Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі «не прызнае» Харасьці — нягледзячы на тое, што спэцдакладчык ужо ў Менску


Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Дзьмітры Мірончык
Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Дзьмітры Мірончык

Міністэрства замежных спраў Беларусі працягвае настойваць, што не прызнае мандату спэцыяльнага дакладчыка Рады ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харасьці.

«Паводле наяўнай інфармацыі, спадар Харасьці прыбыў у Беларусь для ўдзелу ў адным з пазапраграмных мерапрыемстваў, якое арганізуюць дэлегаты 26-й сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, — патлумачыў на сайце МЗС афіцыйны прадстаўнік ведамства Дзьмітры Мірончык. — Прымаючы ў сябе такі аўтарытэтны міжнародны форум, Беларусь узяла на сябе пэўныя абавязаньні, у тым ліку ў дачыненьні да шырокага кола яго ўдзельнікаў. Гэта агульнапрынятая міжнародная практыка».

Як паведамляла Свабода, Міклаш Харасьці бярэ ўдзел у паралельным форуме грамадзянскай супольнасьці, які праходзіць у Менску напярэдадні сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ (5–9 ліпеня). У ім удзельнічаюць больш за 100 праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў з краін-удзельніц АБСЭ, іх беларускія калегі і дыпляматы, акрэдытаваныя ў Беларусі.

«Міклаш Харасьці прыбыў у Беларусь ня ў якасьці спэцыяльнага дакладчыка, — тлумачыць Дзьмітры Мірончык. — Адносна ажыцьцяўленьня спэцыяльнымі дакладчыкамі краінавых візытаў існуе адмысловая працэдура, якая мае на ўвазе адпаведны афіцыйны запыт Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і атрыманьне па дыпляматычных каналах афіцыйнай згоды прымаючага боку. Беларусь не ўзгадняла візыт спадара Харасьці ў якасьці спэцыяльнага дакладчыка Рады ААН па правах чалавека».

Спадар Мірончык падсумоўвае, што пазыцыя беларускага боку ў гэтым зьвязку застаецца нязьменнай: афіцыйны Менск не прызнае краінавага мандату па Беларусі і ня мае намеру супрацоўнічаць зь Міклашам Харасьці. Таму ягонае знаходжаньне ў Беларусі трэба разглядаць як шараговы выпадак. Паводле прадстаўніка МЗС, Харасьці знаходзіцца ў Менску ў якасьці прыватнай асобы на запрашэньне прадстаўнікоў ПА АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG