Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь, Літва і ўсе астатнія: бітва за АЭС


Будаўніцтва БелАЭС пад Астраўцом
Будаўніцтва БелАЭС пад Астраўцом

У часе сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая праходзіць гэтымі днямі ў Менску, сталы камітэт сэсіі большасьцю галасоў адмовіўся ставіць на парадак дня літоўскую рэзалюцыю з рэзкай крытыкай Беларусі, у тым ліку ў пытаньні БелАЭС.

У праекце рэзалюцыі, акрамя заклікаў, адрасаваных Менску, выконваць правы чалавека, утрымліваліся таксама патрабаваньні «забясьпечыць празрыстасьць будаўніцтва БелАЭС і прыпыніць праект, пакуль патрабаваньні бясьпекі ня будуць выкананыя».

З 57 чальцоў сталага камітэту за ўнясеньне літоўскай рэзалюцыі ў парадак дня прагаласавалі ўсяго 8 краін. Супраць выказаліся 20, уключаючы Швэцыю, Чэхію, Грэцыю, Аўстрыю, Канаду і Вялікабрытанію. 29 дзяржаваў устрымаліся.

Само па сабе гэтае рашэньне ня мае такога ўжо вялікага значэньня, АБСЭ — інстытуцыя ня вельмі выразная і ўплывовая, форум парлямэнтарыяў — хутчэй форум меркаваньняў, чым форум рашэньняў. Тым ня менш галасаваньне стала своеасаблівым тэстам.

Канфлікт паміж Менскам і Вільняй з нагоды АЭС апошнім часам рэзка абвастрыўся. Сойм Літвы прыняў ня толькі закон аб забароне імпарту электраэнэргіі з будучай АЭС у Астраўцы, але і закон, які трактуе будаўніцтва станцыі як «пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы».

У наш час словы падуладныя крайняй інфляцыі, але ўсё ж звычайна фармулёўка «пагроза нацыянальнай бясьпецы» цягне за сабой і гатовасьць прадухіліць гэтую пагрозу любой цаной.

Вынесем за дужкі пытаньне, наколькі літоўскія асьцярогі і прэтэнзіі абгрунтаваныя, субʼектыўна, мяркуючы па ўсім, больш чым абгрунтаваныя, у Літве няма колькі-небудзь уплывовых палітычных сілаў, якія б ня тое што ўхвалялі будаўніцтва АЭС у Беларусі, але хаця б ставіліся да пэрспэктывы яе будаўніцтва і працы як да сумнай, але непазьбежнасьці. Літоўскае грамадзтва ў гэтым пытаньні вельмі кансалідаванае.

У беларускім грамадзтве, дарэчы, адзінства ў гэтым пытаньні значна менш, апошнія апытаньні Беларускай аналітычнай майстэрні паказваюць, што за будаўніцтва станцыі — зусім ня большасьць беларусаў. Аднак у Беларусі гэтае пытаньне, з прычыны асаблівасьцяў палітычнай сыстэмы, вызначаецца не меркаваньнем арытмэтычнай большасьці.

Зрэшты, так ідуць справы ня толькі ў Беларусі, скажам, рашэньні аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня ў многіх краінах Эўропы, калі яны прымаліся, не былі вэрдыктам большасьці.

Цяперашняя стадыя канфлікту ўжо па сутнасьці не прадугледжвае ніякага дыялёгу, пытаньне стаіць — хто каго. Зразумела, хоць бы з прычыны сяброўства Літвы ў NATO, а Беларусі — у АДКБ, зусім ужо суровыя рашэньні наўрад ці рэальныя, на самой справе любы кошт Літва, так выглядае, ня будзе плаціць за тое, каб будаўніцтва станцыі было спыненае.

Арэнай барацьбы робяцца трэція краіны

Але вастрыня канфлікту сьведчыць пра тое, што арэнай барацьбы робяцца трэція краіны, іх меркаваньні, іх рашэньні, іх салідарнасьць з тым або іншым удзельнікам канфлікту (або адсутнасьць гэтай салідарнасьці).

Фактычна Менск і Вільня робяцца закладнікамі майстэрства сваёй дыпляматыі. Прычым, задачы літоўскай дыпляматыі выглядаюць прыкметна больш складанымі. Нават суседзі Літвы, напрыклад, Латвія, да апошняга часу не выяўлялі вялікага жаданьня станавіцца ў шыхт «крыжовага паходу» супраць БелАЭС. Безумоўна, ёсьць салідарнасьць у рамках NATO і ЭЗ, але дзе яе межы?

Літоўскай дыпляматыі трэба для посьпеху абавязкова выйграць, сабраць шматнацыянальную кааліцыю, якая б ацэньвала пагрозу з боку БелАЭС дакладна гэтак жа, як яе ацэньвае Вільня і літоўскае грамадзтва. Беларускай дыпляматыі для посьпеху дастаткова проста не прайграць.

Розныя краіны ЭЗ і NATO маюць розныя інтарэсы і розныя становішчы. Ад Вільні БелАЭС і праўда ўсяго за 50 км, ад Бэрліну, Парыжу, Лёндану — значна далей. І ад Будапэшту і Хэльсінкі — таксама няблізка, прычым у Вугоршчыне і Фінляндыі будуюцца АЭС, і тым жа самым «Расатамам». Ну, можа, будуюцца з большым глуздам, чым у Астраўцы, можа, кажух рэактара там ня падаў, але наўрад ці прынцыпова інакш.

Гэта нават не да таго, што літоўцы кругом ня маюць рацыю, можна нават дапусьціць, што абсалютна маюць. Субʼектыўна маюць рацыю. Але ў іншых краінаў — іншыя субʼектыўныя ацэнкі пагрозаў. Яны гэтак жа сувэрэнныя ў сваіх ацэнках і рашэньнях, як і Літва.

Ну, можа, Трамп і праўда дапаможа, загадае ня толькі Лукашэнку спыніць будаўніцтва АЭС, але і Мэркель — будаўніцтва газаправоду

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце ўзьняла тэму БелАЭС у гутарцы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, памянуўшы пры гэтым нядобрым словам таксама і «Паўночны паток-2», які будуецца ня толькі Расеяй, але і саюзьнікам Літвы, у прыватнасьці, Нямеччынай. Ну, можа, Трамп і праўда дапаможа, загадае ня толькі Лукашэнку спыніць будаўніцтва АЭС, але і Мэркель — будаўніцтва газаправоду. Можа і загадвае. Аднак варта заўважыць, што багацьце мэтаў, як правіла, зьніжае магчымасьці іх дасягненьня.

У гэтым сэнсе палітыка афіцыйнага Менску выглядае больш эфэктыўнай. Ён дэманструе гатовасьць размаўляць з нагоды АЭС і зь Літвой, і з МАГАТЭ, прапанова Аляксандра Лукашэнкі аб супольным зь Літвой будаўніцтве і эксплюатацыі станцыі, якая прагучала на сэсіі ПА АБСЭ, вядома ж, ня Літве адрасаваная. А трэцім краінам — бачыце, якія мы добрыя, талерантныя, як гатовыя да дыялёгу.

Калі адзін бок канфлікту дэманструе непахіснасьць, а другі — гнуткасьць, хай і няшчырую, у назіральнікаў узьнікае спакуса заняць бок таго, хто не злоўжывае словамі «вы абавязаныя нас падтрымаць».

Пры гэтым гнуткасьць дэманструецца ў розных вымярэньнях, у тым ліку і ў даволі нечаканых. На той самай сэсіі ПА АБСЭ беларуская дэлегацыя нечакана не падтрымала дэмарш расейскіх калегаў, якія выступілі супраць рэзалюцыі аб тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны. А беларуская — ня выступіла. Гэта ня значыць, што падтрымала рэзалюцыю, што асудзіла Маскву. Як можна? Проста акрэсьліла некаторыя адрозьненьні сваёй пазыцыі ад расейскай.

Гэта нічога ня значыць у спаборніцтве зь Літвой за сымпатыі трэціх краінаў? Паглядзім. А можа і значыць. І нават хутчэй за ўсё значыць.

Ну а галасаваньне ў сталым камітэце, дзе літоўскую прапанову завалілі — сумарны вынік. 8 — «за», гэта няшмат, шчыра скажам. У ЭЗ 28 краінаў і ўсе яны ў ПА АБСЭ ўваходзяць.

Вынік вельмі папярэдні, прамежкавы, парлямэнтарыі — ня ўрады. Тым ня менш — вынік.

Калі Літве дастаткова ўпэўненасьці ў сваёй рацыі, то ўсё роўна, колькі краінаў яе падтрымалі. Калі хацелася дасягнуць усё ж рэальнага выніку, то ён сьціплы.

Магчыма, тут справа не ў апошнюю чаргу ў розных палітычных культурах. Напэўна, у рамках літоўскай сказаць, што мы чагосьці не дапусьцім (пры тым, што недапушчэньне залежыць не ад Літвы), а ў выніку дапусьцяць — гэта ок, яны стараліся, яны ўсё ж «пагрозу нацыянальнай бясьпекі» прыстрашылі, прынамсі заявілі сваю пазыцыю.

У рамках палітычных культураў, магчыма, менш вытанчаных, калі сказана — мы гэтага не дапусьцім, а прыйшлося дапусьціць, то гэта ўспрымаецца, як істотная шкода прэстыжу

У рамках палітычных культураў, магчыма, менш вытанчаных, калі сказана — мы гэтага не дапусьцім, а прыйшлося дапусьціць, то гэта ўспрымаецца, як істотная шкода прэстыжу.

Таксама, вядома, усё адносна. Вось увесь мінулы год казалі ў Менску, што нічога мы не вінаватыя Расеі за газ звыш цаны, якую самі палічылі, а ў красавіку 2017 году неяк незаўважна прызналі, што ўсе ж вінаватыя, і сарамліва заплацілі. Але пры гэтым не гаварылася, што агідная газпрамаўская цана — гэта пагроза нацыянальнай бясьпецы, што касьцьмі ляжам, але не заплацім.

Я далёкі ад таго, каб вучыць чаму б ні там было літоўцаў. Але 8-20-29 па ідэі павінна нагадваць старую ісьціну, што амбіцыі варта ўзгадняць з амуніцыяй. Гаворка не ідзе пра тое, што БелАЭС — такі ўжо цудоўны праект. Гаворка ідзе пра тое, што формула «хто каго» ў дачыненьні да гэтага праекту — магчыма, ня самая ўдалая, і ня толькі для Беларусі, але і для Літвы. І кампраміс у гэтым пытаньні лепшы, чым пэўны адказ «яны — вас».

Перадрук з парталу TUT.BY
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG