Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта сьмешна» — сьледчая ў справе актывісткі Femen адмовілася выклікаць на допыт Лукашэнку з Парашэнкам


Актывістка Femen Анжаліна Дыяш і адвакат Яраслаў Яцэнка.
Актывістка Femen Анжаліна Дыяш і адвакат Яраслаў Яцэнка.

Сьледзтва зьмякчыла абвінавачаньне актывістцы Femen Анжаліне Дыяш, якая зладзіла акцыю «Жыве Беларусь!» 21 ліпеня ў Кіеве падчас супольнай заявы прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны.

«Цяпер Анжаліну абвінавачваюць у дзеяньнях, прадугледжаных часткаю 1 артыкула 296 Крымінальнага кодэксу. То бок зараз гаворка ідзе пра хуліганства, якое не было спалучана з супрацівам прадстаўнікам улады. Зьмякчылі кваліфікацыю, і, адпаведна, пакараньне будзе іншым, там ужо не прадугледжана такая санкцыя, як пазбаўленьне волі. Нам таксама паведамілі, што расьсьледаваньне завершана. 21 жніўня мы пачнём знаёміцца з матэрыяламі справы, і на наступным тыдні яно будзе перададзена ў суд», — паведаміў Свабодзе адвакат актывісткі Яраслаў Яцэнка сёньня пасьля допыту Анжаліны Дыяш у паліцыі.

Адвакат дадаў, што на дадзены момант супраць Анжаліны Дыяш адкрытыя дзьве крымінальныя справы — паводле факту хуліганства і за выкарыстаньне падробленага журналісцкага пасьведчаньня. «Абедзьве гэтыя справы будуць асобна накіраваныя ў суд і па іх будуць прызначацца асобныя судовыя разгляды. Ці будуць яны аб’яднаныя ў адну справу — зараз сказаць немагчыма», — адзначыў Яраслаў Яцэнка.

Адвакат таксама паведаміў, што сьледчая ў справе актывісткі Femen адмовілася выклікаць на допыт Аляксандра Лукашэнку і Пятра Парашэнку ў якасьці сьведкаў. «Сьледчая сказала (цытую) „гэта сьмешна“, і паведаміла, што пакуль ніякай пастановы на гэты конт не выносіла. Магчыма, яна адмовіць у задаволеньні майго хадайніцтва, але ў любым выпадку яна адмовілася выклікаць прэзыдэнтаў на допыт», — удакладніў адвакат.

«У мяне не было шкадаваньня пра правядзеньне той акцыі ні пасьля яе, ні цяпер. Паглядзім, што будзе на судзе. А тое, што яны перакваліфікавалі абвінавачаньне, то, на мой погляд, менавіта так павінна было стацца адразу. Дзіўна, што яны абвінавацілі мяне ў супраціве прадстаўнікам улады», — адзначыла Анжаліна Дыяш.

21 ліпеня падчас цырымоніі падпісаньня сумесных дамоваў паміж Беларусьсю і Ўкраінай у рамках афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў у залю выбегла жанчына з крыкамі «Стоп дыктатуры», «Жыве Беларусь» і такім жа надпісам на аголеных грудзях. Цягам 10 сэкундаў яе вывелі ахоўнікі, цырымонія працягнулася.

Падобныя акцыі Femen часта ладзіць у сувязі з палітычнымі або грамадзкімі падзеямі. Актывісткі ладзілі ў 2011 годзе топлес-акцыю ў тым ліку пад дзьвярыма беларускага КДБ, адна з жанчын выступала ў ролі Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней актывісткі заяўлялі, што беларускія праваахоўнікі іх зьбілі, абстрыглі і без дакумэнтаў кінулі ў лесе.

Таксама актывісткі ладзілі ў Кіеве «Начную атаку на Лукашэнку» ў 2013 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG