Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Купчына — адзіная жанчына, якая прэтэндуе на пасаду генсэка АБСЭ


Алена Купчына
Алена Купчына

Пакуль у Менску праходзіць летняя сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, у Вене рыхтуюцца назваць імя новага Генэральнага сакратара АБСЭ — Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе. Сярод прэтэндэнтаў на гэтую пасаду ўпершыню ёсьць і дыплямат зь Беларусі — Алена Купчына. На сёньня яна ачольвае амбасаду Беларусі ў Аўстрыі і па сумяшчальніцтве ў Харватыі, а таксама прадстаўляе Беларусь у АБСЭ і іншых міжнародных арганізацыях, якія працуюць у Вене. Магчыма, новы генсек будзе прызначаны ўжо 11 ліпеня.

Чым займаецца генсек?

Працай АБСЭ фармальна кіруе міністар замежных спраў той краіны, якая старшынюе ў гэтай арганізацыі. Кіраваньне ад адной краіны да іншай перадаецца штогод. Сёлета старшынства належыць Аўстрыі.

Аднак старшыня — гэта як бы ганаровая пасада. Уся рэальная і штодзённая праца кладзецца на плечы Генэральнага сакратара АБСЭ. Гэтага чалавека абіраюць на тры гады. Апошнія шэсьць год, то бок два тэрміны запар, на гэтай пасадзе працаваў італьянскі дыплямат Лямбэрта Заньер. Ягоныя паўнамоцтвы скончыліся 30 чэрвеня. А новы генсек дагэтуль не прызначаны.

Лямбэрта Заньер
Лямбэрта Заньер

«Генэральны сакратар АБСЭ менавіта прызначаецца, а не абіраецца — падкрэсьліў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык, адказваючы на пытаньне Свабоды:

«Справа ідзе менавіта аб прызначэньні, а не абраньні. Працэдура там адрозьніваецца ад той, якая прынятая, да прыкладу, у дачыненьні да генэральных сакратароў Арганізацыі Абʼяднаных Нацый. Тыя абіраюцца бальшынёй галасоў, а ў АБСЭ абавязкова неабходны кансэнсус.

Што тычыцца матываў, чаму беларускі бок прапанаваў кандыдатуру Алены Купчыной, то мы лічым, што яе досьвед, прафэсійны вопыт запатрабаваны АБСЭ ў сёньняшні момант і могуць сапраўды дапамагчы арганізацыі, краінам-чальцам арганізацыі дамагчыся дасягненьня мэтаў, дзеля якіх яна стваралася. Кандыдатура спадарыні Купчыной атрымала даволі значную падтрымку з боку краін-чальцоў АБСЭ. Зноў жа, асаблівасьці працэдуры прадугледжваюць, што гэтая падтрымка зусім не заўсёды павінна выражацца публічна. Публічныя камэнтары наконт працэдуры прызначэньня на пост генэральнага сакратара Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе я лічу ня надта магчымымі, асабліва ў гэты даволі далікатны момант. Давайце крышачку пачакаем».

Хто канкурэнты?

Акрамя Купчыной, на пасаду генсека прэтэндуюць:

  • Томас Грэмінгер — былы сталы прадстаўнік Швайцарыі пры АБСЭ,
  • Ілка Канэрва — экс-кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, былы міністар замежных спраў Фінляндыі,
  • Штэфан Фюле — былы эўракамісар па пашырэньні Эўразьвязу.

Як днямі паведаміла намесьніца кіраўніка аддзелу камунікацыі і сувязяў са СМІ АБСЭ Наташа Раякавіч, «Працэс прызначэньня генэральнага сакратара залежыць ад 57 дзяржаў — удзельніц арганізацыі, аднак яны яшчэ не прыйшлі да адзінага рашэньня».

На думку Лямбэрта Заньера, трэба будзе «знайсьці так званае пакетнае рашэньне», аднак гэта «і без таго абцяжарвае прыняцьце рашэньня ў гэткай складанай сытуацыі».

У каго лепшыя шанцы?

Некаторыя мэдыі, у прыватнасьці расейская газэта «Коммерсант», са спасылкай на крыніцы ў дыпляматычных колах пішуць, што новым генэральным сакратаром можа стаць дырэктар Швайцарскага агенцтва па разьвіцьці і супрацоўніцтве Грэмінгер. «Яго кандыдатуру гатовая падтрымаць абсалютная бальшыня з 57 сябраў арганізацыі, уключна з Расеяй», — гаворыцца ў публікацыі.

Томас Грэмінгер, архіўнае фота
Томас Грэмінгер, архіўнае фота

Аднак іншыя паведамляюць, што з прызначэньнем прадстаўніка Швайцарыі ня ўсё так проста. Справа ў тым, што, акрамя генсека, у АБСЭ цяпер яшчэ тры важныя вакантныя пасады. Гэта кіраўнікі БДІПЧ, Управы Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасьцяў і Бюро прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ. І таму некаторыя краіны хочуць увязаць прызначэньне новага генсека з прызначэньнем кіраўнікоў гэтых структураў. Нездарма і Лямбэрта Заньер кажа пра «пакетнае рашэньне». Так што можна сутыкнуцца зь любымі нечаканасьцямі.

Што тычыцца ўзросту прэтэндэнтаў, то Канэрве 68 год, Грэмінгеру — 56, Фюле — 55. Купчыной — 51.

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у размове са Свабодай выказаў думку, што шанцаў быць абранай генсекам у Алены Купчыной амаль няма:

«Тут дваістая сытуацыя. З аднаго боку, Беларусь апошнім часам даволі істотна палепшыла свае дачыненьні з Захадам. І трэба казаць абʼектыўна, што спадарыня Купчына, калі яна была намесьніцай міністра замежных спраў і непасрэдна курыравала эўрапейскі кірунак, для гэтага асабіста зрабіла шмат.

Аднак, з другога боку, нікуды ня выкінеш уласную рэпутацыю Беларусі як краіны, дзе парушаюцца правы чалавека. І гэтая рэпутацыя перакрывае магчымасьць кансэнсусу для абраньня прадстаўніка такой краіны генэральным сакратаром АБСЭ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG