Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве новых беларускамоўных клясаў сёлета ня будзе


ТБМаўцы ініцыявалі дыскусію з чыноўнікамі пра пэрспэктывы беларускамоўнага школьніцтва. Тыя абяцаюць новую поўнакамплектную клясу налета.

Праз год, магчыма, зьявіцца новая беларуская кляса

Асноўным вынікам круглага стала сталася заява, што чыноўнікі і грамадзкасьць разам прыкладуць намаганьні і да наступнага навучальнага году набяруць дзяцей у поўнакамплектную першую клясу зь беларускай мовай навучаньня. Яе плянуюць адкрыць у 45-й школе Магілёва, дзе ёсьць ахвочыя бацькі шасьцігодак.

Адкрыцьцё ж малакамплектнай клясы ў гэтай школе, паводле чыноўнікаў, нямэтазгоднае, бо школа перапоўненая вучнямі.

Мінулы навучальны год у дзьвюх беларускіх клясах адвучыліся чатыры школьніцы. Тры скончылі першую клясу, адна — сёмую.

У беларускай клясе стане больш на аднаго вучня

Да трох дзяўчатак у клясе далучыцца хлопчык, паведаміў на сустрэчы дырэктар 34-й школы Ігар Якіменка. Ён сказаў, што бацькі пакуль думаюць.

«Гэтага хлопчыка паглядзелі псыхоляг ды настаўнік, — заўважыў дырэктар школы, — і параілі яму адразу пайсьці ў другую клясу. Ён даволі разьвіты. Было б цудоўна, каб у клясе стала чацьвёра вучняў».

«Існуе недавер да тых, хто арганізуе навучаньне»

Падчас дыскусіі прадстаўнікі грамадзкасьці абвінавацілі чыноўнікаў, што яны не асабліва рупяцца пра адкрыцьцё клясаў і кепска працуюць з бацькамі.

«Чаму такія клясы так слаба папаўняюцца? Чаму ў сёньняшніх бацькоў такі недавер да беларускамоўнай адукацыі? Па-першае, гэта недавер да тых, хто арганізуе такое навучаньне. Дзе гарантыя ад таго, што праз два-тры гады камусьці не захочацца вярнуць гэтыя клясы да расейскамоўнага варыянту. Калі такое было раз, то можа быць і другі, і трэці», — сказаў у выступе сябра ТБМ Міхась Булавацкі.

Гарвыканкам: праца ёсьць, дзяцей няма

Журналіст Уладзімер Лапцэвіч віну ўсклаў на ўладу. На ягоную думку, абмеркаваньне набору вучняў варта было праводзіць у сакавіку, а не за месяц да пачатку навучальнага году.

«Папулярызацыя беларускамоўнага навучаньня ў Магілёве сёлета праваленая. У беларускія клясы ня прыйдуць дзеці. Гэта вынік працы гарвыканкаму, — казаў журналіст. — Пакуль няма беларускамоўных сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў, а таксама вышэйшых, бацькі ня бачаць сэнсу аддаваць дзяцей у беларускія клясы. Каб яны гэта рабілі, трэба іх неяк завабліваць. Гэтую працу мае весьці гарвыканкам. У гарвыканкаму значна болей рэсурсаў дзеля гэтага, чым у ТБМ».

Намесьніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка на гэта адказала: «Цяпер мы толькі пачынаем адраджаць такія клясы».

«Мы зрабілі толькі першыя крокі. У дзьвюх школах ёсьць клясы зь беларускай мовай навучаньня. І калі казаць, што наша праца правальная, то тады наагул ня варта нічога рабіць надалей».

Чыноўнікі запэўнілі, што знойдуць настаўнікаў, здольных вучыць дзяцей па-беларуску.

Паводле Міхася Булавацкага, у 1993–1994 навучальным годзе ў Магілёве па-беларуску вучыліся 6,6% школьнікаў. Напачатку 2000-х гадоў беларускіх клясаў у горадзе не засталося зусім.

У 2010 годзе беларускамоўнае навучаньне аднавілася адкрыцьцём клясы з адной вучаніцай — Ялінкай Салаўёвай. За сем гадоў бацькі ня здолелі знайсьці ёй кампаніі.

У 2016 годзе ў 34-й школе набралі беларускую клясу зь дзьвюх вучаніц. Праз тры месяцы іх стала тры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG