Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі нацыяналіст — герой Украіны


Міхал Жызьнеўскі на Майдане
Міхал Жызьнеўскі на Майдане

Прыйшла навіна з Украіны, што беларусу Міхалу Жызьнеўскаму прысвоена званьне Героя Ўкраіны.

Здаецца прайшло ўсяго нічога, але з моманту ягонае гібелі мінула тры гады.

Я памятаю дзень, калі паведамілі гэтую навіну, памятаю камэнты ў фэйсбуку, пераважна спачувальныя і з пэўным момантам цікавасьці — хто такі? Але былі і іншыя, асабліва ўразіў камэнтар, які адначасова і кпіў, і зьдзіўляўся, маўляў, па кім сумуеце, бамжа забілі, а вы тут сьлёзы праліваеце. Камэнтатар, вядомы ў Беларусі чалавек, абсалютна не ўспрымаў тыя каштоўнасьці, за якія загінуў Жызьнеўскі. Каштоўнасьці цывілізаванага нацыяналізму.

На той час гэткая пазыцыя была правільнай на дзяржаўным узроўні. Яе трансьлявалі часта й паўсюль. Нацыяналізм як ідэалягічная плынь, да якой далучаў сябе Міхал Жызьнеўскі, бо іначай ня стаў бы чальцом УНА-УНСО, у беларускай палітычнай прасторы быў ледзь не лаянкавым словам, якім палохалі.

Зьняславіць загіблага й памяць пра яго — гэта віталася й дазвалялася не адно ў фэйсбуку. На месцы пахаваньня Жызьнеўскага увесь час адбываліся розныя паскудзтвы, на якія мясцовыя ўлады ніяк не рэагавалі. Раскідвалі вянкі, драпалі на помніку зьняважлівыя словы, ламалі агароджу.

Магілай Міхала Жызьнеўскага апекаваліся адно родныя, сябры, паплечнікі ды ўкраінская дзяржава.

Але падзеі ва Ўкраіне прыўнесьлі шмат нечаканага ў беларускі палітычны кантэкст. Стаўленьне да нацыяналізму пачало патроху мяняцца. У нацыяналізьме як палітычнае плыні сталі разьбірацца, да яго падагрэўся інтарэс, аж пакуль, нарэшце, не прагучалі словы прэзыдэнта пра «здаровы нацыяналізм».

Расейская агрэсія ва Ўкраіне папросту прымусіла асэнсаваць нацыяналізм, як зьяву ў сучасным кантэксьце балта-чарнаморскага рэгіёну, бо асноўнай сілай, якая стала «мурам каменным» на шляху расейскага бліц-крыгу, былі якраз нацыяналісты, як бы да іх ні ставіліся ў грамадзтве.

Закіды ў фэйсбуку, што беларусам варта адмовіцца ад нацыяналізму й дыскусіі, што час ад часу ініцыююцца на гэтую тэму, падаюцца спробамі засьведчыць сябе ў модным на сёньня левым трэндзе ў міжнароднай палітыцы, перадусім эўрапейскай, дзе нацыяналізм, як зьява, ня надта вітаецца.

Але ў эўрапейцаў ёсьць свае спраўджаныя нацыянальныя дзяржавы, дзе хто б ні быў пры ўладзе, ад сацыялістаў да кансэрватараў, па сутнасьці ёсьць нацыяналістамі, бо апякуюцца дабрабытам перадусім сваіх людзей і сваёй дзяржавы.

Ні ўкраінцы, ні мы пакуль ня маем сваёй нацыянальнай дзяржавы, але мусім мець, калі хочам рухацца далей, як самадастатковая нацыя й дзяржава.

Украіна сваім жэстам паказала, што нацыяналізм для яе важны, як падмурак у пабудове сваёй дзяржаўнасьці. Бо ўкраінцы на свае вочы бачылі, што бараніць сваё выйшлі менавіта жызьнеўскія, якой бы нацыянальнасьці яны не былі, а ня іх умоўныя інтэрнэтныя апанэнты.

Гэты ўрок Украіна засвоіла, заплаціўшы шматлікімі жыцьцямі, у тым ліку й жыцьцём Міхала Жызьнеўскага, выбар якога быў сьвядомым выбарам перакананага чалавека.

Папросту ва ўмовах вайсковае агрэсіі ўсе аналітычныя здольнасьці грамадзтва падвышаюцца шматкроць. Народ бачыць, хто ёсьць хто наўпрост.

Я памятаю, як здымаў нарыс пра Майдан у студзені 2014 году, неўзабаве пасьля першых ахвяр, сярод якіх быў і Міхал. Як, распавядаючы мне пра сьмяротную рану Жызьнеўскага, заплакаў вайсковы доктар, што спрабаваў аказаць яму першую дапамогу (04.23 - 05.55). Як неўзабаве па маім ад'езьдзе паляцяла ў вырай нябесная сотня, сёньняшнія героі Ўкраіны, сярод якіх і Міхал Жызьнеўскі, першы замежнік, ганараваны найвышэйшай узнагародай суседняй дзяржавы.

Сёньня, калі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў Кіеве ўручыў узнагароду бацькам Міхала Жызьнеўскага, я й блізка ня бачу ў стужцы камэнтароў, падобных таму, што быў колісь, у дзень гібелі нашага земляка. Сёньня іншы час.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG