«Бацька піша лісты. Ніякіх сьледчых дзеяньняў пакуль не вядзецца. Адвакат кантактуе зь ім. Кажа, што трымаецца мужна. А сам бацька напісаў, што пагаліў вусы. У камэры, у якой ён утрымліваецца ў СІЗА на Валадарцы, 16 чалавек. Прыборку робяць тры разы на дзень. Па „валадарскіх“ мерках, гэта яшчэ ня вельмі шмат: калі я сядзеў праз так званую „справу патрыётаў“, у камэры было 30 чалавек. Ставяцца да яго ў СІЗА больш-менш па-чалавечы, піша бацька.
У першыя пару дзён была праблема зь лекамі. Яму трэба некалькі разоў на дзень капаць адмысловыя кроплі ў вочы. У СІЗА не хацелі лекаў прымаць, маці дамагалася, хадзіла да начальства, і на трэці дзень лекі перадалі. Перадачы прымаюць, вось і сёньня мы аднесьлі яму харчы.
Зьбіраемся выпісаць бацьку газэты і часопісы», — распавёў Свабодзе сын Ігара Комліка Андрэй.
***
2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакумэнтаў у офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральнага офісу БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Комлік зьмешчаны спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а праз 3 дні — у СІЗА № 1.
10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачваньне паводле артыкулу 243, часткі 2 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрыманьня Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца ў СІЗА. 11 жніўня абвінавачваньне выстаўлена і Фядынічу. Ён застаецца на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе. Фядынічу і Комліку пагражае пакараньне ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Сын Комліка Андрэй Комлік-Ямацін адседзеў за кратамі 100 дзён — з 21 сакавіка па 29 жніўня, сядзеў спачатку ў СІЗА КБД, потым — у СІЗА № 1. Яго абвінавачвалі паводле часткі 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Навучаньне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках»), а таксама ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня.