«Чорныя рыэлтары» Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны, асуджаныя да выключнай меры пакараньня, абскардзілі вырак. Яны разьлічваюць, што расстрэл ім заменяць на працяглыя турэмныя тэрміны або на пажыцьцёвае зьняволеньне. Магілёўскі абласны суд прызнаў іх вінаватымі ў забойстве шасьці чалавек і падрыхтоўцы да ўчыненьня забойства яшчэ трох.
Разьлічваюць на перагляд прысуду Тацяна Гершанкова (асуджаная да 24 гадоў калёніі строга рэжыму) і Барыс Калесьнікаў (асуджаны да 22 гадоў калёніі).
Вінавацілі ў забойстве, а ў судзе дапыталі як сьведку
Жыхар Магілёва Артур Баханькоў, чалавек з крымінальным мінулым, шэсьць год быў фігурантам рэзананснай справы «чорных рыэлтараў». Яго падазравалі ў забойстве двух чалавек. Як кажа Баханькоў, яго двойчы арыштоўвалі па справе «чорных рыэлтараў», але вызвалялі. На судзе дапытвалі як сьведку.
Баханькоў перасьлед тлумачыць тым, што ён быў знаёмы з галоўным фігурантам справы Ігарам Гершанковым і ягонай жонкай Тацянай, а таксама — сваім крымінальным мінулым. За плячыма ў яго дзесяць год калёніяў. Сядзеў за крадзеж, вымагальніцтва, падробку дакумэнтаў. Цяпер, запэўнівае ён, жыве сумленна і адкрыта.
Ягоным знаёмствам з Гершанковым сьледзтва зацікавілася ў 2009 годзе. Баханькова дапыталі, але тады затрымліваць ня сталі. Гершанкоў у той час адбываў пакараньне па іншай справе.
Пры канцы ліпеня 2010 году супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю наведаліся да Баханькова і, як ён кажа, «культурна» арыштавалі яго. З пракурорскай пастановы даведаўся, што яго вінавацяць у забойствах. Пасьля 10 сутак зьняволеньня Баханькова вызвалілі.
У лістападзе 2010 году яго зноў затрымліваюць. Гэтым разам са зьбіцьцём.
«Мяне білі аўтаматам у грудзі. Ляжачага доўга дабівалі нагамі, — кажа ён. — Мне было цяжка дыхаць, бо зламалі рабрыну».
«Я тады надзіва быў спакойны, бо за мною не было ніякага крыміналу, — казаў ён. — Мне зноў паведамілі, што вінавацяць у забойстве. Тады я зразумеў, што мне ўжо ня выкруціцца, бо не змагу даказаць сваю невінаватасьць. Калі прыходзяць другі раз, то ня дзеля таго, каб вызваліць. Я патрабаваў, каб мяне праверылі на дэтэктары хлусьні, і ён ня выявіў падману».
Па яго словах, вобшук у загарадным доме міліцыянты праводзілі з сабакамі, але нічога не знайшлі. Пасьля допыту вызвалілі.
«Праз тры тыдні напісаў скаргу ў пракуратуру, бо разважаў так: калі было ўжо два затрыманьні, то іх можа быць і пяць, і дзесяць. Да скаргі дадаў фатаздымкі з пабоямі».
Пракуратура адмовіліся распачынаць крымінальную справу, бо ня выявіла ў дзеяньнях міліцыянтаў парушэньня закону. Ператрус у доме Баханькова праводзіўся таму, што, паводле апэратыўных зьвестак, там магла захоўвацца зброя. У лісьце, які падпісаў пракурор аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Дзьмітры Маладзід, адзначана, што супраць Баханькова выкарыстоўвалі сілавы прыём і спэцсродкі. Зброі ў доме не знайшлі. Зьвесткі, што супрацоўнікі міліцыі чынілі ціск на тых, хто жыў разам з Баханьковым, каб тыя агаварылі яго ў справе забойства Мельнічэнкі і Касьцюшкінай (першыя, паводле сьледзтва, ахвяры «чорных рыэлтараў». — РС) не пацьвердзіліся.
«У асуджаных павінна быць магчымасьць пакаяцца ва ўчыненым»
Баханькоў ня верыць, што расстрэльны вэрдыкт перагледзяць.
«Лукашэнка будзе сьпяшацца іх расстраляць. Наўрад ці на яго паўплываюць заявы эўрапейцаў пра памілаваньне ці амністыю. Калі за тэракт у мэтро за 11 месяцаў асудзілі і расстралялі, дык што казаць пра Гершанкова і Беражнога», — кажа Баханькоў.
Генэральны дырэктар Рады Эўропы Турбʼёрн Ягланд па вынясеньні сьмяротнага прысуду выказаў «глыбокую занепакоенасьць» рашэньнем суду».
«Я зноў выказваю наша расчараваньне тым, што Беларусь працягвае ўжываць гэтую бесчалавечную і несправядлівую меру, якая цалкам супярэчыць эўрапейскім каштоўнасьцям», — сказаў ён.
Баханькоў — ідэйны праціўнік сьмяротнага пакараньня. Апошнія 13 год ён вэгетарыянец, выступае супраць забойства любой жывой істоты. Сваім духоўным настаўнікам лічыць індыйскага праведніка Сацья Саі Бабу. Пад уплывам ягонага вучэньня да свайго прозьвішча суразмоўца дадае часьцінку «дэ» — Артур дэ Баханькоў. Кажа, што піша «духоўную» кнігу, у якой выкладае сваё разуменьне жыцьця. На памяць цытуе фрагмэнты Бібліі, якімі абгрунтоўвае сваю пазыцыю.
Вырак абласнога суду ён лічыць несувымерна жорсткім. А пажыцьцёвае зьняволеньне, на ягоную думку, дае асуджаным магчымасьць пакаяцца за ўчыненае.
«Калі чалавека расстралялі, то яму не далі такога шанцу. Няўжо, расстраляўшы Гершанкова і Беражнога, людзі адчуюць сябе шчасьлівейшымі?» — кажа Баханькоў.
«Прызнаўся ці не прызнаўся — расстрэл»
Баханькоў настойвае: суд не ўлічыў, што абвінавачаныя супрацоўнічалі са сьледзтвам, спадзеючыся пазьбегнуць расстрэлу.
«Напрыклад, Беражны прызнаўся — і яму расстрэл, прызналася Гершанкова — ёй 24 гады. Калі б Барыс Калесьнікаў не прызнаваўся, то ягонай віны сьледзтва б ня выявіла. Супраць яго былі толькі ўскосныя доказы, а так ён прызнаецца — і яму 22 гады. А Гершанкоў не прызнаўся — і яму расстрэл», — абгрунтоўвае сваю пазыцыю Баханькоў.
Паводле Баханькова, «расстрэльны» прысуд у гэтай справе робіць цалкам немэтазгодным супрацоўніцтва са сьледзтвам.
«Вось і выходзіць расстрэл Беражному, які прызнаўся, і расстрэл Гершанкову, які не прызнаўся. Тут несувымернасьць пакараньня, — кажа ён. — Які сэнс ісьці на зьдзелку са сьледзтвам?
Усе меркавалі, што Беражному дадуць пажыцьцёвае зьняволеньне. Хіба нельга было ўлічыць, што Беражны паказаў, дзе закопвалі целы, і патлумачыў мэханізм забойстваў?
Апраўданьне ў дзяржавы, што Беражны не падпісаў нейкай паперы аб супрацоўніцтве са сьледзтвам. То бок выходзіць, што яго падманулі.
Галоўнае выведалі — як і што адбывалася. Але гэтым самым паказалі, што сыстэма супрацоўніцтва са сьледзтвам не працуе.
Цяпер крымінальны сьвет і адвакаты будуць ведаць, што сьледзтва пайшло на падман, і зробяць высновы, якія будуць тармазіць выкрыцьцё злачынстваў.
Злом не дасягнеш дабрыні. Калі дзяржава кажа, што яна не такая, як тыя, хто ўчыняе злачынствы, дык розьніца ў чым?»
Па словах Баханькова, родныя Гершанкова і Беражнога спадзяваліся, што сьмяротнага пакараньня іхным дзецям ня будзе.
«Вы ж разумееце, — казаў ён, — адна справа для бацькоў, калі ёсьць магчымасьць спаткацца раз на год з асуджанымі дзецьмі, а другая — атрымаць пакунак з рэчамі пасьля расстрэлу. Маці Гершанкова казала, што сын пісаў хадайніцтва, каб яму далі 25 гадоў ці пажыцьцёвае зьняволеньне».
«Колькасьць забітых не зьдзівіла»
Паводле зьвестак сьледзтва, злачынная групоўка ад 2009 да 2015 году ўчыніла 6 выкраданьняў і забойстваў. Злачынцы імкнуліся завалодаць жытлом сваіх ахвяраў. Выкрылі групоўку ў 2015 годзе, калі адпрацоўваліся захады пошуку зьніклых бязь вестак.
Зламысьнікі шукалі людзей з сацыяльна ўразьлівай катэгорыі насельніцтва, угаворвалі ўладальніка кватэры прадаць яе. Пасьля былога гаспадара заваблівалі ў бязьлюднае месца і забівалі. Целы закопвалі ў загадзя падрыхтаваных магілах.
Баханькоў кажа, што яго не зьдзівіла колькасьць забітых «чорнымі рыэлтарамі».
«Чаму тут зьдзіўляцца, калі дзяржава, расстрэльваючы, прапаведуе забойства, — тлумачыць ён. — Дзяржава пазбаўляе жыцьця людзей зь перакананьнем, што пазбавіла грамадзтва кепскіх яго прадстаўнікоў. Дык Гершанкоў і выхаваны з такой закваскай. Ён жыў у жабрацтве і ня бачыў для сябе пэрспэктываў жыцьця па-людзку. Гершанкоў здолеў сябе пераканаць, што не вінаваты. Ягонае перакананьне было настолькі моцнае, што ён ім жыў і меркаваў, што ўсе яму вераць, таму на працэсе быў спакойны. Ён і Сямён Беражны забівалі тых, каго лічылі таксама „кепскімі людзьмі“, са спадзевам, што на іх і крэўныя забыліся, і грамадзтва ад іх адвярнулася...»
На працэсе мяне зьдзівіла, — казаў далей Баханькоў, — калі Беражны заявіў, што ў турме ён пачаў чытаць Біблію. Я спадзяюся, ён зразумеў, што жыве ў пекле, і пачаў ісьці да Бога, бо да Бога ёсьць два шляхі — празь пекла і вырай. Празь пекла хутчэй, а праз вырай — цудоўней. Ні Ігар, ні Тацяна (Гершанковы. — РС) гэтага не зразумелі, як мне падаецца«.
Як заўважае Баханькоў, пасьля затрыманьня «чорных рыэлтараў» у 2015 годзе яго пакінулі ў спакоі, але выбачэньняў за перасьлед і неабгрунтаваныя абвінавачваньні ён дагэтуль не дачакаўся.
«У нас умеюць абвінавачваць, — кажа ён, — а вось выбачацца не навучыліся. Я ж не прашу, каб перада мною сталі на калені, але чакаю афіцыйнай паперы, у якой выказваецца шкадаваньне, што са мною абышліся гэткім чынам. Але наўрад ці такой паперы дачакаюся».
Баханькоў хадзіў на суд па гэтай справе. Пасьпеў падзякаваць Гершанковым, што тыя не далі супраць яго ілжывых сьведчаньняў.
«Я ведаю, што ад іх гэтага дамагаліся, — казаў ён. — Міліцыянты былі перакананыя, што я ў забойствах «запэцканы».
Прыйшоў Баханькоў і на агучваньне выраку.
«Я бачыў вочы Гершанкова, — кажа ён. — Ён адзіны, хто глядзеў на мяне, як судзьдзя чытаў пастанову. Калі пералічвалі, колькі яму даюць за эпізоды справы, і за апошні назвалі 24 гады, ён выдыхнуў з палёгкай. А потым прагучала — сьмяротнае пакараньне, і ён адразу панік. Мяркую, што ён будзе намагацца адтэрміноўваць выкананьне прысуду. Будзе чапляцца за жыцьцё, бо гэта ўласьціва ўсяму жывому».
На працэс прыходзілі тыя, хто меўся стаць чарговымі ахвярамі «чорных рыэлтараў». Прыходзілі і сваякі забітых. Сястра аднаго зь іх, Людміла Кунцэвіч, сказала, што ёй шкада асуджаных, але вырак назвала справядлівым.
«Я ня прагну помсты, — казала яна, як агучылі вырак. — Лічу, што можна дараваць забойства па неасьцярожнасьці. Але тут яно было сплянаванае. Забойствы нашых родных былі пункцікамі ў іхным пляне».
«Канвэер сьмерці»
Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачаньня пракурор Юры Шарсьнёў адзначыў, што абвінавачаныя стварылі «канвэер сьмерці». Па ягоных словах, калі б не прафэсійныя дзеяньні праваахоўных органаў, гэты канвэер працаваў бы і далей.
Баханькоў згаджаецца з пазыцыяй пракурора. «Калі б „чорных рыэлтараў“ ня выкрылі, забойствы працягваліся б», — кажа ён.
«Міліцыя спрацавала прафэсійна, але запозна. Калі забітыя не адзін і ня два, а шасьцёра, то гэта запозна. „Рыэлтараў“ трэба было браць раней і не дапускаць столькіх забойстваў. Іх затрымлівалі і выпускалі. За імі трэба было сачыць. Гершанковы не давалі паказаньняў супраць сябе. А калі сьледзтва ня мае трупаў, то няма і справы. У Гершанковых жа было невялікае кола знаёмцаў, таму пад падазрэньне падпадалі найперш тыя, хто меў крымінальнае мінулае», — лічыць ён.