Максымальны вынік у 100 балаў на адным з тэстаў цэнтралізаванага тэставаньня ў 2017 годзе мелі 292 абітурыенты, яшчэ 11 атрымалі па 100 балаў на двух тэстах, перадае БелаПАН.
Летась на ЦТ было 330 «стабальнікаў», два гады таму — 277.
Толькі 9 «стабальнікаў» было зь сельскіх школаў, 82 былі зь Менску, яшчэ 87 з раённых цэнтраў.
Разьмеркаваньне «стабальнікаў» па прадметах такое:
- Матэматыка — 69 чалавек.
- Расейская мова — 66.
- Замежныя мовы — 49 чалавек (сумарна).
- Беларуская мова — 35.
- Хімія — 25.
- Гісторыя Беларусі — 19.
- Біялёгія — 18.
- Грамадазнаўства — 16.
- Фізыка — 15.
- Геаграфія — 1.
- Усясьветная гісторыя, найноўшы час — 1.
На 100 балаў здалі беларускую мову 0,12% абітурыентаў, расейскую — 0,08%. Пры гэтым доля абітурыентаў, якія здавалі беларускую мову, вырасла ўпершыню за сем гадоў за кошт таго, што абітурыентам дазволілі запісвацца адначасова на тэсты і па беларускай мове, і па расейскай.