Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Купчына як кветка беларускай палітыкі


Алена Купчына
Алена Купчына

У Беларусі жанчыны, якія дабіліся значнага посьпеху ў кар’еры (асабліва палітычнай), часта стараюцца ўсяляк падкрэсьліць, што яны — «слабы пол». Пры гэтым ад уласных высокіх пасадаў яны не адмаўляюцца, але іншых жанчын цкуюць за «кар’ерызм» і за адкрытую адмову «быць найперш жанчынай».

Гэты парадокс называюць кішэнным фэмінізмам: асобна ўзятая жанчына з задавальненьнем карыстаецца ўсімі магчымасьцямі, якія ёй дала эмансыпацыя, але астатнім у гэтых магчымасьцях нібыта адмаўляе.

Яна лічыць, што «жанчына па натуры сваёй апалітычная», але самой Ярмошынай гэта ня тычыцца.

Адзін з найбольш яскравых прыкладаў — гэта гісторыя з Лідзіяй Ярмошынай, упэўненай у тым, што жанчыны мусяць варыць баршчы, а не выходзіць на Плошчу. Таксама яна лічыць, што «жанчына па натуры сваёй апалітычная». Але гэта ўсё пра нейкую іншую, абстрактную жанчыну, а самой Ярмошынай гэта ня тычыцца: ёй жа можна і нават трэба займацца палітыкай.

Яшчэ адзін цікавы прыклад — дыпляматка Алена Купчына, якая цяпер прэтэндуе на месца Генэральнай сакратаркі АБСЭ, але разам з тым называе сябе антыфэміністкай і кажа, што жанчыны ў палітыку прыносяць элемэнт мастацтва. Нібыта вось ёсьць палітыка — вялікая і важная мужчынская справа, у якую прыходзяць жанчыны, каб зрабіць яе прыгажэйшай.

Але калі б не фэмінізм, дык Алена Купчына не змагла б атрымаць сярэднюю і тым больш вышэйшую адукацыю, займацца не абслугоўваючай працай і атрымліваць за гэта заробак, мець пашпарт і магчымасьць самастойна перасоўвацца па сьвеце, мець падначаленых і даваць інтэрвію журналістам.

Яны нібыта апраўдваюцца за сябе і ўгаворваюць мужчын, што не ствараюць для іх аніякай небясьпекі.

Бясконцае самаадмежаваньне такіх жанчын ад фэмінізму выглядае так, нібыта яны ня лічаць сваю працу сапраўды вартай, а пасаду — заслужанай. Яны нібыта апраўдваюцца за сябе і ўгаворваюць мужчын, што не ствараюць для іх аніякай небясьпекі. Ну як можа быць небясьпечнай канкурэнткай жанчына, якая ня робіць палітыку, а ўпрыгожвае яе?

Завярэньні гэтых спэцыялістак, што ня варта ўвогуле падзяляць людзей у палітыцы на жанчын і мужчын, гучаць крывадушна. Бо калі няма гэтага падзелу, тады ня можа ісьці і гаворка пра тое, што жанчыны штосьці прыносяць у палітыку. Тады яны ёй займаюцца. і пры ацэнцы іх працы ніхто ня робіць адсылак да «жаночай натуры» і не называе іх «жаночай усьмешкай беларускай дыпляматыі», і самі яны не падзяляюць мэтады працы на «жаночыя» і «мужчынскія».

Абясцэньваньне чужой працы — гэта вельмі некарэктныя і шкодныя ў кароткай і далёкай пэрспэктыве паводзіны.

Безумоўна, найбольш важным у дзяржаўнай палітыцы зьяўляецца рэальны вынік дзеяньняў прафэсіяналак і прафэсіяналаў, але нельга недаацэньваць інфармацыйны фон і стылістычную афарбоўку іх дзейнасьці. І калі тыя, хто займае высокія дзяржаўныя пасады, адкрыта падтрымліваюць гендэрныя стэрэатыпы, узьнікае пытаньне: гэтыя людзі маюць настолькі кепскія аналітычныя здольнасьці, што ня могуць супаставіць зьмест стэрэатыпаў і аб’ектыўную рэальнасьць, ці яны наўмысна спрабуюць прынізіць уласныя і чужыя дасягненьні? Але калі да ўласных посьпехаў кожны чалавек можа ставіцца так, як хоча, то абясцэньваньне чужой працы — гэта вельмі некарэктныя і шкодныя ў кароткай і далёкай пэрспэктыве паводзіны.

Жанчыны ў палітыцы сутыкаюцца ў тым ліку са спэцыфічнымі перашкодамі, якіх няма ў мужчын, і вельмі важна адкрыта пра гэта казаць. Але тая ж Алена Купчына упэўнена сьцьвярджае, што ні разу не сутыкалася з гендэрнай дыскрымінацыяй. Праўда, яна адразу ж дадае, што гендэрнай роўнасьці ў Беларусі няма, быць не можа, і ўвогуле спадарыня Алена гэтай роўнасьці не хоча. А як выглядае гендэрная няроўнасьць без дыскрымінацыі, застаецца вялікай таямніцай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG