Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Форум «Свабоду палітвязьням» запатрабаваў вызваліць 8 чалавек. Хто яны


Беларускі грамадзкі форум «Свабоду палітвязьням» 4 ліпеня зьвярнуўся да Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, камітэту ў палітычных пытаньнях і дэмакратыі Рады Эўропы, амбасадаў замежных краінаў і адмысловага дакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасьці з просьбай узяць пад шчыльны кантроль сытуацыю з правамі чалавека, перадае «Новы час».

Сябры форуму заяўляюць, што на міжнародным узроўні ігнаруецца тэндэнцыя ўзмацненьня рэпрэсіяў Беларусі, ужываньня штрафаў і канфіскацыяў маёмасьці замест зьняволеньня палітычных актывістаў, катаваньняў і зьдзекаў у міліцыі, СІЗА і турмах.

Форум патрабуе ад беларускіх уладаў таксама спыніць крымінальную справу, вядомую як «справа патрыётаў» (фігуранты вызваленыя, але справа на сёньня ня спыненая), і спыніць перасьлед васьмі людзей, якіх называе палітвязьнямі. Сьпіс форуму не супадае зь меркаваньнямі буйных праваабарончых арганізацыяў кшталту «Вясны» або Беларускага Хэльсінскага камітэту.

Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны
Міхаіл Жамчужны

​Заснавальнік «Плятформы інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Жамчужнага пасадзілі за наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія зьмяшчаюць службовую таямніцу; незаконнае набыцьцё сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу; а таксама даваньне хабару. Праваабаронцы мяркуюць, што ён стаў ахвярай правакацыі КДБ.

23 кастрычніка 2016 году судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага Суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер ён у калёніі № 13 у Ваўкавыску.

Аляксей Мілюкоў

Аляксей Мілюкоў (зьлева) і Алег Жалноў
Аляксей Мілюкоў (зьлева) і Алег Жалноў

​Аляксея Мілюкова 28 верасьня суд прызнаў вінаватым ва «ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі» і пакараў яго годам турмы. Аляксей адбываў трохгадовае пакараньне на «хіміі» ў Наваполацку.

Ягоны бацька Алег Жалноў, як і раней, настойвае: сына караюць, каб адпомсьціць яму самому за выкрыцьцё парушэньняў закону міліцыянтамі і апублікаваньне такіх фактаў у інтэрнэце.

Алесь Юркойць

Аляксей Юркойць
Аляксей Юркойць

​Краязнавец Алесь Юркойць праходзіць у справе 11 супрацоўнікаў Ашмянскай мытні, якіх вінавацяць у хабары на 850 тысяч даляраў. Юркойць заявіў пра катаваньні ў турме КДБ.

Пра справу Юркойця падрабязна піша Сяргей Дубавец у цыклі «Юркойцеў суд».

Зьміцер Паліенка

Зьміцер Паліенка
Зьміцер Паліенка

​Былы актывіст НБП, анархіст Зьміцер Паліенка год таму быў арыштаваны падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса» і нібыта за напад на міліцыянта атрымаў ад суду зьняволеньне з адтэрміноўкай. Восеньню мінулага году Паліенка выйшаў на волю, зноў стаў браць удзел у акцыях пратэсту і салідарнасьці. У выніку актывіста паўторна арыштавалі, а ў сакавіку 2017 году адтэрміноўку зьмянілі на рэальны тэрмін, які мусіць закончыцца налета.

Паліенка пасьля пападаньня ў Бабруйскую калёнію прайшоў карантын і быў зьмешчаны ў 9-ы атрад. Яго трымаюць пад асаблівым наглядам.

Тарас Аватараў

Тарас Аватараў
Тарас Аватараў

​Летась былы баец-дабраахвотнік украінскага «Правага сэктару», жыхар Наваполацку Тарас Аватараў быў прызнаны вінаватым у незаконных дзеяньнях са зброяй і кантрабандзе ды асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Аватараў называў суд над сабой помстай з палітычных прычынаў. На судзе ён казаў, што здаў выбуховае прыстасаваньне міліцыі добраахвотна, а знайшоў гранату на сваіх рэчах ў аўтамабілі, якім прыехаў у Гомель з Украіны. На працэсе Аватараў неаднаразова называў сябе ваеннапалонным, а віну прызнаваў толькі ў незаконных дзеяньнях з выбуховым прыстасаваньнем. Аватараву не ўдалося дамагчыся адмены ці хаця б зьмякчэньня прысуду праз апэляцыю.

Ірына Моцная

Ірына Моцная
Ірына Моцная

​У 2014 годзе суд у Клімавічах, які праходзіў у закрытым рэжыме, прызнаў былую выхавальніцу дзіцячага дому сямейнага тыпу Ірыну Моцную вінаватай у злоўжываньні правамі апекуна і прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. Моцная сваёй віны не прызнала. Годам пазьней ёй скарацілі тэрмін да трох гадоў турмы. Праваабаронцы мяркуюць, што «калі Ірына пачала патрабаваць ад чыноўнікаў сапраўднай увагі і дапамогі яе дзецям, што трэба было паводле закону, пачаўся канфлікт», які і прывёў да зьняволеньня.

Прыёмная сям’я Моцных была створана ў 2002 годзе першай у Клімавіцкім раёне. На працягу дзесяці гадоў лічылася адной зь лепшых. Пасьля таго, як у маці-выхавальніцы забралі шасьцярых прыёмных дзяцей, сямейны дзіцячы дом быў расфармаваны. У чэрвені 2015 году былы прыёмны сын Моцнай Саша, які вучыўся ў радыётэхнічным каледжы і жыў у інтэрнаце, скончыў жыцьцё самагубствам.

Ільля Валавік і Зьміцер Цехановіч

Шасьцёра фанатаў футбольнага клюбу «Партызан» у 2017 годзе атрымалі ад 4 да 12 гадоў зьняволеньня за бойку ў тралейбусе з фанатамі «Тарпэда», якую яны называюць выпадковым канфліктам, а сьледчыя — «асабліва злосным хуліганствам з матываў варожасьці да іншай сацыяльнай групы».

Валавік, роля якога ў адміністраваньні суполкі антыфашыстаў апісваецца неадназначна, атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі. Ён заяўляў, што яму пагражалі крымінальнай справай на жонку, на той момант цяжарную.

Цехановіч распыліў у тралейбусе пярцовы газ з балёнчыка. Ён кажа, што «не асэнсоўваў рызыкі сваіх дзеяньняў, ня думаў, што гэта можа прывесьці да небясьпечных для грамадзтва дзеяньняў».

Дзьмітры Цехановіч у судовай зале (у цэнтры)
Дзьмітры Цехановіч у судовай зале (у цэнтры)

Частка праваабаронцаў ня бачыць у «справе антыфашыстаў» палітыкі: біцьцё шкла ў тралейбусе — гэта сапраўды злачынства. Але яшчэ частка праваабароонцаў лічыць, што «справа антыфашыстаў» была «рэанімаваная» ўладамі, каб сьцішыць актыўнасьць грамадзкіх актывістаў, у тым ліку футбольных фанатаў, якія выступалі супраць праяў фашызму сярод аматараў футболу. Самі беларускія антыфашысты пазьбягаюць кантактаў са СМІ і ўсялякай публічнасьці, імкнучыся захаваць ананімнасьць.

Зьлева - Ільля Валавік
Зьлева - Ільля Валавік

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG