Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзю Фядынічу выставілі абвінавачаньне і ўзялі падпіску пра нявыезд


Генадзь Фядыніч, архіўнае фота
Генадзь Фядыніч, архіўнае фота

Лідэру прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу выстаўлена абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу — «Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры». Раней ён быў падазраваны ў справе. Таксама Сьледчы камітэт узяў зь яго падпіску аб нявыездзе. Пра гэта паведаміў Свабодзе сам Генадзь Фядыніч.

Прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова паведаміла:

«Кіраўніку Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзю Фядынічу прад’яўлена абвінавачаньне паводле ч.2 арт. 243 (Ухіленьне ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У дачыненьні да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Расьсьледаваньне справы працягваецца. У якасьці абвінавачаных прыцягнутыя дзьве асобы — кіраўнік і галоўны бухгальтар».

2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакумэнтаў у офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральнага офісу БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Комлік зьмешчаны спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а праз 3 дні — у СІЗА № 1.

Ігар Комлік, архіўнае фота
Ігар Комлік, архіўнае фота

10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачваньне паводле артыкулу 243, часткі 2 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрыманьня Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца ў СІЗА. 11 жніўня абвінавачваньне выстаўлена і Фядынічу. Ён застаецца на волі.

Фядынічу і Комліку пагражае пакараньне ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 3 жніўня заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязьнем. Паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідэраў крымінальная справа палітычна матываваная, зьвязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасьцю і мірным ажыцьцяўленьнем права на свабоду асацыяцыяў.

У падтрымку прафсаюзных лідэраў выступілі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыі прафсаюзаў, якія заклікалі ўлады Беларусі спыніць перасьлед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

З сумеснай заявай выступілі Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў, партнэрская праграма FIDH і Ўсясьветная арганізацыя супраць катаваньняў (OMCT), якія таксама заклікалі беларускі ўрад зьняць усе абвінавачваньні зь Ігара Комліка і спыніць крымінальны перасьлед лідэраў прафсаюзных арганізацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG