Апэляцыя на рашэньне аб прызнаньні царквы «Сьведак Яговы» экстрэмісцкай арганізацыяй на тэрыторыі Расеі была адхіленая расейскім Вярхоўным судом 17 ліпеня, перадае «Інтэрфакс». Таксама суд пакінуў дзейным рашэньне аб ліквідацыі «Кіроўнага цэнтру сьведак Яговы ў Расеі».
Вярхоўны суд адхіліў усе хадайніцтвы абароны, у тым ліку паказаньні рэлігіязнаўца.
Цяпер рашэньне аб ліквідацыі «Сьведак Яговы», прынятае Вярхоўным судом Расеі 20 красавіка, набыло моц. Канфэсіі давядзецца закрыць свой цэнтральны офіс у Санкт-Пецярбургу, а таксама дзьверы амаль 400 храмаў па ўсёй Расеі. «Залі царства» «Сьведак Яговы» будуць перададзеныя ўраду Расеі.
Самі «Сьведкі Яговы» ня згодныя з прызнаньнем арганізацыі экстрэмісцкай, адмаўляюць факт выкарыстаньня сваёй літаратуры, прызнанай раней экстрэмісцкай (арганізацыя не пагаджалася з забаронай літаратуры, але сьцьвярджае, што вернікі яе зьнішчылі, бо разгляд справы зацягнуўся), і заяўляюць, што забароненую літаратуру мясцовым арганізацыям падкідвалі праваахоўнікі.
Прадстаўнік «Сьведак Яговы» заявіў, што рашэньне будзе абскарджвацца ў Эўрапейскім судзе ў пытаньнях правоў чалавека.
Паводле саміх «Сьведак Яговы», у Расеі налічваецца каля 170 тысяч вернікаў іхнай канфэсіі, ва ўсім сьвеце — каля 8 мільёнаў.
У Беларусі «Сьведкі Яговы» былі зарэгістраваныя ў 1994 годзе, дзейнічаюць легальна, але за дзейнасьць незарэгістраваных суполак штрафуюць, сходы ў рэгіёнах забараняюцца, некаторым суполкам пагражалі пазбаўленьнем рэгістрацыі. На сёньня ў Беларусі каля трох дзясяткаў суполак «Сьведак Яговы», на кангрэс у Менску ў 2015 годзе сабраліся каля шасьці тысяч чалавек.
Ацэнкі арганізацыі даюцца розныя: паводле адных дасьледнікаў, «Сьведак Яговы» варта лічыць пратэстантамі адвэнтысцкага кірунку, паводле іншых — парахрысьціянствам або псэўдахрысьціянствам, таталітарнай сэктай. У большай частцы сьвету «Сьведкі Яговы» дзейнічаюць легальна, у шэрагу краінаў Азіі і паўночнай Афрыкі яны лічацца сэктай і забароненыя.
«Сьведкі Яговы» ня ўдзельнічаюць у выбарах і не бяруць удзелу ў палітычных партыях, ня служаць у войску, не адзначаюць дзяржаўных сьвятаў і дзён народзінаў, стараюцца ня мець блізкіх кантактаў зь вернікамі іншых канфэсіяў. Таксама «Сьведкі Яговы» адмаўляюцца ад пераліваньня крыві, што можа несьці пагрозу жыцьцю.