Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падгол: Расейскі бок маўчыць адносна ўдзелу ў вучэньнях «Захад-2017» стратэгічных бамбавікоў. А гэта пытаньне прынцыповае


Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

Верасьнёўскія манэўры «Захад-2017» могуць мець непрадказальныя наступствы, калі Расея задзейнічае стратэгічныя бамбавікі, якія могуць несьці ядзерную зброю. Пра гэта папярэджвае менскі палітоляг, кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол

Спадар Уладзімер, выказваюцца самыя розныя думкі адносна таго, ці трэба беларусам асьцерагацца вайсковых вучэньняў. Вы на чыім баку ў гэтай дыскусіі?

Сярод шматлікіх публікацыяў, прысьвечаных расейска-беларускім вучэньням, я б адзначыў дзьве палярныя, — кажа экспэрт у інтэрвію Свабодзе. — Гэта заявы вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна і лідэра КХП БНФ Зянона Пазьняка. Першы лічыць, што абсалютна ніякай небясьпекі ад гэтых вучэньняў няма, што расейскія вайскоўцы не зьбіраюцца акупаваць Беларусь, што яны ня маюць намераў рабіць агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы, Украіны, краінаў Балтыі.

Другі перакананы, што гібрыдная акупацыя Беларусі, па сутнасьці, ужо пачалася, бо на вуліцах беларускіх гарадоў, у транспарце зьявіліся салдаты і афіцэры без апазнавальных знакаў, а ўлады і насельніцтва ніяк на гэта не рэагуюць. Адпаведна, існуе рызыка, што ўсё скончыцца татальнай акупацыяй.

Наагул, ёсьць дзясяткі заяваў на гэты конт — прэзыдэнтаў і міністраў абароны краінаў, якія атачаюць Беларусь, натаўскіх генэралаў і г. д. Расея, натуральна, усё апасеньні абвяргае. Але ва ўсіх тэкстах, якія я прачытваю, няма адной істотнай рэчы. Разглядаюцца сцэнары вучэньняў, і акцэнты робяцца на колькасьці салдатаў, вайсковай тэхнікі, хто нападае і хто бароніцца. Але абсалютна няма такога парамэтру, як удзел авіяцыі.

Уладзімер Падгол, акцыя зь «ядзернымі чамаданчыкамі»
Уладзімер Падгол, акцыя зь «ядзернымі чамаданчыкамі»

Чаму гэты складнік — авіяцыйны — вы лічыце такім прынцыповым?

Падобныя манэўры праводзіліся ў Беларусі ў 2013-м, а раней — у 2009-м. Дык вось, у 2009 годзе ў Беларусь прыляцелі самыя магутныя ў сьвеце расейскія стратэгічныя бамбавікі ТУ-160 і ТУ-195М. Па БТ нават паказалі рэпартаж, праўда, цягнуўся ён усяго 10 сэкундаў. Яны прызямліліся ў Мачулішчах, пасьля паляцелі на адзін з палігонаў і там балванкамі бамбілі макеты аб’ектаў, якія, па легендзе вучэньняў, знаходзяцца на тэрыторыі Літвы і Польшчы. Прычым па «польскіх» аб’ектах быў нанесены ўмоўны ядзерны ўдар. Тады пра гэта толкам ня ведалі, інфармацыя зьявілася пасьля.

ТУ-160 і ТУ-195М — самалёты зусім не шараговыя. Напрыклад, ТУ-160 нясе 40 тон бомбаў. Акрамя таго, пад кожным крылом па шэсьць крылатых ракетаў, дальнасьць палёту — 5,5 тысячы кілямэтраў. Іншымі словамі, калі з такога самалёта ў раёне Берасьця запусьціць ракету, то яна даляціць і да Мадрыда, і нават да Лісабона.

Акцыя зь «ядзернымі чамаданчыкамі»
Акцыя зь «ядзернымі чамаданчыкамі»

Выглядае, што пасьля тых «адпрацовак ядзернага ўдару» назіральнікі збольшага прамаўчалі?

Не зусім. Тагачасны міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі неадкладна зьвярнуўся да кіраўніцтва ЗША, каб тыя разьмясьцілі на польскай тэрыторыі свае войскі і сыстэмы супрацьракетнай абароны. Таксама ён выступіў з заявай на адрас ААН аб пагрозе з усходу. То бок падставай былі менавіта тыя вучэньні.

І вось калі цяпер разглядаюцца розныя сцэнары вучэньняў, расейскі бок абсалютна маўчыць пра ўдзел ці няўдзел сваіх ракетаносцаў, якія могуць несьці пад крыламі ядзерную зброю. А ўсе аналітыкі, уключна зь мясцовымі беларускімі, таксама чамусьці ня ўлічваюць гэты факт.

Што зьмянілася пасьля 2009 году? Чаму той фармат вучэньняў напружваў не ў такой ступені, як цяпер?

Час мяняецца, расстаноўка сілаў на геапалітычнай мапе таксама. Трэба сказаць, што ў 2013 годзе гэтыя самалёты падчас вучэньняў над Беларусьсю ўжо не ляталі і нікога не бамбілі. Але пачынаючы з 2014-га з ініцыятывы Ўладзімера Пуціна ў Расеі зьявілася новая канцэпцыя ваенных дзеяньняў — пагроза нанясеньня ядзерных удараў. Пра гэта расейскі прэзыдэнт сам публічна заявіў у фільме, прысьвечаным акупацыі Крыму. Маўляў, ён быў гатовы ўжыць ядзерную зброю, калі б ва «ўнутраныя справы Расеі» ўмяшаліся заходнія дзяржавы.

Дык вось зьяўленьне гэтай канцэпцыі, а таксама мажлівасьць падцягваньня расейскіх стратэгічных бамбавікоў, якія могуць несьці ядзерную зброю, — гэта можа перакруціць цяперашнія вучэньні абсалютна ў любы бок. Ня трэба будзе пакідаць 100, 500 ці нават 5000 расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі, каб нешта сплянаваць і потым рэалізаваць.

Справа ў тым, што сёньня за гадзіну-дзьве паветраным шляхам можна даставіць жывую сілу ў любы пункт Эўропы. І калі зьявяцца стратэгічныя бамбавікі і будзе выказана пагроза нанясеньня ядзерных удараў па Польшчы ці Літве, гэта ў любым разе будзе падтрымана дэсантам расейскіх войскаў. Ёсьць зьвесткі, што тры дэсантныя дывізіі прыведзеныя ў поўную баявую гатовасьць і выяўляюць актыўнасьць паблізу межаў Беларусі і Ўкраіны. Усё гэта ў сукупнасьці, як я лічу, і ёсьць самая галоўная небясьпека маючых адбыцца манэўраў.

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» пачнуцца 14 верасьня і працягнуцца тыдзень. Будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі: пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманавам. Таксама паведамляецца, што заплянаваныя рэйды на «ўчастку мясцовасьці» каля Дрэтуні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG