Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шафа Сары Бэрман (і вада са Случы)


Аляксандра Макавік
Аляксандра Макавік

Аляксандра Макавік

У нью-ёркскім Музэі Мэтраполітэн незвычайная выстава. Белы пакой з адчыненай шафай, на зіхотка-белых паліцах — сымэтрычныя стосы адзеньня, складзеныя амаль з вайсковай дакладнасьцю, усе розных адценьняў белага — ад сьнегу і квецені да вяршкоў і адбеленага кужалю. Кашулі, швэдры, нагавіцы, строі, шкарпэткі і сподняе, з рэдкімі нотамі бледна-ружовага або колеру кавы з малаком. Купкі прасьцінаў і наўлечак, бялюткіх, адпрасаваных і хрумсткіх. Унізе шыхт элегантных боцікаў, крыху цямнейшых. І іншыя рэчы, што звычайна трымаюць у гардэробных, — парфума «Шанэль № 19», кардонная скрынка з карткамі запісаных рэцэптаў, лісты, нататнік, тарка на бульбу, валізка «Люі Вюітон», прас, клубок бел-чырвона-белай тасьмы. Перад тварам гледача пунсовы ваўняны пампон — пацягнеш, і запаліцца сьвятло. Выстава завецца «Шафа Сары Бэрман», і аўдыёгід тлумачыць: «Сара нарадзілася ў Беларусі, і апошнія гады жыцьця яна насіла ўсё белае».

«Шафа ўнутры» Майры і Алекса Калманаў
«Шафа ўнутры» Майры і Алекса Калманаў

Мінімалістычная выстава прыцягвае ўвагу ня толькі сьціпласьцю побач з раскошай суседніх пакояў, але і тым, што яе гераіня — не палітык, не кіназорка і ня ўзор стылю, а нікому не вядомая ўраджэнка Беларусі і эмігрантка з Ізраілю. Выставу падрыхтавалі мастакі Майра і Алекс Калманы — дачка і ўнук Сары Бэрман, дзяўчынкі са Случчыны.

Ілюстратарка Майра Калман (Maira Kalman), аўтарка дзіцячых і дарослых кнігаў, дызайнэрка і стваральніца некалькіх музэйных праектаў, нарадзілася ў Тэль-Авіве ў 1949, а ў чатыры гады апынулася зь сям’ёй у Нью-Ёрку, дзе мусіў працаваць яе бацька Пэсах Бэрман, гандляр дыямэнтамі. Бэрманы доўга пачуваліся там прыхаднямі, часовымі насельнікамі, і Майра кажа, што няпэўнасьць дарыла лёгкасьць. З таго часу шмат зьмянілася, горад зрабіўся родным і любімым, Майра пабралася шлюбам з вугорскім дызайнэрам Тыбарам Калманам, яны стварылі дызайнэрскую кампанію «M&Co», нарадзілі сына Алекса і дачку Лулу. Майра праілюстравала і напісала васямнаццаць дзіцячых кніг і трынаццаць дарослых, друкавалася ў часопісах, малявала вокладкі для The New Yorker і вяла калёнкі ў The New York Times. Мастачка вядомая і шмат якімі супольнымі праектамі — з дызайнэрам Айзэкам Мізрахі, пісьменьнікамі Лемані Сьнікетам і Этгарам Керэтам, са Сьмітсанаўскім музэем і Музэем сучаснага мастацтва.

Яе стыль вельмі пазнавальны — пэўна і вы бачылі гэтыя малюнкі: падманна наіўныя, зь дзівакаватай пэрспэктывай (даніна любімым ёю Анры Матысу і Марку Шагалу), яркімі вітражнымі колерамі і зазвычай падпісаныя нібыта дзіцячай рукой (гэтак шасьцігодкі тлумачаць сэнс намаляванага) — але яе подпісы іранічныя, часам жорсткія і сьмешныя.

Малюнак Майры Калман «Прынцыпы няпэўнасьці»
Малюнак Майры Калман «Прынцыпы няпэўнасьці»

​Надпіс на малюнку: Мы сядзім у кухні, але мы ведаем, дзе мы. Мы на зямлі, разрыванай бясконцым канфліктам. Нашая гісторыя — трагедыя і сардэчны боль… Але цяпер не пра гэта. Мы абмяркоўваем, хто з кузэнаў найбольшы ідыёт (аказваецца, я ў сьпісе). Мы размаўляем пра любоў маёй цёткі да Талстога і Горкага. Тут яны на фота, зьнятым жонкай Талстога…

Працы Майры Калман — нешта сярэдняе між літаратурай і ілюстрацыяй, яна лічыць сябе рэпартэркай, ці журналісткай-ілюстратаркай, натхняючыся дэталямі штодзённага жыцьця. І піша яна сапраўды пра ўсё: сабак, амэрыканскую гісторыю і дэмакратыю, альфабэт, правілы ежы, тэракт 11 верасьня, сямейныя легенды і фота, моды і падарожжы, магію аб’ектаў, вялікіх гістарычных асобаў, а правілы стылістыкі ў клясычным даведніку для рэдактараў ілюструе, напрыклад, сцэнкамі з вэнэцыянскага карнавалу.

Малюнак Майры Калман «Карнавал»
Малюнак Майры Калман «Карнавал»

Малюнак Майры Калман «Касьцюшка»
Малюнак Майры Калман «Касьцюшка»

​І амаль у кожным інтэрвію або выступе перад чытачамі яна згадвае сваю маці Сару Бэрман — як асобу, якая зрабіла на яе найбольшы ўплыў. Увогуле, жанчыны ў сям’і былі дасьціпныя і разумныя, і менавіта маці прывяла Майру ў бібліятэку, згадвае яна: «Мама падахвоціла мяне чытаць, і гэта было важна ў нашай сям’і. Калі мы прыехалі ў Амэрыку, то пайшлі ў бібліятэку. Мы не куплялі кніг. Пайшлі ў бібліятэку і там чыталі ўсё запар. Калі я дабралася да літары L, да кнігі „Піпі Доўгаяпанчоха“, я сказала: „Вось праца якраз для мяне. Я буду пісьменьніцай“. Нават і сумневаў не было».

Майра апавядае пра пачуцьцё свабоды, што дарыла ёй мама. Яна казала, што кожны мусіць рабіць уласныя памылкі, што важна быць самастойнай, і распавядала сьмешныя гісторыі зь мінулага жыцьця. Дзёрзкасьць, адвагу і абыякавасьць да «правільнага» найлепш ілюструе мапа Амэрыкі, якую неяк намалявала Сара Бэрман: «вядома, у форме яйка. Флорыда, Гаваі, пасярод раскінуўся Нью-Ёрк, а ў кутку літары «Т-А» — Тэль-Авіў і Леніна, маміна родная вёска. Вельмі бязладна намаляваныя штаты Заходняга ўзьбярэжжа. А ў цэнтры напісана: «Даруйце, рэшта не вядомая. Дзякуй».

Мапа Амэрыкі, намаляваная Сарай Бэрман
Мапа Амэрыкі, намаляваная Сарай Бэрман

Насамрэч беларуская вёска Леніна раней звалася Раманава. Сара нарадзілася 15 сакавіка 1920 году на Случчыне, у паселішчы з гісторыяй — Раманава было мястэчкам, дзе яшчэ ў XVII стагодзьдзі існавалі царква, шпіталі, карчма, а пазьней яно здабыло прывілей на правядзеньне штогадовага кірмашу. На пачатку XX стагодзьдзя там жылі паўтары тысячы насельнікаў, якія лічыліся ў ваколіцах шляхетнымі і адукаванымі.

Сярод тых, каго мы ведаем і каго магла ведаць і сустракаць Сара Бэрман (тады Долгіна), — Уладзімер Тэраўскі, які нарадзіўся там сама ў 1871 годзе, знакаміты дырыжор, кампазытар, аўтар музыкі «Купалінкі» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». А ў 1896 годзе ў Раманаве зьявілася на сьвет Алена Кіш, наіўная мастачка, стваральніца маляваных дываноў на тры сюжэты — «Райскі сад», «Ліст да каханага» і «Дзева на водах», і якраз у 1920–1930-я яна, відаць, малявала найбольш, вандруючы па ваколіцах і ствараючы на замову казачна-экзатычныя сюжэты. Зусім ня дзіва, калі і ў хаце Сары вісеў дыван зь нетутэйшым сінім небам, усьмешлівымі слуцкімі львамі, буйнымі драпежнымі птушкамі і пальмамі.

Алена Кіш «Райскі сад»
Алена Кіш «Райскі сад»

Унук Сары Бэрман Алекс Калман згадвае бабуліны расповеды пра беларускую вёску як пра мясьціну, дзе дамы стаялі на беразе хуткаплыннай ракі Случы, дзе паўсюль пасьвіліся статкі гусей, любімай стравай шмат у каго быў селядзец, дзеці зьбіралі ў лесе чарніцы, і бегала шмат сабакаў — яны выглядалі лагоднымі, але кожны момант маглі абярнуцца ў лютых пачвараў. У сям’і было чацьвёра дзяцей, Сарын бацька будаваў дамы, любіў бульбу і быў надзвычай рэлігійны. А дзядуля меў даўжэзную бараду, і аднойчы, калі Сара танула ў рацэ, ён кінуў ёй зь берагу сваю белую бараду, дзяўчынка ўхапілася і ўратавалася.

Малюнак Майры Калман «На рацэ»
Малюнак Майры Калман «На рацэ»

Дэталі, ужо амаль мітычныя, асабліва пасьля сьмерці Сары Бэрман у 2004 годзе, гучаць як літаратура. На фота Случчыны таго часу мы абавязкова пабачым яшчэ і такія карціны, апісваныя дасьледнікам колераў Міхалам Анэмпадыставым: «Ільняное палатно паласкалася ў вадзе, потым раскладалася пад сонечным сьвятлом на роснай траве ці сьнезе — і гэтак шматкроць, пакуль не набярэ патрэбнай белі. Краявід з разасланымі льнянымі палотнішчамі заставаўся візытнай карткай Беларусі да сярэдзіны ХХ ст. Цягам стагодзьдзяў лён быў любімай тканінай беларускага селяніна, а яго найбольш статусным колерам — белы (як стандарт якасьці і ідэал)… Белы тэкстыль, найчасьцей ільняны, адзначаў усе галоўныя моманты ў жыцьці чалавека — нараджэньне, першую камунію, шлюб, а ў некаторых архаічных лякальных традыцыях і сьмерць».

Яму нібыта адказвае ў адным інтэрвію Майра Калман, калі ў яе пытаюцца пра зьмесьціва шафы Сары Бэрман на выставе ў Мэтраполітэн: «Вельмі важна — ільняныя прасьціны, як повязь паміж усім адпрасаваным і складзеным, ды ўсьведамленьнем, што гэта гісторыя маёй сям’і зь Беларусі — яны клаліся спаць у цудоўныя белыя ложкі з прыгожа разгладжанага лёну, прапаласканага ў рацэ».

Але рэальнасьць не была суцэльна паэтычная, як каштоўныя дэталі зь сямейных легендаў. Уявіце Случчыну 1920-х, паўстаньні, Слуцкі збройны чын, усталяваньне савецкай улады. (Дарэчы, гэта не адзіная вёска Раманава, перайменаваная ў вёску Леніна ў Беларусі, — яшчэ адзін такі самы тапанімічны ці то жарт, ці то казус, адбыўся ў Горацкім раёне, на Магілёўшчыне.) У 1930-я пачаліся рэпрэсіі, пагромы і голад. Сям’я Сары пакінула Беларусь у 1932-м, калі ёй было дванаццаць. На караблі ў Палестыну моцна гайдала, і марак пачаставаў дзяўчо апэльсінам — яго Сара бачыла ўпершыню ў жыцьці. Яны прыбылі ў Тэль-Авіў, Палестыну, якая была тады пад брытанскім пратэктаратам. Шмат хто з тых, хто застаўся, сям’я і землякі, загінулі. Аднавясковец Сары Бэрман кампазытар Уладзімер Тэраўскі быў расстраляны ў 1938 годзе як шпіён. Аўтарка «Дзевы на водах» Алена Кіш патанула ў рацэ ў 1949-м.

Новае жыцьцё ў Палестыне таксама разгортвалася на беразе — ужо не ракі, а мора. Яны зноў жылі ў сьціплай хаце, якую з усіх бакоў хісталі вятры і засыпаў пясок. Майра Калман апавядае: «Усе жанчыны ў сям’і працавалі як зьвяры, ад раньня да сьвітаньня. Сэнсам іх жыцьця быў клопат пра тых, каго яны любілі, — і яны гатавалі ежу, шылі ды прыбіралі». Каля трохпакаёвага бараку між морам і пустэльняй Сара, сястра Шашана і мама бавілі гадзіны ў праньні бялізны, якая затым лунала на ветры, крухмалілася і бездакорна адпрасоўвалася. Усе яны былі чысьцёхі, кажа Майра, і гэта, разам з памкненьнем заставацца прыгожымі і элегантнымі, — адказ цяжкім умовам, нястачы, няпэўнай будучыні. Дзяўчаты знаходзілі эўрапейскія модныя часопісы, і мама шыла ім адтуль уборы.

Сара Бэрман у Палестыне
Сара Бэрман у Палестыне

Сара Бэрман у Тэль-Авіве, 1938
Сара Бэрман у Тэль-Авіве, 1938

Майра Калман апавядае, што яе беларуская мама была прыгожая, інтэлігентная і вясёлая, і што ў яе было шмат залётнікаў, і што кожны зь любімых Майрыных пісьменьнікаў, ад Пруста да Талстога і Набокава, дакладна б закахаўся ў яе маці, каб сустрэў яе тады ў Палестыне. Але яна пабралася шлюбам з Пэсахам Бэрманам, які гандляваў дыямэнтамі. Пазьней Майра ня раз скажа, што галоўная ўласьцівасьць бацькі — ягоная адсутнасьць у жыцьці сям’і. Ён шмат працаваў і езьдзіў па сьвеце. У 1954 годзе Бэрманы выправіліся ў ЗША, разам з дочкамі Майрай і Кікай.

Было цяжка, і багатыя сваякі дзяліліся рэчамі, але потым Сара Бэрман агледзелася, падпісалася на часопісы «Vogue», «Life», «Realities» — «і раптоўна сьвет раскрыўся, раптам мы пабачылі дзівосныя рэчы. Мы паехалі ў вандроўку ў Эўропу, спыняліся ў гатэлі „Excelsior“ у Рыме, пачалі хадзіць у музэі… Ці ўспрымала мая мама, Сара Бэрман, эстэтычныя і дызайнэрскія прынцыпы, як і я? Не, зусім не. Я мяркую, што яна проста хацела атачаць сябе прыгожымі рэчамі. Але мы ніколі не размаўлялі пра тое надта шмат. Яна была цудоўная маці, але я ня мела ўяўленьня, пра што яна насамрэч думае. Гэта было неяк кшталту: „Перадай соль“», — згадвае Майра Калман.

Малюнак Майры Калман «Фэрмэрскі рынак узімку»
Малюнак Майры Калман «Фэрмэрскі рынак узімку»

Празь некалькі дэкадаў, пасьля розных сямейных прыгодаў, пасьля выгадаваных у Амэрыцы дзяцей, вяртаньня Сары і Пэсаха Бэрманаў у Ізраіль і жыцьця там — пасьля 38 гадоў шлюбу Сара Бэрман вырашыла расстацца з мужам і жыць адна. У 1981 годзе яна зноў накіравалася з Тэль-Авіву ў Нью-Ёрк, пасялілася ў невялікай белай кватэры ў Грыніч-Вілідж, пакінуўшы сабе мінімум рэчаў. І пачала насіць белае адзеньне. Чаму гэты колер, ніхто не наважыўся распытваць. Алекс Калман, унук Сары, мяркуе, што такі быў яе спосаб пачаць абсалютна новае жыцьцё, праз упарадкаванасьць, чысьціню і прыгажосьць у штодзённым.

А Майра падкрэсьлівае, што маці і раней любіла бездакорна адпрасаванае, нават накрухмаленае адзеньне. «У сьвеце, дзе нарадзілася мая маці, у Беларусі 1920 году, жанчыны былі самаадданымі гаспадынямі. Гэта была іхняя праца. Папярэдніца Сарынай белай шафы — хата ў старой вёсцы, дзе яны мылі адзеньне ў вялізным рондалі з кіпнем, сушылі, прасавалі, складалі, даглядалі. На супрацьлеглым канцы яе жыцьця, у Нью-Ёрку, яна гэтак жа знаходзіла спакой у хатніх рытуалах — гэтай сьціплай асабістай форме жаночага самавыяўленьня».

Малюнак Майры Калман
Малюнак Майры Калман

​Надпіс на малюнку: «Рыба, пірагі ды шмат страваў з баклажанаў было зьедзена ў гэтым пакоі. За сталом з абрусам, гэтак жорстка накрухмаленым, што ён мог бы падняцца і пайсьці прэч. Я сядзела тут з маёй цёткай ды слухала яе жыцьцёвыя парады. Не сказаць, каб я ведала цяпер больш, хоць часам здаецца, што і ведаю».

Сара Бэрман, жанчына з Случчыны, пражыла астатнія гады на нью-ёркскай вуліцы Гарацыё. Яе лад жыцьця быў ідэальна прадуманы. «Я іду купляць адзін лімон, — казала яна. — А потым іду на пошту. Потым я вяжу швэдар сабаку. А на вячэру будуць блінцы». Яна глядзела ў вакно на Эмпайр-Стэйт-Білдынг, любіла фільмы з Фрэдам Астэрам і часам вандравала.

Сара Бэрман у Рыме, 1994
Сара Бэрман у Рыме, 1994

У 2004 годзе Сара выбралася ў Ізраіль наведаць сястру Шашану. Яны гулялі ўздоўж мора і елі лімоннае марозіва. Наступным ранкам Сара не прачнулася і не спусьцілася пасьнедаць. Ёй было 84 гады.

Калі Майра Калман і іншая дачка Сары, дызайнэрка адзеньня Кіка Шонфэльд, разьбіралі матчыну белую шафу, яны згодна прамовілі: Як у музэі! Урэшце, кожнае жыцьцё — сюжэт, а дарагія нам рэчы і спосаб іх захоўваць — тэма для экспазыцыі. І гэта не сэнтымэнтальнае перабольшваньне, а неаспрэчная праўда.

У 2015 годзе Майра Калман наведала Беларусь і вёску, дзе нарадзілася яе мама. Я спыталася пра тое, як гэта было, і яна напісала: «Вандроўка ў Беларусь была вельмі кранальная. Вандроўка ў месца, што больш не існуе. Я набрала крыху вады з ракі Случ і цяпер захоўваю яе».

Выстава «Шафа Сары Бэрман» працуе ў Амэрыканскім крыле Музэю Мэтраполітэн, у Нью-Ёрку, да 5 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG