Да 25 жніўня ў Беларусі пройдзе пяць судоў над супрацоўнікамі тэлеканалу «Белсат»: за розныя рэпартажы («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі мэдыя») судзіць маюць Алеся Сіліча, Марыю Арцыбішаву, Сяржука Кавалёва, Станіслава Івашкевіча і Кацярыну Андрэеву.
Паводле артыкулу за «незаконны выраб», журналістам могуць прысудзіць штраф да 50 базавых велічыняў (1150 рублёў). Сёлета супрацоўнікаў тэлеканалу ўжо аштрафавалі на больш як 20 тысяч рублёў (аднаму з журналістаў, Кастусю Жукоўскаму, за нявыплачаныя штрафы пагражае канфіскацыя маёмасьці).
«Нас не пускаюць на афіцыйныя мерапрыемствы, затрымліваюць, а апошнія месяцы ўсё часьцей выклікаюць у суды і штрафуюць, — гаворыцца на старонцы «Белсату». — Такія пакараньні як зброю супраць незалежных журналістаў улады выкарыстоўваюць, не зважаючы на нормы міжнароднага права».
Супрацоўнікі «Белсату» адзначаюць, што, у адрозьненьне ад Беларусі, у іншых краінах Эўропы атрымаць акрэдытацыю для журналісцкай працы не праблема. Павелічэньне колькасьці штрафаў «Белсат» зьвязвае з анансаванымі на восень акцыямі апазыцыі.