Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мацярынскі паклон прэзыдэнту Парашэнку», — Ніна Жызьнеўская аб наданьні сыну званьня Героя Ўкраіны


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьмяротна прысвоіў беларусу Міхасю Жызьнеўскаму званьне Героя Ўкраіны. Зорку Героя і адпаведны дакумэнт украінскі прэзыдэнт уручыў бацькам Міхася — Ніне і Міхаілу Жызьнеўскім.

«Я нечувана рада, што наш сын уганараваны найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Украіны, — сказала Свабодзе праз тэлефон з Кіева маці героя Ніна Жызьнеўская. — Нават адлягло ад сэрца, бо думала, што не дачакаюся. Мне як маці хацелася, каб гэта здарылася як мага раней. Бо што толькі не казалі пра сына ў нас, у Беларусі, калі ён загінуў 22 студзеня 2014-га ў Кіеве на вуліцы Грушэўскага падчас Рэвалюцыі годнасьці. Маўляў, Міша і „бандэравец“, і „бандыт“. На помніку пад Гомлем, пастаўленым на радзінных могілках, дзе пахаваны Міша, былі надрапалі крыўднае слова „здраднік“.

Нам, бацькам, і цяпер цяжка ўсьведамляць, што Мішы няма ў жывых.

Але сын наш — годны чалавек, Герой Украіны. Пятро Парашэнка назваў яго „вялікім беларусам і вялікім украінцам“, які паклаў сваё жыцьцё за свабоду Ўкраіны і Беларусі».

Ніна Васільеўна кажа, што Міхась Пятровіч на прыёме ў рэзыдэнцыі ўкраінскага прэзыдэнта выказаў падзяку Пятру Парашэнку за маральную і матэрыяльную падтрымку іх сямʼі.

«Нізкі мацярынскі паклон прэзыдэнту Парашэнку і ад мяне асабіста. Дзякуй і дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны — яны ўнесьлі зьмены ў нацыянальнае заканадаўства, каб найвышэйшую ўзнагароду маглі атрымаць і замежнікі, якія змагаліся за свабоду і незалежнасьць Украіны», — сказала маці героя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG