Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступная станцыя — «Пралетарская Пабеда». Кіраўніцтва Беларускай чыгункі лічыць, што так і трэба


Свабода атрымала допіс ад менчука Юрыя Тамковіча, які абураецца нелітаратурным выкарыстаньнем назвы аднаго з прыпынкаў на барысаўскім напрамку электрацягнікоў. Аднак ліставаньне з кіраўніцтвам Беларускай чыгункі, паводле яго, ніякага плёну не дало.

«Нядаўна я зьвярнуўся ва ўпраўленьне Беларускай чыгункі з адным пытаньнем, — піша спадар Тамковіч. — Ёсьць па дарозе ў Барысаў станцыя „Пралетарская Пабеда“. Як бачыце, назва яе на беларускай мове напісана няправільна, таму што ў беларускай літаратурнай мове ёсьць слова „Перамога“, але няма „Пабеда“.

Тым ня менш інфармацыйны знак і абвяшчэньне станцыі ў электрычцы выкарыстоўваюць менавіта гэтую назву. Таму я напісаў ліст, каб перайменавалі станцыю ў „Пралетарскую Перамогу“ і пазбавіліся ад гэтай трасянкі».

Днямі Юры Тамковіч атрымаў адказ з подпісам першага намесьніка начальніка менскага аддзяленьня Беларускай чыгункі Віктара Ціхановіча.

Станцыя «Пралетарская Пабеда» па дарозе ў Барысаў
Станцыя «Пралетарская Пабеда» па дарозе ў Барысаў

​Там гаворыцца, што нічога пераймяноўваць не плянуецца, таму што гэтая назва зацьверджана ў «Даведніку станцый і прыпыначных пунктаў Беларускай чыгункі».

Паводле чыноўніка, у 2015 годзе зьбірался спэцыяльная камісія, якая вырашыла захаваць назву станцыі згодна са зьместам згаданага даведніка.

«Карацей, навошта напружвацца, калі можна пакінуць усё як ёсьць? — іранізуе спадар Тамковіч. — Ня ведаю, чым кіраваліся, калі так называлі станцыю, але дакладна ня лёгікай і ня правіламі беларускай мовы. Лічу, што гэта зьдзек з нашай мовы».

Поўны адказ Беларускай чыгункі прыкладаецца.

Аднак яшчэ ў 2014 годзе старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў у аналягічным ліставаньні з абураным грамадзянінам расцэньваў ужываньне назвы «Пралетарская Пабеда» як непісьменны варыянт і заклікаў Беларускую чыгунку, якая самастойна прыняла рашэньне аб зьмене шыльды, вярнуцца да ранейшага варыянту «Пралетарская Перамога».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG