Старшыня прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалай Чаргінец прапанаваў Мінадукацыі ўключыць у школьныя праграмы творы расейскамоўных літаратараў Беларусі. І прыклаў сьпіс, пачаўшы яго зь сябе. Да чаго можа прывесьці такая ініцыятыва? Госьцяй перадачы — намесьніца старшыні ТБМ імя Фрацішка Скарыны, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
— Спадарыня Алена, ледзь не штогод з прыўладнга Саюзу пісьменьнікаў у Мінадукацыі дасылаюцца падобныя прапановы. Як вы ставіцеся да спробаў Чаргінца («русскопишущего писателя», як ён сам сябе называе) прапіхнуць свае творы (і творы сваіх калегаў) у школьныя праграмы?
— Да любой спробы «прапіхнуць» я стаўлюся адмоўна, у якой бы сферы гэта ні адбывалася. А што тычыцца літаратуры, то гэта асаблівы прадмет, безь яго адукацыйны працэс па-сапраўднаму немагчымы. Бо літаратура ненавязьліва вучыць жыцьцю. Калі ж размова ідзе пра графаманства, будзем казаць прама, то як можна дапусьціць, каб на ім выхоўваць цэлыя пакаленьні? Літаратурныя творы перад уключэньнем у праграму павінны прайсьці экспэртызу, каб было відавочна, што яны вартыя гэтага, што яны нясуць неабходную нагрузку — і патрыятычную, і любові да чалавецтва, да прыроды.
— У рэкамэндацыйным сьпісе Чаргінца (апублікаваны Ірынай Халіп) — ён сам (з раманамі «Операция „Кровь“» і «Сыновья»), а таксама такія паэты, як Анатоль Аўруцін, Тамара Краснова-Гусачэнка...
— Шчыра кажучы, я ня ведаю гэтых літаратараў.
— Вы не чыталі Чаргінца?
— Спадара Чаргінца чытала, але даўно, у маладосьці, калі дэтэктыўна-міліцэйскі жанр яшчэ толькі-толькі пачынаўся. Хачу сказаць, што такога роду літаратура, заснаваная на крымінальных падрабязнасьцях, наўрад ці павінна быць у школьнай праграме. Асабліва цяпер, калі ва ўсім сьвеце адбываюцца тэрарыстычныя акты, часам нават садысцкія. Я супраць такога роду літаратуры.
— Падобныя спробы Чаргінца дагэтуль ня мелі посьпеху. Пры новым міністры адукацыі Ігару Карпенку шанцы ў яго павялічыліся?
Калі ў сыстэме адукацыі будзе квітнець пратэкцыянізм, то шанцы павялічацца. Міністэрства адукацыі ведае, што ў нашых школах і без прапановаў Чаргінца праблемаў хапае, і іх трэба вырашаць. Я за тое, каб у школьных праграмах быў такі падзел: беларуская літаратура — і сусьветная літаратура, куды мае ўваходзіць і літаратура расейская. Гэта было б вельмі правільна, калі б мы разумелі, што ёсьць працэсы ўнутры краіны, а ёсьць працэсы за яе межамі. Мы тады бачылі б, як мы глядзімся ў сусьветным трэндзе, гэта было б вельмі паказальна і вызначала б, дзе мы супадаем з другімі народамі, чым мы адметныя. Тады месца кожнай літаратуры лепш увідавочнілася б. І больш абазначылася б сваё, роднае.
— Свае прэтэнзіі Чаргінец падмацоўвае дзяржаўным дзьвюхмоўем. Маўляў, калі беларускую літаратуру вывучаюць у пэўным абʼёме, значыць, і на расейскую трэба адвесьці столькі ж гадзінаў. Прычым не на Пушкіна з Гогалем, а на «представителей русскоязычного крыла отечественной литературы».
Ды няма ў нас ніякага дзьвюхмоўя, давайце казаць шчыра!
— Ды няма ў нас ніякага дзьвюхмоўя, давайце казаць шчыра! У нас ёсьць прэфэрэнцыі для расейскай мовы і ёсьць дыскрымінацыя мовы беларускай. Пачынаецца яна з сыстэмы адукацыі, калі мы ня можам дзецям паўнавартасна забясьпечыць выхаваньне на беларускай мове ў садках, адукацыю на беларускай мове ў школе і ВНУ. Што тычыцца літаратуры, то паўтаруся: павінна быць два курсы — беларуская і сусьветная. Калі мы сёньня размыем гэта ўсё, то страцім адукаваных, культурных людзей, мы пачынаем ужо гэта адчуваць. Настаўнікі ад гэтага пакутуюць. Падае агульны ўзровень выкладаньня.
— Адзін з пратэжэ Чаргінца — Анатоль Аўруцін, між іншым, актыўны аўтар сайту «Западная Русь». І вось што ён там піша: «Из всех языков на постсоветском пространстве один только русский имеет обьединительную функцию. Остальные вольно или невольно служат делу разъединения народов». Як вам такі пасаж?
— Казаць пра разьяднаўчую функцыю мовы — глупства. Насамрэч, разьяднаўчую функцыю выконвае чалавек, які навязвае штосьці, абражае, ставіць пад сумнеў якасьці іншай мовы і выпячвае сваю. Я лічу, што гэта абсалютна няправільны, нават шкодны пасаж. Калі мова пазыцыянуецца як вышэйшая над астатнімі мовамі, гэта нейкая прэтэнзія на яе «арыйскасьць». Гэта ўжо нагадвае дужа нядобрыя рэчы зь мінулага, ад якіх мы імкнемся пазбавіцца. Забыць пра іх нам не дае дзейнасьць такіх людзей, як Аўруцін.
— Яшчэ адзін «русскопишущий писатель», варты ўключэньня ў школьную праграму, — Тамара Краснова-Гусачэнка (кіраўніца Віцебскага аддзяленьня чаргінцоўскага саюзу). Відаць, яе вершы сапраўды вартыя, каб іх вывучалі ў школе, напрыклад, гэты: «Кто на свете всех милее? Всех красивей и — смелее». Але як пераканаць вучняў, што гэта Краснова-Гусачэнка, а ня Пушкін? Як абараніць школу ад такіх графаманаў-плагіятараў?
Прапіхваць такія «творы» ў адукацыйны працэс — поўная прафанацыя. Прафанацыя адукацыі, прафанацыя літаратуры
— Не пускаць іх «творы» ў школу. Графаманства — гэта заўсёды вельмі нізкая якасьць, а непрафэсіяналізму ў нас і так хапае. Будучыня толькі за прафэсіяналамі. Калі гэта не тваё — ня мучайся сам і ня мучай іншых. Нельга быць непрафэсіяналам у творчай прафэсіі. Можна рэалізоўваць сябе ў гэтай якасьці, але прапіхваць такія «творы» ў адукацыйны працэс — поўная прафанацыя. Прафанацыя адукацыі, прафанацыя літаратуры.
— Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў прапаноўвае ўсіх іншамоўных аўтараў Беларусі — ад Міцкевіча да Алексіевіч — вывучаць на ўроках беларускай літаратуры, папярэдне пераклаўшы іх творы на беларускую мову. Вы падзяляеце такі падыход?
— Так, гэта цалкам лягічна. Пісьменьнікі, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, часам апісвалі беларускую рэчаіснасьць, прыроду і побыт на той мове, на якой атрымлівалі адукацыю. Безумоўна, іх трэба вывучаць у перакладзе на беларускую мову. Можна таго ж Адама Міцкевіча вывучаць і ў арыгінале, але ня ў школе. Мала хто ў сёньняшняй школе здольны адэкватна разумець тагачасную польскую мову.
— Моўную сытуацыю ў сфэры адукацыі мы ўжо закранулі, яна нездавальняючая. А ці задавальняе вас моўны рэжым у Палаце прадстаўнікоў, дзе вы працуеце ўжо даволі працяглы час?
— Ён мяне не задавальняе, але там я цераз сябе не пераступаю, я карыстаюся ўсюды беларускай мовай — і ў афармленьні дакумэнтаў, і ў выступах. Я сваю пазыцыю акрэсьліла і згодна зь ёю жыву і працую.
— У сьценах Палаты прадстаўнікоў вас ніхто не дыскрымінуе?
— Няхай толькі паспрабуюць дыскрымінаваць! У нас ёсьць Канстытуцыя, закон, я ведаю свае правы і буду іх адстойваць.
— Пры тым заканадаўстве, якое ў нас існуе, ці магчыма палепшыць становішча беларускай мовы? Ці варта прыняць нейкія новыя законы? Скажам, заканадаўча абавязаць кіраўніка краіны ў службовы час карыстацца тытульнай мовай дзяржавы.
— Калі мы прытрымліваемся закону і дзейнічаем у адпаведнасьці з законам, то можам шмат чаго добрага зрабіць. Паводле Канстытуцыі, у нас дзьве дзяржаўныя мовы. І тая ж Канстытуцыя патрабуе забясьпечыць выкарыстаньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Кожны дзяржаўны службовец павінен валодаць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі ў межах, якія дазваляюць яму выконваць свае абавязкі. А што насамрэч адбываецца? Нават ня ўсе сайты дзяржаўных органаў маюць беларускую вэрсію. Мы можам знайсьці ангельскую вэрсію, вэрсію для тых, хто слаба бачыць, але на дзяржаўнай беларускай мове такой вэрсіі можа ня быць. А калі і ёсьць, то яна не забясьпечаная такім самым кантэнтам, напаўненьнем, як расейскамоўная вэрсія. Што гэта, як не парушэньне закону, як не парушэньне канстытуцыйнай роўнасьці? Гэта выразны прыклад дыскрымінацыі і невыкананьня закону. Я ведаю, што большасьць грамадзянаў Беларусі лічыць, што ў Беларусі павінна быць адна дзяржаўная мова — беларуская, а расейская можа мець статус мовы афіцыйнай, мовы міжнацыянальных зносінаў. Так, як было да моўнага рэфэрэндуму. Правёўшы яго, улады выбілі ўсе падпоркі з-пад беларускай мовы. Што да нейкага адмысловага закону... Думаю, недастаткова заўтра Аляксандру Рыгоравічу загаварыць па-беларуску, каб усе чыноўнікі загаварылі...
— На працягу тыдня. І нават ніякіх курсаў «Мова нанова» не спатрэбіцца.
— Рацыянальнае зерне ў гэтым, вядома ж, ёсьць. Калі пойдзе такі трэнд, то большасьць зь іх, можа, і загаварыць. Але, зь іншага боку, многія будуць азірацца, чакаць. Заўважце — у нас многа чыноўнікаў, якія этнічна не беларусы, яны нарадзіліся ў Расеі. І вось іх заахвоціць выкарыстоўваць беларускую мову будзе праблематычна. У адрозьненьне ад многіх мясцовых. Скажам, той жа міністар адукацыі Карпенка выдатна размаўляе па-беларуску, і я ведаю, што ў свой час ён выкладаў гісторыю Беларусі ў БДПУ па-беларуску. А ўвогуле, сярод нашых чыноўнікаў ёсьць тыя, хто любіць, умее і хоча працаваць, і тыя, хто ня хоча напружвацца. І хто б на якой мове ні гаварыў, такія людзі ня будуць перакрочваць цераз сябе ні ў пляне мовы, ні ў пляне таго, каб працаваць для людзей.