Савет Міністраў Беларусі пастанавіў (PDF) пашырыць сьпіс адміністрацыйных працэдураў, якія можна выканаць праз інтэрнэт. Пастанова ўжо набыла сілу, але новыя працэдуры праз сайт portal.gov.by даступныя не адразу, а будуць дадавацца паступова.
Сьпіс для фізычных асобаў (PDF) налічвае 149 працэдураў, у ліку якіх рэгістрацыя часовага знаходжаньня ў Беларусі іншаземца, выдача даведкі пра выплату падаходнага падатку, дзяржаўная рэгістрацыя працэдураў зь зямельным участкам і жылым домам або кватэрай і іншае.
Сьпіс для юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў (PDF) налічвае 197 працэдураў, у ліку якіх шэраг даведак пра падаткі і маёмасьць, заключэньне пра непадакцызныя тавары, уключэньне ў рэестар лізінгавых арганізацыяў, узгадненьне праектаў на капітальны рамонт і праект дэталёвага плянаваньня, выдача выпіскі аб правах на маёмасьць ды іншае.
Пакуль на сайце электронных паслуг даступныя толькі 34 для фізычных асобаў з анансаваных 149. Зь іх 32 платныя, яшчэ 4 бясплатныя. Усе працэдуры можна выканаць з выкарыстаньнем электроннага лічбавага подпісу, але толькі 8 зь іх — бяз подпісу.
У пастанове Саўміну без электроннага подпісу дазваляецца ўсяго пяць працэдураў без электроннага подпісу, усе для фізычных асобаў: рэгістрацыя іншаземца, які часова знаходзіцца ў Беларусі; выдача пропуску беларусу на знаходжаньне ў памежнай зоне; выдача такога пропуску іншаземца; выдача пропуску на пазачарговы ўезд на пункты пропуску на мяжы і выдача дазволу на «выдаленьне аб’ектаў расьліннага сьвету ў населеных пунктах».
Куды несьці паперкі, каб не насіць паперак
Усе астатнія электронныя працэдуры маюць праводзіцца «з выкарыстаньнем унікальнага ідэнтыфікатара асобы ці асабістага ключа электроннага лічбавага подпісу». А гэты ідэнтыфікатар можна атрымаць толькі афлайн. Падрабязная інструкцыя ёсьць тут, сьцісла яна такая для фізычных асобаў:
— перачытаць сотню старонак дамоваў і рэглямэнтаў;
— сплаціць у банку збор за рэгістрацыю электроннай паслугі;
— сабраць пакет дакумэнтаў: пасьведчаньне асобы, копія чэка аб аплаце рэгістрацыі і копія апавяшчэньня пра пастаноўку на ўлік у Фондзе сацыяльнай абароны, запоўненыя ад рукі зьвесткі пра сябе на асобнай форме;
— з гэтым пакетам пайсьці ў адзін з рэгістрацыйных цэнтраў (такія ёсьць у Менску, абласных цэнтрах і 8 буйных гарадах, працуюць па буднях да 18 вечара, не працуюць па выходных);
— атрымаць там дыск з патрэбнымі праграмамі для кампутара;
— спампаваць і ўсталяваць з сайту portal.gov.by праграму Avest (працуе на Windows, не старэйшай за XP з Service Pack 3, можа мець праблемы ў сумяшчальнасьці з Windows 10, не працуе пад іншымі апэрацыйнымі сыстэмамі);
— выкарыстоўваць для працы з сайтам браўзэр Internet Explorer, не старэйшы за 9-ю вэрсію (аб працы з сайтам праз Chrome, Safari або Firefox нічога не гаворыцца).