Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і старшыня Сацыяльна-хрысьціянскага руху Вольга Кавалькова сустрэліся 5 ліпеня са спэцдакладчыкам ААН па Беларусі Міклашам Харасьці.
Прадстаўніка ААН цікавіла палітычная сытуацыя ў Беларусі, рэпрэсіі ў дачыненьні хрысьціянскіх дэмакратаў, спагнаньне празьмерных штрафаў, адмова ў рэгістрацыі партыям і грамадзкім аб’яднаньням.
«Спадар Харасьці быў вельмі адкрыты, яго цікавіла наша праграма, прапановы наконт рэформаў у Беларусі. Наша ж пазыцыя засталася нязьменнай: мы лічым, што кантакты зь Беларусьсю патрэбныя, але калі будзе аднабаковая супраца без рэформаў, дыялёг толькі з уладай без грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў, то гэта толькі закансэрвуе рэжым і не прывядзе да рэформаў. Мы падзякавалі яму за працу на карысьць Беларусі, у той час як некаторыя заходнія дзеячы папросту здраджваюць ідэалам дэмакратыі. Ягоны прыклад дае натхненьне. Было дамоўлена, што мы працягнем знаходзіцца ў кантакце», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася сытуацыя з палітвязьнямі. Тое, што мала толькі вызваліць затрыманых у справе «Белага легіёну», а трэба яшчэ не дапусьціць судоў над імі. Таксама былі названыя прозьвішчы тых палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі: Зьміцер Паліенка, Міхаіл Жамчужны, Аляксей Мілюкоў ды іншыя.