Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: пагрозы Ірану выйсьці зь ядзернай зьдзелкі зьяўляюцца спробай «узяць сьвет у закладнікі»


Амбасадарка ЗША ў ААН Нікі Гэйлі
Амбасадарка ЗША ў ААН Нікі Гэйлі

Амбасадарка ЗША ў ААН Нікі Гэйлі 15 жніўня заявіла, што Іран спрабуе «ўзяць сьвет у закладнікі», калі папярэджвае аб магчымасьці выйсьці з ядзернай зьдзелкі 2015 году.

Нікі Гэйлі таксама паказала, што новыя амэрыканскія санкцыі ў дачыненьні да Тэгерану ня тычацца ядзернай зьдзелкі, згодна зь якой Злучаныя Штаты і іншыя ўсясьветныя дзяржавы пагадзіліся зьняць большасьць эканамічных санкцый супраць Ірану. Тэгеран павінен адказаць за «запуск ракет, падтрымку тэрарызму, ігнараваньне правоў чалавека і парушэньні рэзалюцый Рады бясьпекі ААН», адзначыла амбасадарка ЗША.

Прэзыдэнт Ірану Хасан Рахані ў выступе ў парлямэнце краіны 15 жніўня заявіў, што Тэгеран на працягу некалькіх гадзін разарве пагадненьне пра ядзерную праграму, калі ЗША прадоўжаць уводзіць санкцыі супраць гэтай краіны. Ён дадаў, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прадэманстравала сьвету, што «ня ёсьць добрым партнэрам», пагражаючы разарваць пагадненьне, заключанае ў 2015 годзе.

У 2015 годзе паміж Іранам, ЗША, Расеяй, Кітаем і трыма эўрапейскімі дзяржавамі было дасягнута пагадненьне аб замарожваньні ядзернай праграмы Тэгерану ў абмен на зьмякчэньне міжнародных санкцый.

У ліпені 2017-га ЗША пашырылі санкцыі супраць Ірану за ягоную ракетную праграму. Іран сьцьвярджае, што ракеты, якія ён выпрабоўвае, не парушаюць ядзернага пагадненьня з усясьветнымі дзяржавамі, паколькі яны прызначаны для абарончых мэтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG