«У Беларусі няма прагрэсу ў захаваньні асноўных сацыяльна-палітычных правоў грамадзянскай супольнасьці краіны» — такую выснову зрабілі ўдзельнікі «Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасьці», які адбыўся ў Менску напярэдадні штогадовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. У форуме ўзялі ўдзел прадстаўнікі 60 беларускіх НДА, супрацоўнікі дыпляматычных прадстаўніцтваў у Беларусі, прадстаўнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, чальцы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.
Падчас брыфінгу для журналістаў старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі адзначыў, што падобны міжнародны праваабарончы форум адбываецца ў Беларусі ўпершыню за дванаццаць гадоў. Гэта ўнікальная сытуацыя, якая сама па сабе сьведчыць пра становішча з правамі чалавека ў краіне. Тым часам становішча з правамі чалавека можа стацца яшчэ горшым, таму беларускія і міжнародныя праваабаронцы заклікалі міжнародную праваабарончую супольнасьць, дэпутатаў ПА АБСЭ не пакідаць па-за ўвагай становішча з правамі чалавека ў Беларусі. «У прыватнасьці, той факт, што прадстаўнікі ўладаў Беларусі не прынялі запрашэньня на ўдзел у грамадзкім форуме, сьведчыць пра адсутнасьць жаданьня дыялёгу, які дапамог бы ў вырашэньні сыстэмнага грамадзка-палітычнага і эканамічнага крызісу ў краіне».
Многія прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай супольнасьці змаглі наведаць Беларусь і ўзяць удзел у форуме ўпершыню за многія гады забароны на ўезд у нашу краіну. Тым ня менш яны адзначаюць, што гэта сталася магчымым напярэдадні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Менску.
«Улады вымушаныя рабіць крокі насустрач напярэдадні важных міжнародных падзей, не зьмяняючы сваёй сутнасьці. Шматгадовая практыка назіраньня за хвалямі рэпрэсій адносна прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў і журналістаў у Беларусі паказвае, што рэпрэсіі распачынаюцца наноў, калі высокія госьці пакідаюць Менск. Найцяжэй тым, хто надалей тут застаецца», — сказала ў сваім выступе прадстаўніца «Плятформы грамадзянскай салідарнасьці» ў Польшчы і Расеі Вольга Захарава.
Спэцыяльны дакладчык ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці сказаў, што ўлады Беларусі дагэтуль не прызналі ягоны афіцыйны статус і кажуць, што парлямэнтар прысутнічае ў Менску як удзельнік «пазаплянавых» імпрэзаў. Тым часам на сэсіі ПА АБСЭ Міклаш Харасьці мае статус экспэрта. Выступаючы на «Паралельным форуме грамадзянскай супольнасьці», ён заклікаў таксама ня блытаць часовыя паслабленьні з боку ўладаў з сыстэмным характарам выкананьня правоў чалавека. Мілаш Харасьці таксама запрасіў журналістаў наведаць адмысловую прэсавую канфэрэнцыю на заканчэньне Асамблеі АБСЭ, дзе ён мае намер зрабіць справаздачу пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі.
Удзельнікі «Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасьці» прынялі адмысловую рэзалюцыю ў пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі, адрасаваную дэпутатам штогадовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.