у суд на Жукоўскага за нібыта абразу гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, але судовы працэс прайграў.

Іншыя суды сёлета ўжо чатыры разы прыцягвалі Жукоўскага да адміністрацыйнай адказнасьці на падставе артыкулу 22.9. Яшчэ адзін штраф ён атрымаў за «незаконнае фатаграфаваньне» на тэрыторыі памежнага пераходу «Новая Гута». Агульная сума штрафаў фрылансэру Жукоўскаму склала за бягучы год 5 060 рублёў.

На гэтым тыдні яшчэ пяцёра беларускіх журналістаў, чые матэрыялы зьяўляюцца на тэлеканале «Белсат», выклікаюць у суд з прычыны заведзеных адміністрацыйных справаў.

У іх ліку Алесь Сіліч, Марыя Арцыбашава, Сяржук Кавалёў, Кацярына Андрэева і Стась Івашкевіч. Апошняга, у прыватнасьці, таксама зьбіраюцца судзіць за «сьвіную справу» — рэпартаж зь Лідзкага раёну пра сьвінакомплекс, які забруджвае гноем мясцовую раку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG