Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бурыкіна пасадзілі, бо не даваў зарабляць на стымулятарах» — адна з вэрсій пра справу «бацюшкі са свастыкай»


10 ліпеня Заводзкі суд Менску прызнаў былога сьвятара Канстанціна Бурыкіна вінаватым у захоўваньні зброі і патронаў да яе ды асудзіў на 3 гады зьняволеньня. Канстанцін Бурыкін на судзе яшчэ ня вызначыўся, ці будзе абскарджваць прысуд.

Прыхаджанка, прэсавы сакратар Менскай эпархіяльнай управы і спартовец камэнтуюць для Свабоды справу Бурыкіна.

Дабратворскі: «Узялі грамадзяніна Расеі, зьвязалі яго з фашызмам і зрабілі рэвэранс у бок дэмакратычных сіл Захаду»

Паводле Яўгена Дабратворскага, які прадставіўся знаёмым «бацюшкі» і старшынём Фэдэрацыі кікбоксінгу і тайляндзкага боксу Менску, прычыну крымінальнага перасьледу Канстанціна Бурыкіна варта шукаць не ў ягонай рэлігійнай ці палітычнай дзейнасьці, а ў працы ў кіраўніцтве Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу.

Яўген Дабратворскі
Яўген Дабратворскі

— Узялі грамадзяніна Расеі, зьвязалі яго нейкім чынам з фашызмам і зрабілі справу — такі рэвэранс у бок дэмакратычных сіл Захаду. Бо глядзіце — яго да суду ўвесь час трымалі пад вартай менавіта таму, што ён грамадзянін Расеі. Гэта 8 месяцаў — нягледзячы на тое, што ў яго шматдзетная сямʼя, што ён сьвятар, што мае станоўчыя характарыстыкі. Але гэта ўсё было зроблена пасьля таго, як ён з кален падняў арганізацыю паэўрліфтынгу, якая да таго праводзіла свае чэмпіянаты Беларусі ў будынках школ. А ён вывеў іх на міжнародны ўзровень. Ягоная адзіная памылка была ў тым, што ён у сваёй фэдэрацыі паўэрліфтынгу забараніў ужываньне допінгу. Гэтым ён наступіў на мазоль асноўным багатым клюбам, якія праз продаж стымулятараў зарабляюць больш грошай, чым праз продаж абанэмэнтаў. Пасьля гэтага быў сыгнал ад міліцыянтаў зь вялікімі пагонамі, узгадалі пра свастыку на целе, зьвязалі гэта з фашызмам, зьвязалі з былымі сувязямі з РНЕ — вось і атрымалася прыгожая справа. А тут якраз ён вярнуўся з ЗША, дзе было прынята рашэньне аб правядзеньні чэмпіянату сьвету па паўэрліфтынгу ў Беларусі, але з умовай, што без стымулятараў, каб чыстыя былі спартоўцы, і тады Бурыкіна ў кіраўніцтве фэдэрацыі хуценька зьмянілі. Новыя людзі ўсё вярнулі ў свае рукі, у тым ліку і прыбыткі. А бацюшка, які стаў не даспадобы, апынуўся на лаве падсудных, а ягоная сямʼя — без кармільца.

— Дык, паводле вашай вэрсіі, прычына завядзеньня справы супроць Канстанціна Бурыкіна — гэта карупцыя ці нешта іншае?

— У спартовых клюбах працуюць з адмысловымі стымулятарамі, безь якіх цягліцы растуць павольна. А з гэтымі дабаўкамі — хутка. Адпаведна, гэта добры прыбытак, добры бізнэс. У фэдэрацыі паўэрліфтынгу ў яго былі праціўнікі, ня ўсім падабалася, як Бурыкін вядзе справы. Але зьняць яго з пасады намесьніка кіраўніка было складана, бо яго абралі праз дэмакратычную працэдуру. І вось завялі гучную крымінальную справу, якая дапамагла. Прычым чалавек, які стаў кіраўніком фэдэрацыі, быў калісьці ў Канстанціна дома, бачыў тую люстру, тыя кнігі. Люстра там увогуле васьміканцовая, але лямпачкі гараць у выглядзе свастыкі. Свастыка — старажытны праваслаўны сымбаль, а да таго быў паганскі сымбаль.

Канстанцін Бурыкін
Канстанцін Бурыкін

— Вам вядома, што бацюшка Канстанцін выконваў рэлігійныя абрады для сябраў РНЕ? Навошта?

— Гэта было, але яшчэ да 2004 году, а забаранілі РНЕ ў Расеі ў 2006 годзе. То бок ён тады кантактаваў зь сябрамі дазволенай арганізацыі і нічым закон не парушаў. Плюс рашэньне весьці працу з гэтай арганізацыяй віталі ў нашай праваслаўнай царкве. Заўважце, што спачатку айца Канстанціна спрабавалі абвінаваціць у прапагандзе экстрэмізму і фашызму, але гэта не атрымалася, такія абвінавачаньні нават да суду не дайшлі.

— Пры гэтым, паводле матэрыялаў справы, ён атрымаў ад актывістаў РНЕ зброю і боепрыпасы. Дык навошта столькі гадоў іх захоўваў?

— Паслухайце, пісталеты старыя, стогадовай даўнасьці, нядзейныя — гэта прызнала экспэртыза. У яго знайшлі толькі адзін рэальна страляючы патрон, але адкуль ён узяўся — пытаньне, бо на ім адбіткаў пальцаў бацюшкі няма. Прычым забралі з сэйфа 5 патронаў і зь іншага месца яшчэ 5, але ў вопісах аказалася, што ў адным пакунку 3 і ў другім 7. Чаму гэтак? Ніхто не патлумачыў, адкуль узяліся праўкі ў пратаколах, якія не падпісаныя.

Канстанцін Бурыкін
Канстанцін Бурыкін

— Што вам вядома пра тое, як ішло сьледзтва? Ці быў ціск на Канстанціна Бурыкіна?

— 8 месяцаў яго трымалі ў «Валадарцы», але ў якіх дакладна ўмовах — мне невядома. Ведаю толькі, што ў камэры было шмат людзей і што чалавек схуднеў на 30 кіляграмаў. Гэта пра нешта кажа ці не? Было цяжка. Тры тыдні трымалі ў Навінках, правяралі ягоны псыхічны стан. Яшчэ ведаю, што сядзеў у адной камэры з тым хлопцам, які зь пілой напаў на людзей у гандлёвым цэнтры «Эўропа». То бок псыхалягічна гэта вельмі цяжка. Але галоўнае — за што? За два старыя пісталеты і патрон? За тое, што пісталет не страляе, але ў прынцыпе, калі яго адрамантаваць, ён можа стрэліць? Дык так можна палічыць, што танк, які стаіць на пʼедэстале як помнік, пасьля рамонту можа стрэліць — і тыя, хто яго захоўвае, стануць злачынцамі? Абсурд.

Прыхаджанка Марына: «Добрай душы і сумленны чалавек»

Падтрымаць Канстанціна Бурыкіна ў апошні дзень суду прышлі дзясяткі вернікаў — прыхаджан царквы ў Гатаве. Сярод іх і Марына, якая пагадзілася распавесьці пра айца Канстанціна як пра чалавека.

— Ня так доўга знаю айца Канстанціна, але што ўзрушыла ў кантактаваньні зь ім — гэта ягоная чалавечнасьць. На жаль, суд гэта не цікавіла, ці можа чалавек, які гэтак шмат дапамагаў дзіцячым дамам, сам усынавіў дзіця, гэтак прыглядаў за першай жонкай, калі яна ляжала ў шпіталі — ці можа такі чалавек быць злачынцам? Мяркую, не. Ёсьць якасьці, якія рэальна характарызуюць чалавека, дык вось адносна айца Канстанціна скажу: ня веру, што ён можа быць злачынцам. Мяне суд у адваротным не пераканаў.

— Журналісты назвалі справу Бурыкіна «справай бацюшкі са свастыкай», маючы на ўвазе ня толькі ягонае тату, але і кантакты з РНЕ. Ці гучала тэма нацызму ў вашых рэлігійных кантактах з айцом Канстанцінам?

— Раней — ніяк, і падчас службаў ніяк. Але калі гэтая інфармацыя ўсплыла, дык ён даволі адкрыта пра гэта казаў — чытала ў інтэрнэце. Што гэта ягоны досьвед, што ён можа патлумачыць людзям, адгаварыць, бо адмовіўся ад гэтага, зразумеў, што гэта была памылка. Гэтак тлумачыў, чаму ня сьцёр тое тату. Але на службах ён гэтую тэму не кранаў. Гэта вельмі добрай душы, сумленны чалавек.

Сяргей Лепін: «Хай гэта пойдзе яму на карысьць, дзеля ягонага пакаяньня»

Прэс-сакратар Менскай эпархіяльнай управы протаярэй Сяргей Лепін гэтак пракамэнтаваў прысуд Канстанціну Бурыкіну і тое, ці прадстане ён неўзабаве перад царкоўным судом.

Сяргей Лепін, архіўнае фота
Сяргей Лепін, архіўнае фота

«На жаль, суд пакінуў абвінавачаньне актуальным і на яго падставе вынес айцу Канстанціну прысуд ды пазбавіў яго волі на 3 гады. Я не камэнтую прысуд, хай гэта робяць ягоныя адвакаты, але лічу важным нагадаць вернікам маліцца пра айца Канстанціна. Хай усё, што зь ім здарылася, пойдзе яму на карысьць, дзеля ягонага пакаяньня. Але Менская эпархія ўвогуле яшчэ не атрымлівала нейкіх вынікаў суду, і ўвогуле вырак яшчэ не ўступіў у сілу. Невядома, будзе айцец Канстанцін яго аспрэчваць ці не. Таму казаць пра далейшыя пэрспэктывы сьвятарскага лёсу айца Канстанціна пакуль рана», — сказаў протаярэй Сяргей Лепін.

Абаронца Канстанціна Бурыкіна ў судзе камэнтаваць прысуд адмовіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG