Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Падгол: Чаму Дзень Волі стаў днём вайны?


Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

Масавы хапун на цэнтральным праспэкце, бадзёры суботнік у Курапатах, а па БТ паміж прапагандысцкімі небыліцамі — дакумэнтальны фільм пра Каліноўскага. Хто і для каго ставіў гэты спэктакль 25 сакавіка? Госьцем перадачы — кандыдат філязофіі і палітоляг Уладзімер Падгол.

— Уладзімер, столькі затрыманых і асуджаных у Беларусі было толькі аднойчы — у 2010-м, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Дык тады была поўная плошча народу, хтосьці нават Дом ураду штурмаваў. А тут — аніякай пагрозы ўладзе, і такі масавы хапун. Дзеля чаго і навошта?

— Проста ўладатрымальнікі паглядзелі на папярэднія акцыі пратэсту, якія пастаянна пашыраліся і павялічваліся. І акцыі тыя насамрэч былі беспрэцэндэнтнымі. Нават у 2010 годзе не было соцень людзей на вуліцах пэрыфэрыйных гарадоў. Таму нехта падумаў, што пратэстная хваля, якая кацілася па Беларусі, можа дакаціцца да «майдану» і прывесьці да зьмены ўлады. Думаю, уладатрымальнікі у кашмарных снах бачылі, што ў Менску на Дзень Волі на плошчы зьбярэцца людзей разоў у дзесяць больш, чым у 2010 годзе. Таму было вырашана ўвогуле ня даць сабрацца і выйсьці на праспэкт. Як расказваў, напрыклад, кіраўнік БНФ Янукевіч, ён ня змог нават выйсьці на праспэкт, бо перад ім была сьцяна з амапаўцаў.

— Аляксандар Лукашэнка пасьля падобных падзеяў звычайна рабіў «разбор палётаў». А тут прамаўчаў. Чым можна патлумачыць такое нехарактэрнае для яго маўчаньне?

— Ён проста чакае, якія пойдуць сыгналы з краінаў Эўразьвязу — будуць там абмяркоўваць увядзеньне санкцый ці ня будуць. Калі ня будуць, значыць, нічога не адбылося, можна будзе і прамаўчаць. А калі будуць, то трэба будзе даказаць, што пратэстоўцы на Плошчы Незалежнасьці зьбіраліся ўзарваць атамную бомбу... Але ў любым выпадку для Лукашэнкі гэта перамога. Ён ня даў сфармавацца «пятай калёне» ў вулічную калёну, разьбіў яе на падыходзе. Таму ён і не сьпяшаецца выказвацца, чакае. Як кажуць, вялікія майстры трымаюць вялікую паўзу. А Лукашэнка лічыць сябе вялікім майстрам падаўленьня апазыцыі.

— Сотні людзей былі затрыманыя проста брутальна, хапалі і пэнсіянэраў, і падлеткаў, і выпадковых мінакоў. Някляева і Статкевіча (паводле іх уласных прызнаньняў) затрымалі тактоўна і — не асудзілі, як шматлікіх шараговых удзельнікаў акцыі. Чаму так — каб неяк скампрамэтаваць іх у вачах прыхільнікаў?

Лукашэнка яшчэ скажа, што Някляева спэцыяльна ў Берасьці затрымалі, каб ён не даехаў да Менску, дзе яму па галаве далі б, як у 2010-м.

— Калі б я быў прэзыдэнтам-дыктатарам, я рабіў бы тое ж самае. Някляева і Статкевіча ў Эўропе цудоўна ведаюць. Лагвінца, пры ўсёй маёй павазе да яго, ведае вузкае кола людзей, таму яму мазгі можна і адбіць. І з Валерыя Аляксеевіча Шчукіна (я вельмі яго паважаю) таксама можна пазьдзеквацца. Улада выбрала знакавых і вядомых людзей, каб паказаць, як яна далікатна да іх ставіцца, ледзь ня ў белых пальчатках іх пад рукі брала. Думаю, Лукашэнка яшчэ скажа, што Някляева спэцыяльна ў Берасьці затрымалі, каб ён не даехаў да Менску, дзе яму па галаве далі б, як у 2010-м. Таму цяпер ён у бальніцы пад клапатлівым наглядам дактароў. Ды і са Статкевічам магло нешта здарыцца, а ён жа жывы і здаровы паявіўся... Думаю, іх яшчэ могуць пасадзіць, зладзіўшы паказальныя працэсы. І не на суткі, а на месяцы ці нават гады. Рэжыму патрэбныя палітычныя вязьні, каб было чым гандлявацца.

— КДБ так і не прызнаўся ў затрыманьні Статкевіча. Раней бойка рапартаваў, ставячы сабе ў заслугу прэвэнтыўныя затрыманьні. А тут — я ня я і хата не мая. Што стаіць за такімі паводзінамі?

— Калі Захад раптам прад’явіць прэтэнзіі, што вядомы палітык Статкевіч быў рэпрэсаваны, то можна будзе казаць, што нічога падобнага не было. Маўляў, сядзеў недзе ў лесе і самагонку папіваў. Такая ўжо заходняя дэмакратыя — адзін бок выслухаць, другі выслухаць, сабраць усе факты, перш чым рабіць нейкія высновы. А факты такія: Статкевіч дома, і яму нават нос не зламалі, як Лагвінцу. А як бы ён мог выйсьці з КДБ цэленькім і здаровенькім? Справа ж ідзе сур’ёзная — «Белы легіён», зброя і г.д. Трэба ж было б выбіваць інфармацыю. А на ім — ні драпіны. КДБ пачаў працаваць хітрэй. Увесь час дзейнічаў брутальна, вынікі былі несуцяшальныя, таму цяпер тактыку зьмяніў.

— У 30-я гады ГПУ прыдумвала антысавецкія арганізацыі (накшталт Саюзу вызваленьня Беларусі), распрацоўвала іх, арыштоўвала гэтак званых удзельнікаў. Тое самае можна назіраць і сёньня, нездарма міністар Шуневіч любіць пакрасавацца ў форме НКВД. Як далёка сёньняшнія спэцслужбы могуць пайсьці за сваімі папярэднікамі?

— Куды заўгодна могуць пайсьці. Памятаеце лдёзунг сталінскіх часоў? «Калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць». А любую дыктатарскую сыстэму можна схарактэрызаваць так: калі ворага няма, яго выдумляюць, навешваюць на яго зламысныя намеры і злачынствы і потым зьнішчаюць. Тое самае адбываецца і ў нас. Паўтаруся, заўтра прапаганда можа паведаміць, што апазыцыянэры атамную бомбу зьбіраліся ўзарваць на плошчы Незалежнасьці.

— Дзень 25 сакавіка ўвогуле нагадваў нейкую абсурдысцкую п’есу: на цэнтральным праспэкце — хапун і вадамёты, у Курапатах — бадзёры суботнік з у дзелам міністра культуры. А вечарам па БТ — дакумэнтальны фільм пра Кастуся Каліноўскага, які (цытата зь фільму) «змагаўся за незалежнасьць Беларусі». Як пазл можна з усяго гэтага скласьці?

Ніводная структура не заклікала людзей адсьвяткаваць Дзень Волі — утварэньне незалежнай Беларускай рэспублікі. Была ідэалёгія вайны, змаганьня. Улада на гэта і адказала так, як палічыла патрэбным.

— Каб названае склалася ў пазл, я дадам некалькі істотных дэталяў. Разумееце, уладатрымальнікі часта дзейнічаюць ў залежнасьці ад таго, як ім дае дзейнічаць апазыцыя. Яны выкарыстоўваюць абсалютна ўсе падарункі, якія робяць ім апазыцыйныя лідары. Цяпер зададзімся пытаньнем, што зьбіраліся зладзіць на Дзень Волі лідары апазыцыі? Якая была ў іх мэта? Якая ідэя? Куды запрашаліся людзі — на сьвята ці на акцыю пратэсту? Калі на акцыю пратэсту, да чаго вёў Статкевіч («мы пойдзем, мы пераможам, мы пакажам сваю моц»), — значыць, мы ідзем на барацьбу, на вайну. А калі на сьвята, то бярэм жонак, дзетак, кветкі і ідзем разам. А сьвяткаваць можна было ў некалькіх формах адначасова. Варта было паспрабаваць сабрацца разам — на нейкі ўрачысты сход накшталт агульнанацыянальнай дыктоўкі. І яго разганяць — гэта ўжо быў бы абсалютны абсурд. Але гэтага не было. Ніводная структура не заклікала людзей адсьвяткаваць Дзень Волі — утварэньне незалежнай Беларускай рэспублікі. Была ідэалёгія вайны, змаганьня. Улада на гэта і адказала так, як палічыла патрэбным. Дадам да гэтага яшчэ прынцыповы і вельмі важны момант. Я лічу, што ў дзень утварэньня БНР галоўным лёзунгам павінна было быць адраджэньне незалежнасьці, якую Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, крок за крокам здае. Была ўтвараная гэтак званая саюзная дзяржава з Расеяй (а гэта агульная тэрыторыя — безь мяжы, агульны ўрад, агульны бюджэт, мова справаводзтва — расейская). Утвараецца АДКБ — вайсковы хаўрус, што пярэчыць беларускай канстытуцыі. А гэта значыць, пры забурэньнях у Менску расейцы маюць фармальную падставу ўвесьці войскі для абароны Лукашэнкі ад тэрарызму. У нас жа ў наяўнасьці тэрарыстычная змова — «Белы легіён», выбухоўка, зброя і г.д. Усё падрыхтавана для ўводу расейскіх войскаў. Яны маглі ўваходзіць і пад выглядам дапамогі Лукашэнку проста браць уладу. Далей — утварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу. Сам Лукашэнка казаў, што мы аддаем яму частку свайго сувэрэнітэту. Значыць, і гэта — антыканстытуцыйнае ўтварэньне. Дык давайце выйдзем на Дзень Волі і запатрабуем выйсьці з Эўразійскага эканамічнага саюзу і ўсталяваць мяжу з Расеяй. Але на гэтую тэму нават ня піскнуў ніводны апазыцыянэр. Рот ніхто не адкрыў! Зянон Пазьняк зьбіраўся «Вольную Беларусь» абвесьціць у Кіеўскім парку, але потым адмовіўся, каб не падстаўляць сваіх людзей. У яго ў пераліку пунктаў — усталяваць межы з Расеяй. Дык якое ж сьвята без фундамэнтальнага палажэньня аб адраджэньні незалежнасьці і сувэрэнітэту?

— Пра адраджэньне і сувэрэнітэт усе ўжо языкі счасалі — і ўлада, і апазыцыя. Вунь у Някляева цэлы рух так і назваецца — «За незалежнасьць».

— А дзе напярэдадні Дня Волі Някляеў гаварыў пра адраджэньне гэтай самай незалежнасьці? Якое сьвята БНР у такім выпадку магло быць? Тады заставалася адно — вайна з Лукашэнкам. Вайна за яго адхіленьне ад пасады, фактычна выклік яму. Маўляў, мы табе дамо па мардасах, мы цябе скінем, мы моцныя, мы пакажам сваю сілу. Ах вы так, ну давайце паглядзім, хто каго. Пальчатка кінутая — атрымайце па мардасах вы.

— Мінкультуры ўжо абвесьціла конкурс па стварэньні мэмарыялу ў Курапатах. Прычым закрыты і хуткі. Што яны могуць там зрабіць?

Лукашэнка паставіў сабе пэўную мэту, і я баюся, што Курапаты стануць чарговым полем бітвы.

— Па-першае, тут я ўпершыню пагаджуся з Паўлам Якубовічам, які ў інтэрвію «Свабодзе» выказаўся супраць засакрэчанага конкурсу. Па-другое, Лукашэнка паставіў сабе пэўную мэту, і я баюся, што Курапаты стануць чарговым полем бітвы. Уся барацьба зноў вернецца ў Курапаты, калі дзяржава зробіць праект, па якім у Курапатах ня будзе месца ні крыжам, якія там усталяваныя, ні мэмарыяльнай лаўцы, якую падараваў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан ад імя амэрыканскага народу, ні памятным камяням. Могуць зрабіць казённы праект з каплічкай, нешта нэўтральнае напішуць, каб ніхто не здагадаўся, хто там ляжыць.

— І міністар Шуневіч прыедзе на адкрыцьцё той каплічкі ў форме НКВД.

Дзяўчына, якая працавала ў Курапатах, сказала: «Мы расчышчаем гэты лес для будучых нашчадкаў».

— Ну так, ён жа стаяў у той форме на парадзе побач з дыпляматамі краінаў Эўразьвязу, а потым і ў інтэрвію ганарыўся. Чаму ж і ў Курапаты не прыехаць... Вось гэта ўжо будзе поўнае давядзеньне сытуацыі да абсурду. Дарэчы, у рэпартажы БТ з Курапатаў ніводзін чалавек не сказаў, што там загінулі людзі падчас сталінскага тэрору. А адна дзяўчына, якая працавала ў Курапатах, сказала: «Мы расчышчаем гэты лес для будучых нашчадкаў». Тыя, хто браў удзел у суботніку па разнарадцы, нават не разумелі, дзе яны знаходзяцца!

— Яшчэ адным вынікам падзеяў 25 сакавіка стала нарада Лукашэнкі зь сілавікамі, на якой прынятае рашэньне стварыць усеагульную сетку відэаназіраньня. У Беларусі будзе, як у Джорджа Оруэла ў рамане «1984»?

— Бліжэйшым часам плянуецца візыт у Талін аднаго зь віцэ-прэм’ераў беларускага ўраду, каб паглядзець, як працуюць эстонскія кампутарнікі. Справа ў тым, што ў Эстоніі ўжо кампутарызаваны ўвесь урад, любы чалавек проста са сваёй хаты можа паглядзець, над чым урад працуе, якія праекты дакумэнтаў разглядае, можа выказаць свае заўвагі. Я сам там быў і ўсё бачыў на ўласныя вочы. У Эстоніі ўведзеныя электронныя пашпарты і г.д. Гэта вельмі зручна, але гэта дае абсалютны кантроль над усім грамадствам. А Лукашэнка якраз гэтага і хоча, так, як у Оруэла, узяць пад каўпак усё грамадства. Эстонія сёньня ладзіць адмысловыя сэмінары, вучыць, як ствараць тыя «кампутарныя ўрады». Кітайцы ў гэтым кірунку таксама далёка прасунуліся. І Лукашэнка хоча спалучыць дэмакратычны досьвед Эстоніі з таталітарнай практыкай Кітаю, каб яшчэ больш умацаваць свой таталітарызм — з дапамогай кампутарных сродкаў.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG