Адмысловы дакладчык ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці прыехаў у сталіцу Беларусі 3 ліпеня. Пра гэта паведаміў старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.
Харасьці запрасілі ў якасьці экспэрта на сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, што пройдзе ў Менску 5–9 ліпеня, але запрашэньне зыходзіла не ад беларускіх уладаў. Сам Харасьці кажа, што шкадуе аб тым, што прыехаў не на запрашэньне афіцыйнага Менску.
Больш за тое, ААН працягнула мандат адмысловага дакладчыка па Беларусі насуперак жаданьню беларускіх уладаў, якія адмаўляюцца прызнаць ягоны мандат.
У сярэдзіне чэрвеня Харасьці, які займае гэтую пасаду ад 2012 году, прадставіў перад Радай ААН у правах чалавека новую справаздачу аб сытуацыі ў Беларусі. Ён зьвярнуў увагу на рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных маніфэстацыяў у лютым-сакавіку.