Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бешанкавічах будуць вырабляць лекі супраць раку


13 ліпеня ў Бешанкавічах на Віцебшчыне распачынае дзейнасьць высокатэхналягічнае фармацэўтычнае прадпрыемства NatiVita. Ягонымі акцыянэрамі сталі інвэстары зь Беларусі, Літвы, Славаччыны, Індыі.

Асноўнай прадукцыяй будуць інавацыйныя супрацьпухлінныя сродкі, рынак паставак — унутраны, СНД і краіны Эўразьвязу.

NatiVita — прадпрыемства клястэру «Мэдыцына і фармацэўтыка», зарэгістраванага ў Віцебскай вобласьці. У агляднай пэрспэктыве ў дадатак плянуецца арганізацыя дасьледчага цэнтру, каб ажыцьцяўляць сынтэз субстанцый для стварэньня новых вытворчасьцяў; акрамя таго, запрацуе інжынірынгавы цэнтар, дзе будуць адаптоўвацца сучасныя тэхналёгіі.

Як сказаў падчас азнаямленчай паездкі на прадпрыемства журналістам старшыня Рады дырэктараў NatiVita Аляксей Сычоў, новая вытворчасьць дазволіць скараціць выдаткі бюджэту на набыцьцё імпартных прэпаратаў супраць раку лёгкіх і малочнай залозы. На сёньня афіцыйна зарэгістравана 13 прэпаратаў, 3 знаходзяцца на стадыі ўзгадненьня, яшчэ 5 — у працэсе падрыхтоўкі.

Інвэстарамі праекту — ZIA Valda AB (Літва), NATCO Pharma Limited (Індыя), Invest Pharma a.s. (Славаччына), а таксама кампанія — імпартэр лекаў «ВітВар» (Беларусь). Каб вытворчасьць і навуковы цэнтар адпавядалі ўсім стандартам, у аўтарскім наглядзе ўдзельнічалі адмыслоўцы з Украіны, Літвы, Бэльгіі.

Усе лекавыя сродкі, заплянаваны да выпуску, будуць рэгістравацца ня толькі ў Беларусі, але і ў Славаччыне, а далей — у іншых краінах Эўразьвязу. Мяркуецца, што ў наступным годзе на рэгістрацыю ў ЭЗ будзе пададзены асартымэнтны пералік зь 7 пазыцый. Прагназуецца, што агульны аб’ём экспарту да 2020-га дасягне 50 мільёнаў даляраў.

Паводле Аляксея Сычова, аб’ём інвэстыцый у праект склаў 10 мільёнаў эўраў, у плянах на гэты год асвоіць яшчэ 1,7 мільёна эўраў. Стаўка будзе рабіцца пераважна на распрацоўку лекавых сродкаў.

Паралельна з будаўніцтвам уласных плошчаў прадпрыемства займалася распрацоўкай уласнай прадукцыі на партнэрскім пляцоўцы «Акадэмфарм», таму да моманту запуску вытворчасьці ў партфэлі ўжо было 13 прэпаратаў. Такім чынам, блізу 35% інвэстыцыяў акупілася дзякуючы таму, што пачаўся выпуск лекаў на іншым прадпрыемстве.

Акрамя таго, са славацкай кампаніяй маецца агульны навуковы праект, падтрыманы ўрадамі Беларусі і Славаччыны. Гэта распрацоўка пэрсаніфікаваных вакцынаў для лячэньня самых распаўсюджаных відаў раку — лёгкага і малочнай залозы. У комплексе са стандартнымі схемамі лячэньня безрэцыдыўны пэрыяд можна павялічыць у 2-3 разы. Інвэстыцыі ў праект — каля 5 мільёнаў эўра.

Улічваючы тое, што прадукт інавацыйны, Аляксей Сычоў ня змог назваць заплянаванага аб’ёму вытворчасьці. Толькі ўдакладніў, што абсталяваньне разьлічана на выпуск невялікіх сэрыяў, але нават гэта зможа задаволіць патрэбы «многіх краінаў». Паколькі цана першых аналягаў звычайна на 40% ніжэйшая за прататып, на столькі ж зьнізіцца нагрузка на бюджэт.

«Кожная краіна зацікаўленая, каб зьяўляліся так званыя джынэрыкі і біяаналягі дарагіх прэпаратаў, бо гэта дазваляе эканоміць бюджэтныя сродкі», — падсумаваў Аляксей Сычоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG